Вы тут

Як вы ацэньваеце санітарны стан вашага жыллёвага фонду?


У цэлым, такое пытанне можна задаць любому, паколькі кожны чалавек звяртае ўвагу на чысціню ўласнага пад'езда, нават, выходзячы з раніцы на працу.


Старшыня Шаршунскага сельвыканкама Мінскага раёна Мікалай ПАНКЕВІЧ:

— Ставіць нейкую адзнаку, напрыклад, як раней у школе — ад 1 да 5, ці як зараз — ад 1 да 10, я б не стаў, паколькі тут такой класіфікацыі няма. Галоўнае, што хачу сказаць: работа вядзецца, а бягучы рамонт робіцца. Несумненна, пытанні ёсць, але ж яны ёсць заўсёды і ўсюды. Гэта стандартныя запыты, якія ў адзін час складана вырашыць, але займаецца імі менавіта ЖКГ. Людзі адразу ідуць менавіта ў гэту арганізацыю з той ці іншай праблемай, а не да мяне. А раз не звяртаюцца да старшыні, значыць праблемы вырашаюцца аператыўна. Было адно пытанне нядаўна: у старых цепласетках, якія не дзейнічаюць, утварылася прабоіна. Мая задача — звязацца з кіраўніцтвам спецыяльнай службы, якая павінна хутка вырашыць гэтую праблему.

Старшыня Верамейскага сельвыканкама Чэрыкаўскага раёна Ірына КРЫКСІНА:

— Здавальняюча ацэньваю, але хацелася б большую колькасць пляцовак, на якіх можна было б размясціць спецыяльныя кантэйнеры для паасобнага збору другаснай сыравіны. Падобных пляцовак не хапае не толькі па аграгарадку Верамейкі, але і па ўсім сельсавеце. У мяне 20 населеных пунктаў — і ў нас іх аб'язджае аўтамабіль або трактар, які ўсё збірае па графіку і да якога, дарэчы, пытанняў няма. Калі гэтая праблема будзе вырашана? Цяпер нам адказваюць, што кантэйнераў няма ў наяўнасці. Але з цягам часу паабяцалі ўсё зрабіць. Пытанне не забылася, нас пачулі, рэакцыя ёсць. Увогуле, аграгарадок Верамейкі быў пабудаваны ў 1980 гады, аднак у нас кожны год па плане рамантуюцца дахі, уцяпляюцца дамы і гэтак далей. Галоўнае, што ўсё робім своечасова.

Начальнік аддзела па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб камунальнага жыллёвага ўнітарнага прадпрыемства «Светач» (г. Светлагорск) Таццяна РУСАКОВА:

— Стан жыллёвага фонду я ацэньваю як здавальняючы. Ці ёсць да чаго імкнуцца? Напэўна. Апошнім часам зваротаў зусім мала — літаральна два за апошні год. Людзі прасілі, каб памылі вокны ў некаторых памяшканнях агульнага карыстання. А што датычыцца скаргаў, напрыклад, на якасць уборкі, то іх няма наогул. Вядома, заўсёды ёсць бягучыя пытанні, якія вырашаюцца на месцах, але для гэтага чалавеку не трэба адразу пісаць паперу. Звароты юрыдычных асоб? Яны ёсць, але толькі па пытаннях арэнды памяшканняў, якія мы здаём, а таксама па разліку за іх. Спачатку былі некаторыя пытанні з нагоды аплаты і перыядычнасці правядзення работ па санітарным абслугоўванні, але цяпер усё ў парадку.

Блогер, вэб-распрацоўшчык, спажывец паслуг ЖКГ Дзмітрый ВАЛАТКО (г. Мінск):

— Стан — здавальняючы, праблем па ўборцы канкрэтна ў мяне ў доме, а таксама ў сяброў я не назіраю. Але ёсць праблемы з мясцовымі жыхарамі. Многія ігнаруюць правілы і этычныя нормы: кураць у пад'ездах, спраўляюць патрэбу ў ліфтах, не выкідваюць смецце ў смеццеправод, а ставяць яго побач. Праблема, калі ўспомніць класіка, не ў клазетах, а ў галовах... У гэтым выпадку камунальнікі робяць многае. Так, ёсць нейкія дробныя пытанні, зімой хочацца, каб прыбіралі часцей, а вокны ў пад'ездах мылі больш старанна. Але гэта не з'яўляецца асноўнай праблемай, паколькі чыста не там, дзе мыюць, а там, дзе не смецяць. Ці ёсць сэнс змагацца? Ёсць, але я не ведаю ніводнага дзейснага спосабу, як праводзіць гэтую барацьбу. Нават калі я злаўлю курца за руку, то не факт, што ён атрымае штраф. Калі я злаўлю чалавека, які спраўляе патрэбу ў ліфце, то як я дакажу гэты факт?  Зона адказнасці перад суседзямі чамусьці заканчваецца дзвярыма ўласнай кватэры.

Як гэта перамагчы — пытанне філасофскае. Адразу рашэнняў назваць не магу. Ёсць агульныя рэчы, напрыклад, падымаць культуру насельніцтва. Але менавіта заўтра гэта вырашыць нерэальна. Ці дапаможа відэаназіранне? Яго трэба рабіць максімальна антывандальным — каб камеру нельга было фізічна адкруціць, каб яе можна было лёгка ачысціць ад фарбы. Дарэчы, добрае рашэнне прыдумалі ў Маскве — камеру ў пад'ездзе ўстанаўліваюць у спецыяльным паглыбленні — так, каб яе нельга было пашкодзіць. І колькасць моладзі, якая збіраецца там, рэзка знізілася. Ад такога відэаназірання ў Мінску я б не адмовіўся, бо гэта не так дорага.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.