Вы тут

Жыхары ваеннага гарадка Сосны незадаволеныя раскладам руху аўтобусаў


Лепш кепска ехаць, чым добра ісці, сведчыць народная прымаўка. З гэтым катэгарычна не згодны жыхары ваеннага гарадка Сосны, што зусім недалёка ад сталіцы. Расклад руху аўтобусаў паміж ім і аднайменным пасёлкам разуменню паддаецца з цяжкасцю. Гэта прызнаюць нават спецыялісты. Насельнікі пасёлка Сосны дабіраюцца ад метро да дому за 20 хвілін, а тыя, хто з гарадка Сосны, — за 30—40, хоць паміж «цёзкамі» ўсяго 1,5 кіламетра. Усё таму, што канцавы прыпынак «Сосны» ў аўтобуса зроблены менавіта ў пасёлку. Даязджаючы туды, транспарт стаіць яшчэ дзесяць хвілін. І пасажыры, якія жывуць у ваенным гарадку (куды аўтобус пойдзе пасля гэтага), вымушаны чакаць у салоне.


Восем маршрутаў на дзве вуліцы

«Чаму канцавы прыпынак зрабілі менавіта ў пасёлку, і навошта аўтобус увогуле стаіць там? Людзі ж і ў гарадку жывуць. Выседзець столькі ў салоне з двума маленькімі дзецьмі досыць цяжка, ды і часу колькі марнуецца. Пасажыры, што выходзяць у пасёлку, ужо вячэраць сядаюць, а мы ўсё дадому едзем. Няхай аўтобус адстойваецца гэтыя 10 хвілін у нас у гарадку, калі ўсе жыхары з горада прыедуць, а не толькі тыя, што ў пасёлку!» Такую скаргу-прапанову рэдакцыя атрымала ад Марыі КАЛЕЙНІК, жыхаркі ваеннага гарадка Сосны. Разабрацца ў хітрым раскладзе руху карэспандэнт «Звязды» папрасіла дапамагчы Аляксея КАСІНСКАГА, намесніка начальніка аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак ДУ «Сталічны транпарт і сувязь».

Рух, арганізаваны па дзвюх вуліцах: Паўлоўскага — у ваенным гарадку і Красіна — у пасёлку, сапраўды складаны. Транспарт тут ходзіць па васьмі маршрутах: 110, 160, 161, 168, 110а, 160а, 161а, 168а. Аўтобусы без літары заязджаюць спачатку на Паўлоўскага, а потым на Красіна і ходзяць з раніцы да 14:30. А з літарай «а» — курсіруюць пасля абеду і з Мінска ідуць адразу на Красіна, а пасля на Паўлоўскага. Канцавыя ж прыпынкі, якія адначасова з'яўляюцца і разваротнымі кольцамі, у іх розныя. У 160-га — «Інстытут фізікі», у 168-га — «Трайпл», у 110-га — «Сосны», у 161-га — палігон «Трасцянецкі». Пры гэтым на канцавым прыпынку «Сосны» ў пасёлку аўтобус стаіць днём 8 хвілін перад адпраўкай на Мінск, а вечарам у гадзіны пік — столькі ж, перш чым рушыць у гарадок.

Прычына стаяння, аказваецца, не адпачынак шафёра ці адстойванне транспарту. Вадзіцель проста чакае, пакуль у ваенны гарадок паедзе папярэдні аўтобус.

— На канцавы прыпынак «Сосны» аўтобус 110 прыязджае прыкладна ў той час, калі 160-ы ўжо развярнуўся на «Інстытуце фізікі» (гэты прыпынак яшчэ на кіламетр далей углыб лесу) і кіруецца ў ваенны гарадок. Калі 110-ы не будзе стаяць, то ў гарадок прыйдуць адначасова два аўтобусы, а час прыбыцця наступнага рэйса адразу павялічыцца на 10 хвілін. У выніку атрымаецца правал у графіку руху паміж аўтобусамі ледзьве не ў паўгадзіны, — растлумачыў Аляксей Касінскі. — Каб гэтага не здарылася, аўтобус і стаіць на канцавым у Соснах, а паміж рэйсамі захоўваецца інтэрвал прыкладна ў 15 хвілін.

Зменіш аднаго — пасыплюцца ўсе

Што зрабіць, каб транспарт не стаяў на канцавым прыпынку? Адзіны спосаб — пусціць удвая больш аўтобусаў і здрабніць маршруты, лічыць спецыяліст:

— Цяпер на Красіна і Паўлоўскага аптымальна працуе сем машын. Каб жыхарам гарадка і пасёлка не прыходзілася чакаць і ездзіць кругамі, трэба арганізаваць прамыя маршруты. З Мінска на Паўлоўскага, з Мінска на Красіна, рэйс непасрэдна паміж Красіна і Паўлоўскага, а таксама прамыя на «Трайпл», інстытут і палігон. Для гэтага спатрэбіцца не менш за 15 машын. Аднак інтэрвал паміж найбліжэйшымі аўтобусамі на кожным маршруце будзе тады не 10 хвілін, а 20, а днём яшчэ больш.

— Чаму нельга, каб аўтобус стаяў 10 хвілін не ў Соснах, а ў ваенным гарадку? — цікаўлюся ад імя чытачкі.

— Тады будуць незадаволены тыя, хто збіраўся ехаць у Мінск, і вымушаны 10 хвілін чакаць на Паўлоўскага. Акрамя таго, 110-ы і 160-ы апынуцца разам у гарадку, і людзі пачнуць блытацца, хто з іх едзе цяпер, а хто пастаіць. Паверце, ніхто не будзе глядзець на лічбы-літары. Паміж Паўлоўскага і Красіна вілачная схема руху, і яе ніяк не змяніць. Або адны будуць пакутаваць, або іншыя.

— Чаму тады не змяніць расклад руху аўтобусаў, каб пасажыры маглі выйсці на прыпынку «Універсам», што перад канцавым «Сосны» і паспелі перабегчы са 110-га, які будзе 10 хвілін стаяць на канцавым, у 160-ы, які ўжо едзе з Інстытута фізікі?

— Тэарэтычна гэта магчыма. Аднак усе рэйсы і час руху жорстка прывязаны да працоўнага графіка Інстытута фізікі, «Трайпла» і смеццевага палігона. Іх мы не можам ссунуць ні на хвіліну. Можна паспрабаваць змяніць толькі расклад 110-га, але праблема ў тым, што маршрут кожнага аўтобуса на працягу дня мяняецца. Уявім, што мы адправім 110-ы з дыспетчарскай станцыі «Аўтазаводская» на 5 хвілін пазней. Ён не будзе стаяць 10 хвілін у Соснах. Аднак, высадзіўшы людзей у гарадку, яму адразу прыйдзецца весці пасажыраў на Інстытут фізікі і перапраграмоўваць сваё табло на 160-ы нумар. А што, калі не паспее? Варта нам зрабіць хоць бы адзін маршрут на 5 хвілін пазней, як «пасыплецца» графік іншых аўтобусаў. Яны таксама пойдуць пазней, і ў выніку мы ўсё роўна сутыкнёмся з тым, што рэйс 110-га супадзе з рэйсам 160-га, які мы ссунуць не можам. Акрамя таго, атрымаецца рваны інтэрвал руху пры ад'ездзе аўтобусаў ад метро: то 10 хвілін будзе паміж імі, то 20 замест цяперашніх 15.

Два талоны на адну паездку

Акрамя 10-хвіліннага чакання, у жыхароў Соснаў існуюць таксама пытанні з сістэмай аплаты праезду. Калі аўтобус прыязджае на канцавы прыпынак, сістэма валідатараў аўтаматычна абнуляе паказчыкі, і атрымліваецца, што далей, да гарадка, чалавек ужо едзе «зайцам». Нават калі ён не выходзіў з аўтобуса, павінен аплаціць праезд нанова. Такіх маршрутаў, якія не маюць канцавога прыпынку, а едуць назад праз разваротны круг, па горадзе каля 70.

Транспартнікі ведаюць гэтую праблему, аднак перарабіць маршруты можна не ўсюды, вось як у Соснах, напрыклад. Кантралёры ў гэтым выпадку таксама праяўляюць памяркоўнасць. Тым больш што яны могуць паглядзець на сваім тэрмінале, калі чалавек аплаціў праезд. Аднак сістэма ўсё роўна будзе сцвярджаць, што ты безбілетнік.

— Лепш чым цяпер, у Соснах фактычна ўжо не зробіш. Можа стаць толькі горш, — лічыць Аляксей Касінскі. — Каля смеццевага палігона, што за ваенным гарадком, неўзабаве пачнуць будаваць могілкі. І праз вуліцу Паўлоўскага спачатку пойдзе будаўнічая тэхніка, пасля — пахавальныя працэсіі. Затое з'явіцца, пэўна, дадатковы маршрут ад станцыі метро «Магілёўская» да могілак. Ён якраз будзе напрамую ісці адразу ў гарадок, а не ў пасёлак.

Такі вось вынік. Змяніць нічога нельга, але яшчэ год-два пачакаць — і можна будзе адразу ездзіць прамым рэйсам на могілкі.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, транспартнікі паведамілі, што зноў перагледзелі расклад. Яны паабяцалі, што хоць поўнасцю стаянку не адменяць, але літаральна на днях зменшаць яе час з 8 хвілін да 6.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: Праблемны прыпынак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».