Вы тут

Зорныя войны: Легендаскладанне працягваецца


Кайла Рэн — не хто-небудзь, а ўнук Дарта Вейдэра — з лютасцю разбівае сваю металічную маску, і мы разумеем, што восьмы эпізод «Зорных войнаў» — гэта ўжо зусім іншае кіно. На шчасце, не настолькі радыкальна іншае, як магло б быць, але «Зорныя войны: Эпізод VІІІ — Апошнія джэдаі» захоўвае належны баланс паміж спадчынай Джорджа Лукаса і лагічнымі ў развіцці сагі новаўвядзеннямі, паміж магістрам Ёдам і хлопчыкам-рабом, у якога ёсць Сіла. Калі справай першых эпізодаў было стварэнне, праз церніі, неверагоднага свету, то сучаснасць, хоць і адзначаная нажываннем на легендарных гісторыях, здолела даць гэтаму свету развіццё. У кінапракат выйшаў восьмы эпізод кінасагі «Зорныя войны» пад меткай «Апошнія джэдаі», а мы глядзелі яго і не маглі адарвацца. І каб надзея жыла, скажу: джэдаі тут не апошнія.


Ёсць сусветны кінематограф, а ёсць «Зорныя войны». Трэба аддаць належнае Джорджу Лукасу: у свой час ён ішоў за сваёй ідэяй праз неразуменне і няўпэўненасць астатніх датычных да праекта, а сёння мы можам сказаць, што гісторыя візуальнага мастацтва была б без яго непаўнавартасная.

Ужо другі эпізод сагі здымае не Джордж Лукас: у «Апошніх джэдаях» ён з'яўляецца суаўтарам сцэнарыя, а рэжысёрам становіцца Раян Джонсан. З джэдаяў застаўся толькі сын Вейдэра Люк Скайуокер, які вядзе самотнае жыццё і трымаецца далёка ад барацьбы Супраціўлення на чале з прынцэсай Леяй супраць Першага Ордэна — імперыі Цёмнай Сілы. Высокую пазіцыю ў Першым Ордэне, якім кіруе нейкі ўладальнік неверагодных здольнасцяў Сноук, займае нарэшце Кайла Рэн, той самы, што выкінуў маску, якая хочаш не хочаш адсылала да яго дзеда Дарта Вейдэра. Кайла Рэн у сваю чаргу адчувае повязь з другой галоўнай гераіняй — Рэй, дзяўчынай без роду без племені, якая тым не менш адчувае ўнутры сябе Сілу і вучыцца ёй кіраваць. У тым ліку дзеля парачкі ўрокаў яна знаходзіць Люка Скайуокера і просіць яго дапамагчы Супраціўленню, ад чаго ён, прыгнечаны нейкім трагічным мінулым, адмаўляецца.

Канешне, сучаснасць забяспечыла здымачную групу больш спрыяльнымі ўмовамі для стварэння зорных войнаў — спецэфекты, у тым ліку камп'ютарная графіка, бюджэты і гарантаваная цікавасць з боку публікі маглі звесці фільм да ўзроўню спекуляцыі і асартыменту неверагодных трукаў. Што было б недаравальнай памылкай. Але «Апошнія джэдаі» захавалі баланс і ў гэтым — удалая драматургія адпавядае запросам шырокіх мас, але апроч гэтага дае прастор для развіцця персанажаў, замяняе Вейдэра не менш захапляльнымі элементамі, надзяляе звышнатуральнымі здольнасцямі простых людзей з бедных сем'яў.

Новы фільм перафарміруе сусвет Джорджа Лукаса, і хоць часам ён ігнаруе неабходнасць тлумачэнняў альбо халтурыць на непраўдападобнасці, новыя «Зорныя войны» паварочваюцца і да гледача з прэтэнзіяй таксама. Сюжэт, канешне, выкарыстоўвае дастаткова галівудскіх штампаў: прыгнечаны пачуццём віны герой, падпольная дзейнасць некалькіх радавых людзей, што прыдумалі, як вывесці Супраціўленне з безнадзейнага становішча, выратаванне ў апошні момант і гэтак далей. Але ўсё гэта становіцца ў незвычайны кантэкст і аказваецца надзвычайным фільмам. Бо ў выніку пустэльнік Скайуокер з'яўляецца ў проста фантастычным па эмоцыях эпізодзе змагання са сваім вучнем Кайла Рэнам. Дзеянні радавых герояў, што хацелі выратаваць карабель, прывялі да найгоршага выніку, а гэта ўжо не адпавядае шаблону. Выратаванне ў апошні момант — ну, гэта бессмяротны эфект.

Нельга не адзначыць, што Адам Драйвер у ролі Кайла Рэна дасць фору самому Вейдэру, і мы зноў трапляем у гэтую пастку — не можам адарвацца ад змаганняў Цёмнага боку Сілы са Светлым, і Цёмны нам можа падабацца больш, але толькі з-за гэтага знаходжання на мяжы. «Зорныя войны» перасталі быць сусветам прынцэс і Скайуокераў: аказалася, што джэдаем можа стаць звычайная дзяўчына, якую бацькі прадалі за грошы. А гэта не толькі дэмакратызуе свет Джорджа Лукаса, але і дае гледачу тую самую Надзею, якая яшчэ тлее ў Галактыцы.

Восьмы эпізод «Зорных войнаў» адназначна становіцца ў адзін рад з шасцю эпізодамі самога Джорджа Лукаса. Легендаскладанне працягваецца, і ў яго вельмі прыемна паглыбляцца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».