Вы тут

Vurаj: ад фальклору да фолка


«Зрабі гучней!» — ці не так рэагуюць на любімую музыку? Звыклы рок, знаёмая папса, часам рэп — звычайны набор у аўдыязапісах, пад які і на канцэрце адцягнешся, і ў дарозе час прабавіш. Тое, што ў спіс мы дадаём фолк, для некаторых, магчыма, стане нечаканасцю, але не зрабіць гэта было б вялікай памылкай.

Vurаj — беларускі фолк-гурт, што ламае стэрэатыпы: выступіць на адной сцэне са славутымі Thrее Dауs Grасе ды Kаsаbіаn для іх не пытанне,  ды і шматлікія міжнародныя фестывалі ўжо даўно — звычайная справа. Іх праграма — той самы выпадак, калі ўсё адбываецца настолькі драйвова, што проста стаяць і слухаць не атрымліваецца, танцаваць — іншая справа. Мы пагутарылі з лідарам гурта Сяргеем ДОЎГУШАВЫМ і пераканаліся: фолк — гэта сучасна, а галоўнае — цікава.


— Як узнікла ідэя стварыць менавіта фолк-гурт?

— Спачатку мы паспрабавалі зрабіць тэатральную пастаноўку, збольшага папрацаваць з беларускім фальклорам. Першай кампазіцыяй стала «Русальная», была і ўлюбёная песня Рыгора Барадуліна «Ой, ляцела шэра перапёлка». Неяк пайшло далей, зацягнула, стварыўся гурт Vurаj.

— Фолк — асаблівы
кірунак музыкі, можна сказаць, на аматара, але ён збірае вялікую аўдыторыю. На ваш погляд, з чым тое звязана?

— Найперш, гэта фальклор у новым, сучасным выглядзе. Гэта цікава, вельмі самабытна і мае свой фундамент, сваё зерне. Напрыклад, для ўсіх важна тое, што зроблена на аснове гісторыі роднага месца: народная музыка і найгрышы, песні, што нарадзіліся на той зямлі. Гэта ў свядомасці неяк адразу знаходзіць водгук. Калі мы выконваем песні і людзі чуюць цікавыя рытм ці мелодыі, то адразу рэагуюць на іх.

— А ці існуюць нейкія адрозненні паміж замежнымі слухачамі і беларускімі ва ўспрыманні нашай фолк-музыкі?

— Усё ж такі ў нас не толькі моўная аснова, на першым месцы — уласна музыка. Тое, што мы хочам данесці, мы кажам мелодыяй. Трэба граць — і людзі зразумеюць.

— Фестываль Аtlаs Wееkеnd — напэўна, значнае дасягненне для музыкаў: выступаць з такімі вядомымі гуртамі, як Thе Рrоdіgу, Kаsаbіаn, Brаіnstоrm, Thrее Dауs Grасе і іншымі. Асабіста для вас гэта вяршыня ці яшчэ ёсць куды расці?

— Развівацца трэба заўсёды. Для нас гэта найперш досвед, вельмі добрая практыка. Мы працуем на якаснай апаратуры, з добрымі гукарэжысёрамі, асвятляльнікамі, арганізатарамі. Адразу відаць узровень. Мне хочацца такое перанесці і ў нашу краіну як прыклад, што могуць быць падобныя фестывалі. А мы... Выступілі, пазнаёміліся з вядомымі калектывамі, убачылі рэакцыю людзей, зрабілі высновы. Ідзем далей!

— Калі існуе некалькі фолк-калектываў, напэўна, трэба, каб у кожнага гурта былі адметнасці, што вылучалі б яго сярод іншых.
У чым адметнасць Vurаj?

— Пра гэта больш правільна было б казаць найперш слухачам і гледачам. Адметнасць? Мы такія адны. У Славакіі нам сказалі, што мы не падобныя ні да кога. Не сыходзім са сцэны шэсць гадоў, ствараем песні на аснове беларускай народнай творчасці. Не перарабляем, а натхняемся і робім нешта новае, сваё. У нас ёсць такі прынцып: знаёмімся з нечым, прапускаем праз сябе і ўжо потым ствараем уласнае.

— Вы збіраеце народныя песні па розных куточках Беларусі. Магчыма, існуе нейкае месца, фальклор адкуль вам найбольш цікавы?

— Так, усё, што выконвае Vurаj, — гэта песні, якія мы знайшлі ў экспедыцыях. Усе яны з розных рэгіёнаў. Два асноўныя «пастаўшчыкі» для нашай праграмы — поўнач Беларусі, Віцебшчына, і поўдзень, Палессе. За чатыры гады экспедыцый мы назбіралі шмат песень, вось яны і з'яўляюцца нашым асноўным творчым
матэрыялам.

Таццяна АШУРКЕВІЧ, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».