Вы тут

«Дазволена да выканання»


 Юбілей Акадэміі музыкі адзначаюць з Купалам ды Коласам 

Да 85-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Повязь мастацтваў». Назва сведчыць пра сувязь музыкі і літаратуры, бо выданне прымеркаванае яшчэ і да святкаванняў юбілеяў класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пра тое, як сумясціць факсіміле рукапісаў кампазітараў і творы беларускіх пісьменнікаў, распавяла загадчыца нотнанавуковай бібліятэкі Акадэміі музыкі, адна з укладальнікаў кнігі Ганна Гамеза.


— Пасля святкавання папярэдняга юбілею Акадэміі музыкі ўзнікла ідэя падрыхтаваць эталоннае выданне, якое б паказала, што за багацці мы захоўваем у фондзе бібліятэкі. Асаблівую каштоўнасць маюць рукапісы беларускіх кампазітараў. У свой час Міністэрства культуры перадало нам рукапісны фонд Беларускага саюза кампазітараў, і мы займаліся яго апрацоўкай ды апісаннем. Але пра гэтыя дакументы ведае абмежаванае кола людзей, і нам захацелася папулярызаваць іх праз адмысловую кнігу. Доўга разважалі над тым, як лепш арганізаваць выданне: рукапісаў і творцаў шмат, прадстаўленыя розныя жанры... Сёлета так супала, што юбілей не толькі ў Акадэміі музыкі, але і ў Янкі Купалы ды Якуба Коласа. Таму вырашылі абмежаваць тэматыку: узялі камерныя вакальныя творы беларускіх кампазітараў на вершы юбіляраў. І менавіта аўтографы — аўтарскія рукапісы, якія кампазітар пісаў уласнай рукой. Пры адборы аўтараў мы не глядзелі на папулярнасць і заслугі кампазітара, таму ў выданні ёсць імёны, пра якія ведаюць мала.

Кніга стваралася для ўсіх, каму цікавыя беларуская культура, музыка, паэзія. Яна прыцягне ўвагу кожнага карыстальніка бібліятэкі: і музыказнаўцы, і літаратара. Галоўнае — нашы студэнты атрымалі магчымасць убачыць, як кампазітары пісалі музыку раней, калі не ўсё рабілася на камп’ютарах пры дапамозе спецыяльных праграм. Тут кожная нотка выпісаная ад рукі, і да таго ж можна адкрыць любы аркуш і пачаць іграць. У кнізе сабраныя рукапісы, створаныя пасля вайны і да 1970-х гадоў (але самы стары рукапіс, прадстаўлены ў нашай падборцы, датаваны 1935 годам). Азначана цэлая эпоха! Здаецца, вайна, разбурэнне, цяжкі час, а песні з’яўляліся не толькі патрыятычныя, але і пра каханне.

У кнізе прадстаўлены не толькі факсіміле рукапісаў, але і кароткая інфармацыя пра кампазітараў, чые аўтографы ўключаны ў зборнік. Не забыліся і на пісьменнікаў-юбіляраў: асобна прадстаўленыя і Янка Купала ды Якуб Колас. Змясцілі інфармацыю нават пра асноўныя штампы, якія можна сустрэць на рукапісах, і пра арганізацыі, што іх ставілі. Прыкладам, штамп «Дазволена да выканання» нагадвае пра тое, што кожны рукапіс праходзіў цэнзуру. Асобна падаецца пералік інцыпітаў — пачатковых радкоў песен, пры дапамозе якіх можна знайсці патрэбны тэкст, нават калі не ведаеш яго назву. Рукапісы былі ў добрым стане, таму пададзеныя ў першапачатковым выглядзе. Факсіміле на старонках стаяць у «поўны рост»: адзін твор кампазітара Аладава нават не ўвайшоў у зборнік з-за вялікага фармату.

Не абышлося і без складанасцяў. Прыкладам, калі кампазітар ужо пакінуў гэты свет, высветліць, аўтарскі рукапіс перад намі ці не, зусім няпроста. Давялося звяртацца ў архіў і праглядаць шмат іншых рукапісных дакументаў, каб параўнаць почырк. Недзе ўдакладнялі гады жыцця і смерці творцы, бо інфармацыя ў даведніках адрознівалася ад архіўных звестак. З датаваннем рукапісаў таксама было складана: калі вялікія творы падпісваюць па ўсіх правілах, то камерныя звычайна без даты. На шчасце, творцы давалі справаздачу ў Саюз кампазітараў Беларусі, дзе пазначалі, што і калі зрабілі...

Кнігу выпусцілі на трох мовах — беларускай, рускай ды англійскай, бо «Повязь мастацтваў» мае на мэце папулярызаваць Акадэмію музыкі, яе фонды ды беларускую музыку ўвогуле.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.