Вы тут

Якія ёлкі выбіраюць беларускія «зоркі»


Штучную ці жывую ёлку выбраць – не такое і простае пытанне. Жывая – гэта найперш хвойны водар, але і стаіць яна нядоўга. Пры вытворчасці штучнай ёлкі выкарыстоўваецца шкодная сыравіна, і каштуе яна значна даражэй за натуральную. Мы пагутарылі з вядомымі людзьмі, і аказалася, што яны аддаюць перавагу штучным ёлкам. Выбар "зорак" пракаментавалі эксперты.


Елкі ў кадках жывуць і пасля свята

– У нас традыцыйна дзве ёлкі, – кажа спявак Іван ВАБІШЧЭВІЧ. – Штучныя мы мяняем недзе праз тры гады. Спачатку была зялёная, потым – сасна, затым – чорная ёлка, а ў мінулым годзе набылі фіялетавую. Вось яна вельмі падабаецца нашай шасцігадовай дачцэ Міраславе. Штучныя ёлкі прывабліваюць якраз тым, што цяпер іх шмат розных, і візуальна яны падобныя да натуральных, калі, зразумела, не фіялетавыя:). Тут толькі ўзнікае пытанне з утылізацыяй, але мы даўно сартуем смецце.

А яшчэ кожны год мы набываем жывую елку ў кадцы. Я лічу, што без паху хвоі Новы год нейкі несапраўдны. Потым гэту елачку мы высаджваем каля дома. Дрэўцы ў кадках зручныя тым, што з іх не сыплюцца іголкі, яны звычайна прыгожай формы і галоўнае – жывуць даўжэй.

Штучная ёлка – доўгатэрміновы набытак

– Некалькі гадоў набывалі елкі ў кадках, – распавядае саліст Вялікага тэатра Беларусі Ілля СІЛЬЧУКОЎ. – Мы ведаем, што такое дрэва нельга ўзімку выносіць на вуліцу, таму да вясны трымалі на лоджыі, потым знаходзілі для яго "месца жыхарства".

Не першы год ідзе будаўніцтва нашага лецішча, і на ўчастку некалькі елак вырасла самасевам. Адну мы пакінулі, каб потым яе прыбіраць да Новага года. Дзве елкі з участка я ссек, і гэта быў вымушаны крок, бо самасевам жа дрэвы растуць не ў самых зручных месцах. Зразумела, што высечка была прымеркавана да Новага года.

Цяпер мы вырашылі, што ў кадцы жывому дрэву не надта зручна, і ўвогуле, трэба берагчы прыроду, таму купілі прыгожую штучную ёлку. Выбар такіх ёлак вялікі, таму трэба глядзець не толькі на знешні выгляд, які, бывае, і ад жывой елкі не адрозніць, але і з якіх матэрыялаў яна зроблена. Добрая ёлка нятанна каштуе, але ж яе ўпрыгожваюць дзеці, таму яна павінна быць бяспечнай. Ды і хапае яе, як мінімум, гадоў на 10-15. Але шчыра скажу: мне больш падабаецца натуральнае дрэва з тонкім хваёвым пахам.

Штучная ёлка і жывыя лапкі

– Цяпер у нас штучная ёлка, і яна даволі вялікая. Раней, у маладосці, ставілі толькі натуральную, а потым неяк у адзін момант перастроіліся, – кажа знакамітая беларуская велагоншчыца, васьмікратная чэмпіёнка свету Наталля ЦЫЛІНСКАЯ. – Можа, таму так адбылося, што патрабуецца нямала часу, каб выбраць прыгожую жывую елку. А штучную купіў адзін раз, і калі яна добрай якасці, то яе хопіць на шмат гадоў. Ды і прыроду трэба пашкадаваць – жывыя елкі няхай растуць. Дарэчы, мы жывем у загарадным доме, там спецыяльна высадзілі на ўчастку елку і кожны раз упрыгожваем яе да Навагодніх святаў. Маёй старэйшай дачцэ Машы 20 гадоў, і яна разам з сямігадовай Аняй і пяцігадовай Кацяй прыбіраюць ёлку. Сёлета ўжо і Міша, якому два з паловай гады, будзе дапамагаць дзяўчатам. Час ад часу мы купляем яловыя лапкі, каб у доме быў сапраўдны навагодні водар.


Меркаванне экспертаў

Самае лепшае – жывая ёлка

– Елкі да Новага года вырошчваюць на спецыяльных плантацыях. Гэта могуць быць звычайныя дрэвы ці дэкаратыўныя, напрыклад, блакітная елка. Бліжэй да Навагодніх святаў ажыццяўляюцца планавыя высечкі пры расчыстцы лесу, на лініях электраперадач, і гэтыя елкі таксама паступаюць у продаж. Але зразумела, што дрэўцы з плантацый больш прыгожыя, у іх добра сфарміравана крона, – тлумачыць Фелікс Коркуц, дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы "Акцябрскі лясгас". – Што тычыцца елак у кадках, то гэта, так бы мовіць, набытак на адзін раз. Елка не зможа некалькі гадоў жыць у кадцы, бо разрастаецца каранёвая сістэма, і ёй будзе некамфортна. Елкі ў кадках таксама вырошчваюць у гадавальніку, затым з вуліцы заносяць у кватэру, і такі перапад тэмператур – стрэс для дрэва. Правільна рабіў Ілля Сільчукоў, калі трымаў дрэўца на лоджыі і толькі вясной высаджваў на сталае месца. Пры гэтым трэба адпаведным чынам падрыхтаваць глебу, а пакуль елка на лоджыі – падкормліваць яе.

Асабіста я лічу, што самае лепшае – жывая ёлка. Між тым упэўнены, што няма вялікай неабходнасці ставіць менавіта дрэва. Дастаткова букету з лапак – яны напоўняць памяшканне хвойным пахам. Лапкі можна набыць на ёлачных базарах. Там нават бываюць вялікія галінкі з шышкамі. Некалькі гадоў таму мы набылі прыгожую і якасную штучную ёлку, і яшчэ абавязкова ўпрыгожваем букет з яловых лапак.

Сам сабе дызайнер

– Думаю, мой каментар здзівіць, але з пункту гледжання экалогіі лепш натуральная ёлка, – кажа Дар'я Чумакова, намеснік дырэктара "Цэнтра экалагічных рашэнняў" па праграмнай дзейнасці, кіраўнік праграмы па экалагічна дружалюбнаму ладу жыцця. – І вось чаму: пры вытворчасці штучных ёлак выкарыстоўваюць полівінілхларыд, які падчас эксплуатацыі выдзяляе шкодныя рэчывы. Потым і перапрацаваць гэту ёлку не атрымаецца, бо такі пластык не адзін дзясятак гадоў будзе раскладацца. Штучную ёлку ёсць сэнс купляць толькі тады, калі вы ўпэўнены, што яна праслужыць больш за 20 гадоў. Жывую елку пажадана купляць маладую – гадоў трох. Яшчэ лепш набыць яловыя лапкі – гэтага дастаткова, каб у пакоі трымаўся пах хвоі. Новы год – добрая нагода пакрэатывіць і самастойна зрабіць дызайнерскую ёлку з экалагічна чыстых матэрыялаў: прастора для творчасці не мае ніякіх межаў!

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.

Грамадства

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Якія сацыяльныя ініцыятывы беларусаў атрымалі прызнанне на Sосіаl Wееkеnd

Прыз сімпатый гледачоў заваявала ініцыятыва «Школа бацькоўства».

Грамадства

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Гісторыя дзяўчыны, якая перамагла анарэксію

Здараецца, што ў пагоні за прыгожай фігурай некаторыя дзяўчаты зусім перастаюць есці.

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.