22 Верасень, субота

Вы тут

Урад адказаў на пытанні парламентарыяў


У адпаведнасці з Канстытуцыяй штомесяц прадстаўнікі ўрада прыходзяць на сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і адказваюць на пытанні парламентарыяў. Учора тэмай такога пасяджэння сталі прамысловасць і энергетыка, з агульным дакладам выступіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка.


— Гэты год з'яўляецца пераломным у плане выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2016—2020 гадах. Нам удалося на працягу года змяніць сітуацыю, і можна сказаць, што паступальны рух будзе працягнуты па выкананні ўсіх нашых планаў, — запэўніў віцэ-прэм'ер.

За 10 месяцаў года ВУП дэманструе ўстойлівы рост — 102% да мінулагодняга аналагічнага перыяду. А па выніках 11 месяцаў — 102,2%. Асноўны ўклад у фарміраванне ВУП сёлета ўнесла прамысловасць. Па-ранейшаму лакаматыў нашай эканомікі — прамысловы комплекс. Яго ўнёсак, як звярнуў увагу Уладзімір Сямашка, значна больш высокі, чым усіх астатніх валаўтваральных галін эканомікі. Так, за дзесяць месяцаў 2017 года рост прамысловай вытворчасці дасягнуў 106,2%, а за 11 — 106,3%.

— Гэта высокі паказчык у параўнанні з нашымі суседзямі, — канстатаваў намеснік прэм'ер-міністра. — Па выніках студзеня — кастрычніка ў Расіі індэкс прамысловай вытворчасці склаў 101,6%, ва Украіне — 99,8%.

Рост вытворчасці адзначаецца ў большасці галін прамысловасці: у 11 з 13. З найбольшай аддачай спрацавалі мадэрнізаваныя сферы, якія працуюць на айчыннай сыравіннай базе. Перш за ўсё гэта дрэваапрацоўка (119,4% за студзень — кастрычнік гэтага года), цэлюлозна-папяровая прамысловасць (105,9%), лёгкая прамысловасць (106,8%), вытворчасць будматэрыялаў (106%). Істотна прырасло машынабудаванне — 124,6% па выніках дзесяці месяцаў гэтага года.

Паказальна, што сёлета ў нас запрацавала адразу некалькі новых прамысловых прадпрыемстваў. Самы буйны праект у дрэваапрацоўчай галіне — вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску. У гэтым месяцы на заводзе атрымалі першую прадукцыю.

— У адпаведнасці з кантрактам мы на працягу двух месяцаў павінны выйсці на не менш як 75-працэнтную праектную магутнасць, — паведаміў намеснік прэм'ер-міністра. — З уводам гэтага прадпрыемства мы цалкам закрываем патрэбнасць у сульфатнай беленай цэлюлозе і віскознай цэлюлозе, якая з'яўляецца асновай для нашага беларускага штучнага шоўку.

Прыкладна месяц таму з канвеера сышоў першы аўтамабіль на заводзе «БелДжы». Плануецца, што ў наступным годзе на заводзе будзе выраблена 25 тысяч аўто.

Уладзімір Сямашка таксама адказаў на пытанні парламентарыяў.

Таццяна Старынская, дэпутат ад Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі №17 звярнулася да віцэ-прэм'ера з праблемай выбаршчыкаў яе акругі. Пытанне звязана з нявыплатай заработнай платы работнікам аднаго з прадпрыемстваў-банкротаў.

Уладзімір Сямашка расказаў, што над пытаннем ідзе работа, гэту задачу павінны вырашыць да канца года.

Валерый Курсевіч, дэпутат ад Аўтазаводскай выбарчай акругі №92 спытаў пра супрацоўніцтва з Украінай. Ён звярнуў увагу, што Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў першым чытанні законапраект, накіраваны на падтрымку ўкраінскага вытворцы, адпаведна, парламентарый турбуецца, ці не знізіцца ў сувязі з гэтым айчынны экспарт ва Украіну.

Уладзімір Сямашка нагадаў, што ён з 2003 года з'яўляецца сустаршынёй Беларуска-Украінскай гандлёва-эканамічнай камісіі. Наш таваразварот з гэтай дзяржавай у найлепшыя гады дасягаў амаль 8 млрд долараў. Па выніках 2017 года мы нагандлюем прыкладна на шэсць мільярдаў, што таксама нядрэнна, калі ўлічыць сітуацыю, у якой зараз знаходзіцца Украіна. Уладзімір Сямашка адзначыў, што наўрад ці ў нашага вытворцы ўзнікнуць праблемы з экспартам да паўднёвых суседзяў, наадварот, патрэба ў беларускіх таварах можа вырасці. Тым не менш ён паабяцаў звярнуць увагу на нядаўна прыняты Вярхоўнай Радай дакумент.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Прамысловасць — па-ранейшаму лакаматыў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.