Вы тут

Выступ Уладзіміра Андрэйчанкі на закрыцці сесіі Нацыянальнага сходу


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У. П. на закрыцці трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Парадак дня вычарпаны — разгледжана больш за 60 законапраектаў, прыняты да ведама пяць дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя намаганні дэпутацкага корпуса ў гэты перыяд былі сканцэнтраваны на прававым забеспячэнні стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця, умацаванні суверэнітэту, умацаванні пазіцый дзяржавы на міжнароднай арэне і стварэнні надзейных умоў для павышэння дабрабыту нашых грамадзян.

Важнейшым вынікам сесіі, безумоўна, стала прыняцце пакета дакументаў, якія вызначаюць рэалізацыю збалансаванай бюджэтна-падатковай палітыкі ў 2018 годзе.

Праект рэспубліканскага бюджэту фарміраваўся на фоне паляпшэння макраэканамічнай сітуацыі. Гэта дало магчымасць стварыць неабходныя фінансавыя ўмовы для замацавання пазітыўных тэндэнцый.

І хоць патрабаванні да расходавання дзяржаўных сродкаў па-ранейшаму застаюцца строгімі, у бюджэце закладзена магчымасць сфакусіраваць неабходныя рэсурсы на падтрымцы рэальнага сектара і вырашэнні задач інавацыйнага характару. У наступным годзе будуць таксама павялічаны расходы на важнейшыя сацыяльныя мерапрыемствы, павышаны зарплаты, пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты.

Правядзенне сесіі супала з сапраўды знакавай падзеяй у эканамічным жыцці краіны. З прыняццем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь шэрага запатрабаваных мер па развіцці прадпрымальніцтва зроблены важны крок насустрач бізнес-супольнасці.

Новыя падыходы да кіравання эканомікай знайшлі сваё развіццё і ў выніках сесіі. У рэчышчы даручэнняў кіраўніка дзяржавы прыняты комплекс заканадаўчых рашэнняў, нацэленых на лібералізацыю гаспадарчай дзейнасці, садзейнічанне добрасумленнай канкурэнцыі, павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці краіны, пашырэнне выкарыстання лічбавых тэхналогій у эканоміцы. Развіццю камерцыйнай дзейнасці будзе садзейнічаць удасканаленне банкаўскай сферы.

На разняволенне дзелавой ініцыятывы была накіравана работа непасрэдна па карэкціроўцы адміністрацыйнага заканадаўства. Змякчылі адказнасць за нязначныя эканамічныя парушэнні. У сукупнасці з мерамі, прынятымі ў сферах антыманапольнай палітыкі і стымулявання дзелавой актыўнасці, гэтыя рашэнні істотна пашыраюць дыяпазон магчымасцяў для людзей, якія хочуць адкрыць сваю справу.

Дэпутатам і ў далейшым трэба прадаўжаць актыўную работу па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу, удасканаленні механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства, павышэнні даступнасці банкаўскіх рэсурсаў. Сваё лагічнае завяршэнне павінны атрымаць дэпутацкія ініцыятывы па пытаннях інвестыцый і прыватызацыі.

Адначасова з вырашэннем надзённых эканамічных задач на сесіі прыняты шэраг мер па ўзмацненні сацыяльнай абароны грамадзян. Пенсію па ўзросце цяпер будуць атрымліваць і асобы, якія доўгі час выконвалі сацыяльна значныя віды дзейнасці, таму не змаглі набраць неабходны стаж работы. Размова тут ідзе аб ваеннаслужачых, людзях, якія даглядалі інвалідаў або састарэлых. Акрамя таго, пашыраны магчымасці ў фінансаванні мерапрыемстваў, якія праводзяцца ветэранскімі арганізацыямі.

Некалькі прававых навацый датычацца развіцця масавага фізкультурнага руху і спорту высокіх дасягненняў, узмацнення барацьбы з допінгам.

Да другога чытання сёння рыхтуюцца праекты законаў па пытаннях пітнога водазабеспячэння і абароны правоў спажыўцоў. Усё гэта вельмі важныя для насельніцтва тэмы. І дэпутатам неабходна самую сур'ёзную ўвагу ўдзяліць павышэнню якасці і даступнасці прадастаўляемых грамадзянам паслуг.

У ходзе сесіі сур'ёзна папоўнілася міжнародна-дагаворная база краіны. Важна адзначыць, што многія з ратыфікаваных дакументаў дапамогуць забяспечыць прыток замежных інвестыцый, развіццё прадпрымальніцтва, павысяць канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў на знешніх рынках.

Сярод найбольш значных дакументаў міжнароднага блока трэба назваць Дагавор аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза, пагадненні, накіраваныя на рэалізацыю сацыяльна-эканамічных праектаў у прыгранічных рэгіёнах рэспублікі за кошт сродкаў Еўрасаюза, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу пры ўдзеле Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама дагаворы па пытаннях будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Дарэчы, заўтра на базе Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка пройдзе семінар, у ходзе якога дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абмяркуюць перспектывы далейшай работы ў гэтым напрамку.

У цэлым парламенцкая дыпламатыя ўносіць даволі сур'ёзны ўклад у рэалізацыю знешнепалітычнага курсу дзяржавы. У гэтым скліканні значна актывізавалася работа груп дружбы Нацыянальнага сходу Беларусі. Напрыклад, мы вельмі плённа кантактавалі з нашымі калегамі з Азербайджана, Арменіі, Грузіі.

Рэальны плён пачынаюць прыносіць нашы намаганні на афрыканскім напрамку. У ходзе візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Судан быў падпісаны шэраг важных кантрактаў. Акрамя таго, мы дамовіліся аб развіцці кааперацыі ў банкаўскай сферы, машынабудаванні, перапрацоўцы карысных выкапняў. Для пашырэння беларускай прысутнасці на гэтым кантыненце трэба дабівацца эфектыўнага супрацоўніцтва з Панафрыканскім парламентам і пашырэння дзелавых кантактаў з краінамі Афрыкі.

За кароткі час мы значна нарасцілі сваю актыўнасць на еўрапейскім вектары. Мы сёння вядзём інтэнсіўны зацікаўлены дыялог з парламентарыямі Германіі, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі. Трэба актыўней пераводзіць яго ў практычную плоскасць, садзейнічаючы рэалізацыі задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы па абароне і развіцці эканамічных інтарэсаў краіны.

Пашырэнне геаграфіі нашых кантактаў дапамагае ўмацаванню пазітыўнага іміджу Нацыянальнага сходу ў Міжпарламенцкім саюзе, парламенцкіх асамблеях АБСЕ, Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы і некаторых іншых аўтарытэтных міжнародных структурах. Пазітыўныя тэндэнцыі намеціліся і ў развіцці дыялогу з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. Са студзеня будучага года наша дэлегацыя зможа ўдзельнічаць у абмеркаванні ўсіх пытанняў, якія разглядаюцца на пасяджэннях палітычнай камісіі гэтай арганізацыі. Наша задача — скарыстацца гэтымі магчымасцямі для растлумачэння пазіцый краіны па прынцыповых пытаннях і пашырэння беларускіх ініцыятыў, якія садзейнічаюць захаванню стабільнасці, бяспекі і супрацоўніцтва ў свеце.

У гэтым жа ключы трэба працаваць і ў рамках Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і Парламенцкай асамблеі АДКБ. На першы план тут выходзяць такія актуальныя, звязаныя непасрэдна з абаронай суверэнітэту тэмы, як кібербяспека і гібрыдныя войны. Беларускім парламентарыям ёсць што прапанаваць сваім калегам у гэтай галіне.

Гаворачы аб рабоце па паглыбленні беларуска-расійскай інтэграцыі, неабходна адзначыць праведзеную 53-ю сесію Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Яе вынікам стала прыняцце праекта саюзнага бюджэту на 2018 год, а таксама дакумента, які вызначае стратэгію развіцця Саюзнай дзяржавы на чарговае пяцігоддзе. Рэалізацыя гэтых планаў — сфера адказнасці ў тым ліку і дэпутатаў нашых краін. Вопыт першых беларуска-расійскіх парламенцкіх слуханняў, прысвечаных гарманізацыі заканадаўстваў у сферы забеспячэння роўных правоў грамадзян, паказвае, што ў нас у гэтым плане яшчэ шмат нявыкарыстаных рэзерваў.

Мы прадоўжым актыўна працаваць у фармаце міжнародных парламенцкіх арганізацый і ў наступным паўгоддзі. Дэпутаты прымуць удзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і іншых.

Нам неабходна сур'ёзна падрыхтавацца да правядзення ў Беларусі выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі ПА АДКБ па пытаннях абароны і бяспекі, мерапрыемстваў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Мы таксама накіруем сваіх прадстаўнікоў у склады міжнародных місій па назіранні за ходам выбарчых кампаній у дзяржавах СНД.

У нас ёсць канкрэтныя напрацоўкі і ў галіне двухбаковага супрацоўніцтва. Іх трэба рэалізаваць у час чарговых візітаў беларускіх парламентарыяў у Кітай, Латвію, Швейцарыю, Эстонію. У сваю чаргу, з канкрэтнымі прапановамі ў Беларусь плануюць прыехаць дэлегацыі Індыі, Малдовы і Пакістана.

Словам, паважаныя калегі, тэмп работы набраны даволі нядрэнны. І цяпер важна не знізіць яго ў міжсесіённы перыяд. Разам з заканатворчымі і міжнароднымі планамі нам трэба будзе вырашыць вялікі аб'ём задач у выбарчых акругах. Работа з людзьмі — гэта галоўны напрамак нашай дзейнасці. У лютым у Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы. У такія перыяды сацыяльная актыўнасць значна вырастае, і, зразумела, дэпутацкі корпус павінен быць у цэнтры падзей.

Па існуючай традыцыі ў апошні тыдзень адыходзячага года ў краіне разгортваецца маштабная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Яе мэта ў тым, каб ні адно дзіця, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не засталося ў гэтыя дні без увагі і клопату. Падарыць такім дзецям свята — гэта наш з вамі святы абавязак.

Загаловак у газеце: Новым падыходам да развіцця эканомікі — новыя заканадаўчыя рашэнні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».