Вы тут

Выбіраем валёнкі


Сустракаць каралеву-зіму трэба ў правільнай экіпіроўцы. Важную ролю тут адыгрывае абутак. Хочацца, каб і модны, і цёплы, і, вядома ж, зручны. Дзе знайсці тую пару, якая адпавядае гэтым крытэрыям?

Мы раім звярнуць увагу на валёнкі. Толькі не на бабуліны, "непадшытыя, старэнькія",  як спяваюць у песні, а на сучасныя  элегантныя і вельмі модныя.


Валёнкі сагравалі нашых продкаў на працягу стагоддзяў нават у самыя лютыя, траскучыя маразы. На жаль, у сярэдзіне XX ст. яны пачалі імкліва губляць папулярнасць, на змену ім прыйшоў больш лёгкі суконны абутак, падбіты футрам, а затым абутак са штучных воданепранікальных тканін. Валёнкі ўспрымаліся як несучасны, састарэлы элемент сялянскага адзення.

Аднак мода таксама рухаецца па спіралі! Старадаўняе рамяство шапавальства адраджаецца і набывае сёння новае дыханне. Асаблівую прыцягальнасць і шарм валёнкам сёння надаюць стразы і арнаменты з паўкаштоўных камянёў.

Самыя славутыя беларускія валёнкі – Дрыбенскія. Гэтыя валёнкі сагрэлі не адно пакаленне беларусаў, суседзяў-расіян і нават заморскіх гасцей. Майстры шапавальнай справы з Дрыбіна грымелі на ўвесь свет, а іх валёнкі, зробленыя з душой, былі доўгі час прадметам ажыятажнага попыту. Выбітныя дрыбінскія  майстры абувалі, па сведчаннях, нават цароў і вяльможаў! У савецкія часы шапавальны бізнес сышоў у падполле, а потым ледзьве не знік: у 1970-я гады забаранілі займацца вырабам валёнак (з якой прычыны – невядома, але ў майстроў забіралі рабочы інструмент і матэрыялы). 

Толькі напачатку 2000-х рамяство набыло новае дыханне і нават патрапіла ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Беларусі. З гэтай нагоды пытанне аб культурнай значнасці дрыбінскага шапавальства было накіраванае вучонымі ў ЮНЕСКА.

Колісь катрушнікі жылі тут практычна ў кожным доме. Сакрэты свайго рамяства яны трымалі ў таямніцы, перадаючы іх толькі ў сям’і сваім нашчадкам. У майстроў была і свая ўмоўная мова. Напрыклад, яны называлі іголку  "бадуха", грошы – "хоўбы", мужчыну – "жбан", шапку – "катруха", валёнкі – "шкорні", восень – "шусень"…  Усяго каля тысячы такіх адмысловых слоў! Толькі з часам, каб іх старажытнае рамяство не загінула, таямнічую мову расшыфравалі.

Шапавальства – няпростая тэхналогія вырабу валяных рэчаў з авечай воўны. Па гістарычных звестках, гэта рамяство з’явілася на Дрыбіншчыне ў канцы XVIII ст. Землі тут не вельмі прыдатныя для раслінаводства, сяляне займаліся ў асноўным вырошчваннем дробнай хатняй жывёлы. І, магчыма, таму тут і з’явіўся промысел валёнак. Адныя ўпэўненыя, што ўладальнік маёнтка Дрыбін пан Ціханавіцкі  сам паслаў сваіх сялян у Ніжнегародскую вобласць для вывучэння сакрэтаў старажытнага рамяства. Другія кажуць, нібы ён, каб павялічыць колькасць насельніцтва (месца было малаабжытае), запрасіў прыехаць сюды ўсіх жадаючых з наваколіц. Сярод перасяленцаў былі і тыя, хто ўмеў працаваць з аўчынай. Каб зваляць выраб, майстрам не патрабавалася грувасткіх і складаных прылад працы – усе яны лёгка змяшчаліся ў мяшку, з якім шапавалы хадзілі з хаты ў хату. Сёння ў Дрыбінскім раёне жыве каля 30 майстроў-шапавалаў, самаму старэйшаму з іх – больш за 80 гадоў.

Каб старажытнае рамяство не канула ў лету, у раённым гісторыка-этнаграфічным музеі стварылі гурток "Катрушнік", дзе тонкасцям рэдкай прафесіі дзяцей навучаюць прафесіяналы. Нярэдкая з’ява тут – майстар-класы па вырабе і ўпрыгожванні сувеніраў з воўны. Таксама, каб папулярызаваць рамёствы (у тым ліку і шапавальства), на Магілёўшчыне ладзяць фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія Таржкі". Акрамя дэманстрацыі саміх вырабаў (валёнак, рукавіц, шапак, сувеніраў), у музеі расказваюць пра жыццё шапавалаў на Дрыбіншчыне.

Дырэктар Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Жана Клімава ўпэўненая: каб атрымаць якасныя валёнкі, з воўнай трэба "пасябраваць", адчуць яе.

Рабіць валёнкі складана?

– Вельмі! Спачатку трэба падрыхтаваць воўну. Вымыць, вычасаць, высушыць. У сярэднім, на мужчынскія валёнкі ідзе паўтара кілаграма воўны, на жаночыя менш. Пасля робіцца аснова. Майстар рассцілае на стале мокрую палатніну ("плацік"), а на ім – воўну. Выраўноўвае, скручвае ў трубку і пачынае катаць кулёк. "Непаслухмяная" поўсць усаджваецца і ўшчыльняецца. Толькі пасля такіх доўгіх мудрагелістых працэдур вырабу надаецца звыклая нам форма валёнка.

Для таго, каб у сярэдзіне абутак не зросся, унутр запіхваюць паперу альбо "душу" (так называюць кавалачак ушчыльненай воўны). Пасля валёнкі зноў скачваюць у рулон і катаюць. Гэты працэс называецца "снаванне".

Зваленую аснову кладуць на рабрыстую дошку, паліваюць гарачай вадой і доўга труць. Пасля выраб выварочваюць і запіхваюць унутр калодку для надання формы. Апошні этап – сушка ў печы і сточванне лішняй воўны. Валёнкі гатовыя. Як бачыце, рамяство складанае. Не дзіва, што займаюцца ім пераважна мужчыны. Але справа таго вартая: у такім цёплым абутку і ў самую лютую сцюжу не змерзнуць. І, паверце, насіцца ён будзе не адзін сезон.

Упэўнена, для замежнікаў валёнкі сапраўдная экзотыка

– Вырабы ручной працы сёння цэняцца ва ўсім свеце. Нашы самабытныя шапкі-мегеркі, лялькі-абярэгі, валёнкі карыстаюцца вялікім попытам. Модніцам да спадобы абутак з вышыўкай, аплікацыяй, павуціннем з бісеру і ўзорамі з рознакаляровых камянёў. Нашыя рэчы не толькі прыгожыя, цёплыя, але і экалагічна чыстыя – пры іх стварэнні не выкарыстоўваюцца шкодныя хімікаты і кіслоты. Валёнкі робяць з натуральнай воўны – нага ў іх не пацее, а "дыхае".
Дарэчы, мы спадзяёмся, што наша рамяство ў хуткім часе ўключаць ў спіс нематэрыяльнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Карысныя парады

Сёння купіць валёнкі не праблема: абутак прадаецца ва ўнівермагах, на дызайнерскіх маркетах. Як кажуць, на любы густ і кашалёк. Якога догляду патрабуюць валёнкі? Вось некалькі карысных парад.

  • Галёшы ў дабавак. Калі на двары мокры снег і слота, без галёшаў на вуліцу выходзіць небяспечна. Валёнкі вельмі хутка намокнуць, а ў выніку – не толькі непрывабны знешні выгляд рэчы, моцная усадка лямцу, але і нязваны "госць" – прастуда. Безумоўна, сёння многія фабрычныя валёнкі робяцца з трывалай падэшвай, але калі душа ляжыць да ручных вырабаў, без дадатковага "аксэсуара" не абысціся.
  • Сушка. Як толькі пераступаеце парог дома – абтрасайце валёнкі ад снегу. І адразу – да печы альбо батарэй. Ставіць валёнкі на гарачую паверхню ні ў якім разе нельга – сырая падэшва зацвярдзее і "сядзе". У валёнкі можна запіхнуць сухую газету – яна ўбярэ ў сябе непатрэбную вільгаць.
  • Ачышчэнне ад бруду. Зімой на дарогах шмат пяску і солі, якія пакідаюць на нашых рэчах не самыя пекныя ўзоры. Абутак пэцкаецца ў першую чаргу. Памятайце, валёнкі – рэч далікатная. Мыць іх нельга. Бо пасля вы проста не нацягнеце іх на ногі – так моцна валёнкі зменшацца ў памерах. Дайце ім падсохнуць, а пасля акуратна ачысціце бруд шчоткай з жорсткім шчаціннем.
  • Як насіць валёнкі, калі воўна грубая? Самы хуткі спосаб зрабіць гэты абутак мякчэйшым – патрымаць яго над гарачай парай. І памятайце, што валёнкі не павінны вельмі шчыльна сядзець на назе. Наяўнасць вольнай прасторы вакол нагі неабходная для таго, каб ногі не змерзлі нават у самы люты мароз.

Хрысціна ХІЛЬКО

Друкуецца ў часопісе "Алеся"

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.