Вы тут

Падарункі і таямніцы балот


Лекі, касметыка, угнаенні, прэпараты па ачыстцы ад радыенуклідаў, сарбенты для цяжкіх металаў, таксічных газаў, фарбы, горны воск (які выкарыстоўваецца ў самалётабудаванні і іншых галінах) — усё гэта нам могуць даць балоты. Знойдзецца прымяненне не толькі торфу, але і балотнай расліннасці. У час Першай і Другой сусветных войнаў сфагнум выкарыстоўвалі замест ваты. Дарэчы, гэта дзіўная расліна можа ўтрымліваць да 98 працэнтаў вільгаці. І калі вам давядзецца прагуляцца па сфагнавым балоце, можаце ўявіць, што вы ходзіце па вадзе. Трыснягом, які расце на балотах, крыліся дахі дамоў, і ў наш час замежнікі гатовы былі яго невялікімі партыямі закупляць у Беларусі. Наогул, існуюць дзясяткі кірункаў, як можна выкарыстаць балота, а колькі розных адкрыццяў яшчэ можна зрабіць, перакананыя беларускія навукоўцы.


Скарбы пад нагамі

— Калі мы асушаем балотную экасістэму, выкарыстоўваць яе трэба комплексна, а не толькі ў мэтах энергетыкі і сельскай гаспадаркі, — упэўнены загадчык лабараторыі біягеахіміі і аграэкалогіі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Вячаслаў Раковіч.

На захадзе на падобных балотах будуюцца лячэбніцы, тут жа адразу можна браць каштоўныя гразі. Па беларускіх царствах Балотніка можна вадзіць турыстаў. Часта сюды прыязджаюць арнітолагі, каб паназіраць за рэдкімі птушкамі. Было і такое, што нямецкія госці хадзілі на дрыгву... слухаць канцэрт жаб.

— У Германіі асушэнне пачалося яшчэ з ХVІІ стагоддзя, і многія балоты там аднавіць ужо немагчыма. Мы ж, калі здабудзем торф і адразу гэту тэрыторыю забалоцім, то на нізінніках ужо праз пару гадоў будзе зноў балотная экасістэма, — тлумачыць вучоны.

А яшчэ балота — гэта вялікая скарбніца вады. Па падліках навукоўцаў, тут яе ў дзясяткі разоў болей, чым ва ўсіх азёрах Беларусі. Балоты згладжваюць засухі, паводкі (торф і мох — добрыя сарбенты, і яны бяруць частку вільгаці на сябе). Але самая вялікая каштоўнасць у тым, што балоты паглынаюць вуглякіслы газ. Пры асушэнні ж адбываецца вялікі выкід парніковых газаў — у атмасферу вяртаецца ўсё тое, што назапашвалася ў балотных нетрах тысячагоддзямі.

— Раней у нас было 2 мільёны 940 тысяч гектараў балот. Каля паловы з іх асушана. На гэтых землях былі створаны паселішчы, з'явіліся дарогі, сельгасугоддзі. Раней чалавек, які жыў каля балота, мог суседа з бліжняй вёскі ўбачыць толькі зімой — калі дрыгва замярзала і па ёй можна было перамяшчацца. Менавіта таму на Палессі захавалася многа ўнікальных абрадаў, разнастайныя нацыянальныя касцюмы, дыялекты. Дрыгва была перашкодай, але ў той жа час яна абараняла нашых продкаў ад нашэсця ворагаў, — расказвае Вячаслаў Аляксандравіч. — Меліярацыя, якая масава праводзілася ў мінулым стагоддзі, не заўсёды была карэктнай. Трэба было прадумваць інфраструктуру, ствараць вадаёмы, з якіх можна было б пры неабходнасці браць ваду. Раней усе выпрацаваныя тарфяныя радовішчы перадаваліся сельскай гаспадарцы. Не ўлічваліся прыродныя фактары, геамарфалогія. Ёсць і такія мясціны, дзе дзясяткамі гадоў нічога не расце. Толькі з'явіцца сухадольная расліннасць, пойдзе дождж — і ўтворыцца возера, усё згніе. Пасля ўстановіцца сухое надвор'е — зямля на тым месцы хутка перасыхае і нават трэскаецца.

На працягу пяці гадоў навукоўцы правялі вялікую работу — на кожны раён Беларусі напісалі рэкамендацыі па выкарыстанні тарфяных радовішчаў, якія выбылі з эксплуатацыі. Вызначана, што падыходзіць для сельскай гаспадаркі, а дзе лепш правесці рэабілітацыю, бо нешта вырошчваць там нявыгадна.

Калі няправільна весці гаспадаранне на асушаных землях, выпрацоўка тарфяной залежы ідзе вельмі хутка. Так, па інструкцыях тут трэба вырошчваць шматгадовыя травы, ні ў якім разе не прапашныя культуры. Але часам падобныя землі здаюцца ў арэнду, і хіба прыватнік стане займацца травамі? У выніку пад пасадкамі морквы, кукурузы, буракоў торф распадаецца ў дзясяткі разоў хутчэй. За кароткі час губляецца тое, на ўтварэнне чаго ў прыродзе былі патрачаныя тысячагоддзі. Бо той жа торф утвараецца вельмі павольна — на нізінніках за год у сярэднім «нарастае» ўсяго 0,3 міліметра, на верхавіках — 0,7.

Чаго асацэ дарма прападаць?

Адно з даследаванняў, звязаных з балотам, над якім сёння працуюць вучоныя, дазволіць зазірнуць у далёкае мінулае. Вельмі карыснымі могуць аказацца рэшткі дрэў, якія знаходзяць у багне (так, на верхавых балотах захавалася багата сасны). Вывучаючы гадавыя кольцы на гэтых старажытных ствалах, можна даведацца, напрыклад, як мяняўся клімат. І калі раней вучоныя, якія займаліся дэндрахраналогіяй, атрымлівалі такія даныя за 500—600 гадоў, то дзякуючы «падарункам» балот можна паглыбіцца ў гісторыю ўжо на тысячагоддзі. Трэба сказаць, што падобных праектаў нідзе ў свеце яшчэ не было. Звесткі, атрыманыя такім чынам, будуць карысныя самым розным даследчыкам, у тым ліку гісторыкам і археолагам.

Наогул, балота часта аб'ядноўвае вучоных многіх кірункаў, спецыялістаў розных краін. Напрыклад, сумесна з нямецкімі калегамі беларусы працавалі над праектам, які скарочана называўся «Энергія балот». Вучоныя прапанавалі выкарыстоўваць для энергетычных мэт расліны, што вырастаюць на паўторна забалочаных землях. Так, на іх штогод толькі 5—15 працэнтаў біямасы пераходзіць у торф, у 85—95 працэнтах расліны пасля адмірання мінералізуюцца, «упустую» згараюць. Але трыснягі і асаку можна скошваць з карысцю — ужо існуе невялікі завод, дзе з гэтай біямасы вырабляюцца пілеты. Яго можна за кароткі тэрмін разабраць і перанесці ў іншае месца. Дарэчы, гэта ноу-хау ў тарфяной галіне, калі не сыравіна ідзе да завода, а наадварот. І сёння, калі торф прызнаны неаднаўляемай крыніцай, і таму абкладаецца вялікай колькасцю падаткаў пры продажы за мяжой, ёсць сэнс задумацца пра экспарт пілетаў, створаных з выкарыстаннем біямасы.

Людзі і духі дрыгвы

Вучоным на балоце даводзіцца працаваць у любое надвор'е. Часам, месца, на якім праводзяцца даследаванні, знаходзіцца ў пойме ракі, і калі балота заліваецца вадой, паспрабуй яшчэ па яму прабярыся.

А працуюць на балотах і жанчыны, і ім даводзіцца не толькі ісці па некалькі кіламетраў, але і валачы цяжкае (дзясяткі кілаграмаў) абсталяванне.

Нейкіх трагічных выпадкаў з нашымі вучонымі на балотах не здаралася, але ў ваду людзі правальваліся, часам па пояс, падварочвалі ногі, пераахалоджваліся, хварэлі, танула абсталяванне, было, што некаторыя губляліся, нават на паўторна забалочаных тэрыторыях. Сёння, канешне, калі ёсць GPS, складана заблукаць, аднак часам на балотах навігатар не працуе, але вучоныя бяруць з сабой карты, касмаздымкі.

— Мы ўсе ведаем пра меры перасцярогі. Напрыклад, на нізінных балотах не трэба скакаць у тыя месцы, дзе яркая расліннасць — у ёй можна заблытацца і не выпаўзці. Апынуўшыся на балоце ў час навальніцы, трэба адкінуць усе металічныя інструменты, — расказвае вучоны.

— Ці ёсць нешта містычнае на балотах?

— Так, і агеньчыкі фосфарныя там свецяцца, і шаравыя маланкі часам заўважаем, і дзіўныя гукі чуем, і метан назапашваецца. Пахі там асаблівыя. Мне нават сны на балоце сняцца адны і тыя ж, быццам я ўцякаю ад нейкіх істот (можа ахоўнікаў балот?). Мясцовыя жыхары шмат расказваюць паданняў і пра цэрквы, якія праваліліся ў дрыгву, пра багніка, пра жывёл, што патанулі ў адным месцы, а ўсплылі ў іншым. Дрыгвы заўсёды баяліся, нездарма нашы продкі самых жахлівых нячысцікаў сялілі менавіта там. Але балота можа накарміць, напаіць, вылечыць, там багата лекавых раслін. Невыпадкова слова «балота» ў беларусаў мае дзясяткі сінонімаў. Археолагі знаходзілі там старажытныя паселішчы. Балотным духам прыносілі ахвяры, напрыклад сельскагаспадарчыя прылады. На Палессі пераход да жалезнага веку быў больш ранні, чым на Паазер'і, бо там была балотная руда, так званы ліманіт...

Наогул, ёсць нечаканая версія, што сама назва «Беларусь» звязана з балотамі. Раней яны пакрывалі больш за 14 працэнтаў тэрыторыі краіны. І сам белы колер у народнай культуры — гэта сімвал Вялеса, вады, азёр, балот.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У царстве Вялеса

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.