Вы тут

Мяжа паміж законапаслухмянасцю і абсурдам танчэйшая, чым мы думаем?


Ці ведаеце вы, як на нашай мове правільна называецца «очиток» — немудрагелістая расліна з мясістымі сцяблінамі і суквеццямі-«парасонікамі», спачатку зялёнымі, а ад верасня і да першых маразоў — цёмна-барвовымі? Расходнік. Інфармацыю пра паходжанне беларускай назвы знайсці не ўдалося, але і так можна сказаць, што яна прадстаўніку вясковай і гарадской флоры, аб якім ідзе размова, надта пасуе. Бо гэтымі кустамі, што вельмі лёгка размнажаюцца (зрэзаныя галінкі пускаюць карані нават у вазе, могуць так пратрымацца да вясны і без праблем прыжываюцца ў зямлі, не кажучы ўжо пра адсечаны рыдлёўкай і пасаджаны кавалак з каранямі), вельмі хутка разрастаюцца (за два-тры гады з кусціка будзе кусцішча) і не патрабуюць фактычна ніякага догляду (мясістыя галінкі і лісты такія густыя, што пад імі не расце нават пустазелле), засаджаны сёння ўсе агародчыкі, клумбы і нават узбочыны вуліц. Не зразумела, ці то кветка, ці то жывая агароджа — расходнік, ды і ўсё тут. Гэта значыць, расходаваць не шкада, бо куст жывучы, папсаваць яго цяжка, а ўжо калі надумаеш вывесці — яшчэ трэба пастарацца, хіба што соллю тое месца пасыпаць, каб налета якая галінка з карункавымі лісцікамі з-пад зямлі не прабілася.

З якога перапуду мяне на гэткія лінгвістычна-батанічныя даследаванні пацягнула? Бо сярод навін тыдня «справа аб расходніку» — адна з самых папулярных у сеціве.

І я наўмысна напісала, што такое гэты самы расходнік, якога ў мяне і ў маіх суседзяў у вёсцы расце каля плоту кустоў па дваццаць, каб было адразу зразумела, аб якіх «скрадзеных кветках» ідзе ў тых навінах размова. Яшчэ з веданнем справы дадам: пасля першых маразоў расходнік пажадана зрэзаць, бо вельмі хутка прыгожыя кветкі ператворацца ў сухія корчыкі, што тырчаць з-пад снегу, якія ўвесну зламаць, не параніўшы рукі, даволі цяжка. Гэта дэталь дадае яшчэ больш недарэчнасці здарэнню, якое адбылося ў Віцебску ў канцы кастрычніка і да якога вымушаны былі прычыніцца і міліцыя, і пракуратура, і нават Следчы камітэт.

А адбылося там, ля шматпавярховіка на вуліцы Медыцынскай, вось што (калі хто дагэтуль не ведае). Жанчына і яе 15-гадовая дачка вырашылі зрэзаць некалькі галінак гэтага самага расходніку з клумбы для восеньскай кампазіцыі. Праўда, не каля свайго дома, а каля суседняга — там гэтых кустоў расце не адзін і нават не два. «Таварны выгляд» кветкі ўжо амаль страцілі: усё адбывалася ў канцы кастрычніка, у Віцебску ляжаў снег. Маці з дачкой не паспелі паднесці секатар (нават не рукамі ламалі!) да тых кустоў, як побач апынулася жыхарка дома і пачала абурацца: маўляў, я гэтыя кветкі садзіла, вы павінны былі папрасіць у мяне дазволу. Жанчына паспрабавала апраўдацца: шкоды ад таго, што яна зрэжа пару ўжо падсохлых галінак, шматгадовай расліне не будзе ніякай. Дый хто ведае, у каго тут дазволу прасіць, у доме вунь колькі людзей жыве. Але гаспадыня «рэдкіх кустоў» не супакойвалася, дастала тэлефон, пачала здымаць усё на камеру (з гэтага самага відэазапісу, які ў сацсетках выклала супрацоўніца Следчага камітэта, і вядомыя вышэйапісаныя падрабязнасці). На гэтым, як высветлілася пазней, яна не супакоілася і напісала заяву ў міліцыю аб крадзяжы, прыклаўшы відэа як доказ.

Карацей, праз два тыдні да аматарак фларыстыкі дадому завітала міліцыя, іх павезлі ў аддзяленне, дапыталі, узялі тлумачэнні. Усё яшчэ не разумеючы (ці не верачы?), што ўляпалася ў сур'ёзныя праблемы, жанчына напісала, што гатова вясной кампенсаваць нанесены ўрон — купіць і пасадзіць пад вокнамі пацярпелай яшчэ адзін куст расходніку. Але пакрыджаўджаны бок гэтым з нейкай прычыны задаволены не застаўся, і на «злодзеяў» завялі... крымінальную справу. Праўда, вельмі хутка яе спынілі, перакваліфікаваўшы зразанне тых няшчасных галінак з крымінальнага злачынства ў правапарушэнне. У рэгіянальным аддзяленні Следчага камітэта адзначылі, што былі прынятыя ўсе меры па нівеляванні канфлікту, але тут ужо «падазраваная» катэгарычна адмовілася ад прымірэння, лічачы свой учынак нармальным. Справа яшчэ не скончылася, хутчэй за ўсё, аматарцы сухацветаў давядзецца-такі заплаціць штраф. Дадайце сюды папсаваныя нервы ўсіх удзельнікаў канфлікту (кажуць, асабліва дасталося «саўдзельніцы» — 15-гадовай дзяўчынцы, з якой цяпер кпяць у каледжы, дзе яна вучыцца) і затрачаны на яго разбор час і чалавечыя рэсурсы міліцыі, пракуратуры, Следчага камітэта — устаноў, задача якіх папярэджваць і расследаваць правапарушэнні, што нясуць пагрозу грамадству, і сапраўдныя злачынствы. І справа аб зламаных у канцы восені галінках расходніку пачынае выглядаць проста абсурднай, з якога боку на яе ні паглядзі.

Праўда, знаходзяцца філосафы, якія разважаюць на канапе, што «зладзейку» трэба паказальна пакараць, створыцца прэцэдэнт — і тады клумбы ў нашых гарадах будуць цэлыя (хоць, як мне здаецца, яны і так асабліва абскубенымі несумленнымі грамадзянамі ніколі не выглядаюць).

А па-мойму, значна большая верагоднасць, што створыцца іншы прэцэдэнт — мы пачнём пісаць заявы ў міліцыю з любой нагоды, пачынаючы ад кінутай кімсьці міма сметніцы паперкі, заканчваючы неспадзяваным штуршком у чарзе. Канешне, мы законапаслухмяныя грамадзяне і нас у тым жа метро заклікаюць аб усіх заўважаных правапарушэннях паведамляць у службу «102». Але ж мы смяёмся і дзівімся з амерыканцаў, якія выклікаюць паліцыю, калі сусед, паліваючы газон, выпадкова пырсне на іх плот. Мы абураемся фінамі, якія, убачыўшы, як прыезджыя з былога Саюза малому вырываюць малочны зуб ніткай, выклікалі паліцыю і інспектара па правах дзяцей. У выніку дзіця апынулася ў прытулку, а бацькі — на мяжы пазбаўлення правоў на яго за жорсткае абыходжанне. Мы смяёмся, дзівімся, абураемся падобнаму — і гэта нармальная рэакцыя нармальных людзей. Бо даў жа для нечага нам Божачка ўменне думаць і аналізаваць, бо ёсць жа разам з літарай закона, якую тут ніхто не ставіць пад сумненне, яшчэ і разумны сэнс, ці, калі хочаце, — здаровы розум, якія таксама ніхто не адмяняў. І менавіта яны павінны ўтрымліваць кожнага на той вузкай мяжы паміж прагай справядлівасці, жаданнем быць карысным людзям і звычайным абсурдам.

Дарэчы, пра расходнік. Стаіць у мяне на кухні ў вазе, ужо і карані папускаў. Дворнічыха наша, Паліна, прыбіраючы на клумбе перад замаразкамі, прапаноўвала ўзяць галінкі, якія абламала, усім ахвотным. Прыкмет правапарушэння ў яе дзеяннях ніхто не выявіў...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.