Вы тут

«Звязда» адправілася ў рэйд з ДАІ


Гэта ж як бывае ў жыцці цікава: 13 снежня бландзінка-пешаход няправільна перайшла дарогу... і пры афармленні пратакола высветлілася, што яна роўна дзесяць гадоў таму папалася за аналагічнае. Але жанчына катэгарычна адмаўлялася прызнаць, што калісьці наогул парушала правілы дарожнага руху. Хто ж тады заплаціў за яе штраф?


Дарэчы, падчас рэйду ў Віцебску з ДАІ карэспандэнту «Звязды» давялося пазнаёміцца і з другой дамай, якая завярала, што мінулы раз не яе аштрафавалі, а двайніка.

«Не штрафуйце маю дзяўчыну!»

Раніцай прапанавалі эксклюзіўны рэпартаж. Афіцыйна мерапрыемства мела назву — «Пешаход». Як падкрэслілі ў праваахоўным ведамстве, праводзяцца такія не для галачкі, а каб папярэдзіць траўматызм і гібель на дарогах.

Праз пару гадзін я ўжо ў службовым аўто. Каб удзельнікі дарожнага руху не ведалі, што гэта колы спецыяльнага прызначэння, мікрааўтобус звонку не адрозніваецца нічым ад аналагічных. Вось толькі відэарэгістратары ёсць і ў машыне, і ў пасажыраў. У гэтым выпадку — міліцыянераў. У салоне, акрамя мяне, трое ў цывільным і малады супрацоўнік ДАІ ў форме.

«Паляванне» на пешаходаў, якія парушаюць правілы, пачалося на вуліцы Лазо. Дарогу па-за пераходам перайшлі двое мужчын і прыгожая дзяўчына. Першыя растлумачылі, што ідуць па піва, жывуць у інтэрнаце насупраць. Той, на каго першым складалі пратакол за парушэнне, прасіў не штрафаваць яго спадарожніцу.

— Я сам два штрафы заплачу! Толькі яе не чапайце! — папрасіў ён.

Каханая джэнтльмена вельмі спужалася, дарэчы, што паведамяць ёй на работу.

— Я ў дзіцячым садку — выхавацель. Мне не патрэбны непрыемнасці! — выказала міліцыянеру дзяўчына.

Пачуўшы, што на работу пра такія парушэнні інфармацыю не перадаюць, трохі супакоілася.

Там жа парушыла правілы 62-гадовая жанчына. Адразу бачна, што рухацца ёй складана. Сказала, што не ведала пра пераход, які недалёка. Паколькі раней не штрафавалі, атрымала папярэджанне.

«Афігець! Гэта не я!»

А вось мужчыну, які насупраць прадпрыемства «Марка» няправільна перайшоў дарогу, трэба было заплаціць штраф. Паводле інфармацыі ДАІ, ён неаднаразова парушаў правілы не толькі ў якасці пешахода, але і кіроўцы.

Здзівіла дама, якая сцвярджала, што заўсёды раней пераходзіла дарогу правільна. Але ж у базе даных канстатуецца, што летам яна аплаціла штраф.

— Афігець! Гэта не я была. У чэрвені на дачы знаходзілася! — сцвярджала жанчына.

Дарэчы, слова «афігець» часта гучала з вуснай парушальнікаў, калі здзіўляліся таму, што ў планшэце супрацоўніка ДАІ «ўсё пра іх напісана». Але потым прыпаміналі, што калісьці мо нешта і было...

На праспекце Фрунзэ прывабная бландзінка перайшла дарогу на чырвонае святло. Запрасілі для размовы. Яна таксама заявіла, што ніколі і нічога не парушала. Але ў планшэце напісана, што на яе 10 гадоў таму ў гэты ж дзень быў складзены пратакол!

Як пракаментаваў інспектар дарожна-патрульнай службы, старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір ЧАРНЫШ, у такіх выпадках можна напісаць заяву ў ДАІ. Разбяруцца. Але сэнс камусьці выдаваць сябе за іншага?

У тым, што дамы не былі шчырыя, не сумняваецца і камандзір батальёна ДПС ДАІ УУС аблвыканкама, падпалкоўнік Дзмітрый ПУГАЧОЎ. Напэўна, разлічвалі, што не аштрафуюць. Дарэчы, пешахода за парушэнні правілаў могуць спачатку проста папярэдзіць. Памер штрафу — да трох базавых велічынь, а калі пешаход у стане алкагольнага ап'янення — ад 3 да 5 (памер адной на сёння 23 рублі). Штраф трэба аплаціць на працягу 5 дзён у любым банку.

Падчас рэйду маім спадарожнікам па рацыі паведамілі, што за забойства супрацоўніцы запраўкі і крадзеж буйной сумы грошай у расійскім Веліжы шукаюць злодзея. У той жа дзень падазраванага затрымалі ў віцебскім гатэлі.

Новыя формы прафілактыкі

Сёлета (статыстыка на дзень падрыхтоўкі рэпартажу) на Віцебшчыне адбылося 339 ДТЗ. 72 чалавекі загінулі. Выявілі парушэнні правілаў больш чым за 9,4 тысячы пешаходаў. Для параўнання, устанавілі больш за 3,7 тысячы кіроўцаў, якія не прапусцілі пешаходаў у прадугледжаных месцах. Дарэчы, у такіх выпадках трэба запомніць нумар аўто і паведаміць у ДАІ. Для жыхароў Віцебшчыны нумар мабільных МТС 721-4444, Vеlсоm — 621-4444, або гарадскі (8-0212-58-44-44). Можна паскардзіцца і на сайт УУС аблвыканкама. Шмат карыснай інфармацыі на старонцы ў інтэрнэце httрs://vk.соm/vіtеbsk__jаі.

У ДАІ прымяняюць крэатыўныя формы прафілактыкі. Летам на беразе ракі Віцьбы правялі ў выхадныя некалькі тэматычных мерапрыемстваў. На іх можна было ўбачыць выставу машын і зброі, выступленне кінолага. Дзятва з задавальненнем бясплатна страляла з лука, весялілася з бацькамі...

А днямі пад Віцебскам упершыню запрацавала ДАІ-шная сядзіба Дзеда Мароза. Пры дапамозе казачных персанажаў хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць правілы дарожнага руху. Яны могуць адчуць сябе ў ролі супрацоўніка ДАІ, які карае Бабу Ягу за дрэнныя паводзіны на дарозе.

Першымі наведвальнікамі прадстаўлення сталі выхаванцы дзіцячых дамоў і дамоў сямейнага тыпу.

— Сярод ноу-хау і выкарыстанне квадракоптара. У Оршы з вышыні фіксаваўся стан на дарогах. Потым кадры паказвалі парушальнікам. Яны былі вельмі здзіўлены! — расказвае кіраўнік прэс-службы ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Аляксандр КАЗЮЧЫЦ.

Галоўная мэта — да мінімуму панізіць колькасць ахвяр і параненых. У ідэале да нуля. Расіяне з прыгранічных рэгіёнаў вывучаюць віцебскі вопыт. Ёсць чым здзівіць і калег з Еўрапейскага саюза, якія прыязджаюць дзеля абмену вопытам.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пра асаблівасці жаночай памяці

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».