Вы тут

Нарада па праектах прававых актаў прайшла ў Палацы Незалежнасці


Яны накіраваныя на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва. Падобныя нарады — традыцыйныя. Перад прыняццем важных рашэнняў, асабліва тых, што выносяцца на разгляд Прэзідэнта, у Палацы Незалежнасці праходзіць іх дэталёвае абмеркаванне.


Урад падрыхтаваў шэраг праектаў прававых актаў па пытаннях развіцця асобных прадпрыемстваў прамысловасці, лічбавай эканомікі, стымулявання навуковай дзейнасці і забеспячэння занятасці насельніцтва.

Пра лічбавую эканоміку

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што краіна ўзяла курс на развіццё лічбавай эканомікі. Нядаўна гэтыя пытанні ўжо разгледзелі на нарадзе ў Палацы. Сёння, дарэчы, тэма зноў будзе там абмяркоўвацца — на сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

— Падобнае абмеркаванне будзе апошнім і сёлета, і ўвогуле перад тым, як мною будзе падпісаны гэты дэкрэт, —
падкрэсліў Прэзідэнт.

Пра занятасць

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады заявіў: асабліва падрабязна трэба абмеркаваць прапановы ўрада па забеспячэнні занятасці насельніцтва.

— Я абяцаў, што да канца бягучага года мы распрацуем і прымем дэкрэт Прэзідэнта, які будзе развіваць Дэкрэт №3 — вядомы дэкрэт аб сацыяльных утрыманцах, — адзначыў кіраўнік краіны. — Мы з вамі тады дамовіліся: каб нас не крытыкавалі і не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў, якія былі, і, магчыма, памылак, дапушчаных пры распрацоўцы Дэкрэта №3, зрабіць яго прыземленым.

Так, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дакумент неабходна збалансаваць. З аднаго боку, даць магчымасць
людзям працаўладкавацца. З другога — прымусіць працаваць тых, хто, што называецца, можа гэта рабіць, але не хоча. Другое канцэптуальнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі па гэтым нарматыўным акце гучыць так:

— Не мы адсюль з цэнтра павінны вышукваць гэтых непрацуючых людзей і прымаць да іх захады. Яны жывуць у канкрэтных гарадах, канкрэтных вёсках. І там ёсць органы ўлады, якія разбяруцца: можа чалавек працаваць або не. Трапіў ён у складаную сітуацыю або не трапіў. Калі трапіў, яго трэба падтрымаць. Калі чалавек сапраўды ўтрыманец, значыць, яго трэба прымусіць працаваць. І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як кажуць юрысты, прававое поле.

Пра навуку

Наступная тэма, да якой звярнуўся Аляксандр Лукашэнка, датычылася навукі. Ён нагадаў, што ў красавіку бягучага года на нарадзе аб перспектывах айчыннай навукі даў даручэнне выпрацаваць новыя прынцыпы і падыходы да налічэння заработнай платы навукоўцам. Да гэтай тэмы ён звяртаўся і на мінулым тыдні падчас другога З'езда вучоных Беларусі.

— Ці стануць на практыцы вучоныя атрымліваць годную зарплату за вынікі сваёй работы? Гэта галоўнае канцэптуальнае патрабаванне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Чацвёртым пунктам абмеркавання на нарадзе стаў разгляд прапановы Акадэміі навук аб стварэнні і ўмовах работы Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка «БелБіяград». Да гэтай тэмы кіраўнік краіны таксама звяртаўся падчас свайго нядаўняга выступлення перад вучонымі.

* * *

У канцы свайго выступлення Прэзідэнт звярнуўся да тых праектаў дакументаў, якія накіраваны на падтрымку з бюджэту шэрагу прадпрыемстваў. Ён пацікавіўся, як прапанаваныя меры паўплываюць на стабільнасць работы нашых флагманаў — у металургіі, машынабудаванні, дрэваапрацоўцы і домабудаванні. Пазіцыя кіраўніка дзяржавы: проста так браць дзяржаўныя грошы нікому не дазволена. За любой пазыкай павінна быць аддача.


У тэму

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук:

— Бюджэтныя арганізацыі досыць абмежаваныя ў павышэнні заработнай платы, надбавак навукоўцам. Зараз мы будзем мець магчымасць значна, да 300%, павышаць заработную плату навукоўцам: дактарам навук, прафесарам, старшым навуковым супрацоўнікам, вядучым навуковым супрацоўнікам. Але, безумоўна, за вынікі работы.

Васіль Жарко, намеснік прэм'ер-міністра:

— Абноўлены Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» запрацуе ў поўным аб'ёме з 1 студзеня 2019 года. Рэалізацыя нормаў дадзенага дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва прадугледжвае два механізмы іх рэалізацыі — эканамічны і адміністрацыйна-кіраўніцкі. Эканамічны — гэта стварэнне ўмоў для рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымулявання самазанятасці. На сёння ў краіне ўжо прыняты шэраг дакументаў, якія дазваляюць разняволіць вядзенне бізнесу.

Да мясцовых органаў улады даведзена пастанова Савета Міністраў па стварэнні новых працоўных месцаў, і кожная тэрыторыя павінна гэта выконваць. Калі ж ты можаш працаваць, але не хочаш, то ўключаецца механізм, які прадугледж-
вае кампенсацыю ў памеры 100% затрат па тых паслугах, якія вызначыць урад. Ураду адведзены першы квартал наступнага года для распрацоўкі пераліку такіх паслуг, каб непрацуючыя грамадзяне, якія абавязаны кампенсаваць, разумелі, за што яны будуць плаціць. Таксама ўрад вызначыць крытэрыі аднясення да плацельшчыкаў. З 1 студзеня 2019 года будзе кампенсацыя па поўным кошце. А за гэты год (2018. — Аўт.) створыцца інфармацыйная база. Яе будзе весці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Праекты і аддача ад іх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».