Вы тут

Што можна знайсці на сталічных гастравуліцах?


Былыя мінчане, якія жывуць за мяжой, вярнуўшыся на радзіму праз дзясятак гадоў, прызнаюцца: горад не пазнаць. І гаворка ідзе не толькі аб знешнім абліччы, але і ў цэлым пра культуру і рытм жыцця. Напрыклад, некалькі гадоў назад у сталіцы пачалі актыўна, чытайце — штотыдзень, з'яўляцца ўстановы грамадскага харчавання, прычым кожная — са сваёй асаблівай (падкрэслена) кухняй. Іх стала так шмат, што сёлета быў складзены рэйтынг цэлых гастравуліц!


Ка­фэ-пя­кар­ня на Ін­тэр­на­цы­я­наль­най.

Кошты — парыжскія, а абслугоўванне?

Узначаліла спіс размешчаная ў цэнтры Інтэрнацыянальная. Па апошніх падліках на вуліцы працягласцю ўсяго кіламетр знаходзіцца 20 кафэ і рэстаранаў, але не выключана, што за апошнія суткі адкрылася нешта яшчэ. Асаблівасць вуліцы ў тым, што тут, практычна як у Грэцыі, ёсць усё. Побач размешчаны элітная пякарня і вегетарыянскае кафэ, рэстаран дамашняй кухні з самай навагодняй назвай (здагадаецеся?) і клуб у нацыянальнай беларускай стылістыцы. Акрамя таго, тут жа знайшла свой прыстанак хінкальня з адпаведнай назвай. У цэлым апошнім часам у Мінску адкрываецца вельмі шмат рэстаранаў усходняй кухні, а хачапуры стала не больш распаўсюджаным, чым звыклы смятаннік. Гэта звязана з тым, што вось ужо некалькі гадоў запар Грузія трапляе ў рэйтынг топ-5 краін, якія беларусы выбіраюць для летняга адпачынку.

З адкрыццём тут жа побач французскай пякарні ўвогуле звязаная кур'ёзная гісторыя. Дарэчы, цэлы месяц наведвальнікі не маглі вызначыцца, як яе ўсё-такі правільна называць: перабіралі пяць варыянтаў вымаўлення — кожны на свой лад. Прыход сеткі, якая ўзяла свой пачатак яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, у беларускую сталіцу анансавалі некалькі разоў, але ён усё зацягваўся. Але гэтым летам Дзень «ікс» усё ж такі надышоў і пацягнуў за сабой масавае вар'яцтва. Чарга да касы выходзіла на вуліцу, людзі гадзінамі чакалі магчымасці купіць хлеб па кошце шасці булак з крамы і круасаны — даражэйшыя, чым кілаграм добрага мяса.

Калі фатаграфіі з запаветнымі папяровымі пакетамі былі зробленыя, мясцовыя жыхары ўсё ж пачалі задумвацца аб якасці прадукцыі і абслугоўвання. Вось і атрымліваецца, што самы распаўсюджаны каментарый аб наведванні: кошты парыжскія, а абслугоўванне мінскае. На жаль, гэты выраз пакуль носіць негатыўную афарбоўку.

Рэ­ста­ран еў­ра­пей­скай кух­ні  на Кар­ла Марк­са.

Часовая тэлепартацыя і кактэйлі замест страў

На другім месцы рэйтынга знаходзіцца вуліца Карла Маркса. Яе працягласць крыху большая — 1,3 кіламетра. Дзіўна, але асноўныя катэгорыі наведвальнікаў тут дзеляцца на два супярэчлівыя «лагеры». Студэнты, якія прыходзяць паабедаць у бюджэтныя піцэрыі з размешчаных паблізу карпусоў БДУ і БДЭУ, і прадстаўнікі заможнага класа, якія прывыклі вячэраць выключна ў рэстаранах.

Дарэчы, нікуды не зварочваючы з гэтай вуліцы, можна пабываць у Францыі, Італіі і Польшчы — стылізаваныя кафэ прапануюць вам не толькі тэматычны інтэр'ер, але і адпаведную кухню. Аматаркі выкладаць прыгожыя фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі сыходзяцца ў меркаванні, што акрамя іншага тут знаходзіцца адно з найлепшых месцаў для фатаграфавання ў атмасферы казкі. Кафэ, якое заклікана перамясціць на некалькі гадзін летуценных мінчан у Парыж, і размешчаныя побач дрэвы цэлы год зіхацяць яскравымі неонавымі агеньчыкамі.

Але вернемся да рэйтынга. На трэцім месцы размясціўся праспект Незалежнасці. Узнікае слушнае пытанне: чаму толькі на трэцім, бо тут размешчана рэкордная колькасць устаноў грамадскага харчавання — больш за 100? Справа ў тым, што яны раскіданыя па немалой працягласці галоўнай магістралі горада, таму не ўтвараюць так званы гастранамічны калідор. Як няцяжка здагадацца, групуюцца кафэ паблізу станцый метро, таму разлічаны ў асноўным на наведвальнікаў з досыць сціплым бюджэтам.

Рэ­ста­ран су­час­най бе­ла­рус­кай кух­ні  на Каст­рыч­ніц­кай.

Следам за праспектам Незалежнасці ідзе самая старая вуліца горада — Няміга. Тут таксама свая атмасфера, «каралямі» гэтай вуліцы можна назваць распаўсюджаныя ва ўсім свеце сеткі фаст-фуду. А дзе не вельмі карысная, але так добра разрэкламаваная ежа, там і падлеткі. Заказаўшы адну газіроўку на семярых, яны могуць гадзінамі сядзець у такой установе, асабліва калі там ёсць беспарольны бясплатны вай-фай.

Замыкае першую пяцёрку вуліца, вядомая далёка не сваімі кулінарнымі вынаходкамі. Яе назва ўжо нават выкарыстоўваецца як намінальная. Гэта Зыбіцкая, са сваёй неверагоднай колькасцю бараў, якія дзясяткамі размяшчаюцца не тое што на адной вуліцы, а ў адным будынку. І ўсё ж гурманам тут лавіць няма чаго: пералік страў на выбар у большасці бараў не перавышае пяці пазіцый. Тут у пашане вулічная ежа, якой аддае перавагу моладзь, — наступны ўзровень пасля фаст-фуду ў выхаванні добрага густу ў харчаванні. Самай эпічнай у гэтым плане з'яўляецца, мабыць, шаўрма. Напэўна, ні пра адну страву не ходзіць столькі жартаў. Маладыя людзі яе так любяць, што не раз на Зыбіцкай нават здараліся бойкі за месца ў чарзе.

Дра­ні­кі з ка­ра­мель­ным ма­ро­жа­ным.

Новы погляд на традыцыі

Працяг рэйтынга яшчэ цікавейшы. Тут якраз з'яўляюцца месцы для сапраўдных знаўцаў смакавых уражанняў. На вуліцы Рэвалюцыйнай вельмі аднастайны склад рэстаранаў, усе яны спецыялізуюцца на аўтарскай кухні. Але ёсць адзін нюанс. Гэта аўтарская кухня без аўтара, таму што вядомасць мінскіх кухараў пакуль на вельмі нізкім узроўні. Разлічваць на лаўры, як у серыяле «Кухня», не выпадае, наведвальнікі прыходзяць не па стравы ад «таго самага», а, хутчэй, па прэстыж.

На сёмым месцы яшчэ адна «тусовачная» вуліца — Кастрычніцкая. Пакуль «лідарамі рынку» тут з'яўляюцца вечна запоўненыя людзьмі кафэ, якія прапануюць бліны і сандвічы. Але нядаўна адкрыўся новы рэстаран, які ўжо трапіў ва ўсе гастранамічныя карты горада. Яго спецыфіка ў тым, што наведвальнікам прапануюць пакаштаваць стравы сучаснай беларускай кухні. І ключавое слова тут менавіта сучасная. Ніякіх звыклых дранікаў, пальцам пханай каўбасы і наварыстай капусты. Вас чакае суп з асятрыны з вэнджанай смятанай і бісквіт з бураком і мерэнгай.

Гараджане, якія ўжо там пабывалі, адзначаюць незвычайнасць смакаў, якую, праўда, далёка не ўсе гатовыя прыняць. Затое велізарны плюс у тым, што ўсе стравы гатуюцца выключна з беларускіх прадуктаў.

Што да працягу рэйтынга, то сваё месца ў ім знайшлі таксама вуліцы Сурганава і Кульман. Дарэчы, другая славіцца сваім фаст-фудам, у прыватнасці, той самай шаўрмой — пагаворваюць, што менавіта тут яна самая лепшая ў горадзе. Замыкае спіс праспект Пераможцаў, які пакуль яшчэ толькі набірае абароты: большасць аб'ектаў грамадскага харчавання прадстаўлена тут у гандлёвых цэнтрах і гасцініцах.

Нягледзячы на тое, што вуліца, на якой размешчана кафэ, дзе гатуюць гэту страву, у рэйтынг не трапіла, нельга не адзначыць адзін з новых гастранамічных сімвалаў горада. Кажуць, што, напрыклад, у Львове абавязкова трэба пакаштаваць вішнёвую наліўку, а ў Рыме шакаладнае джалата. Падобны сімвал з'явіўся і ў беларускай сталіцы. Вы здзівіцеся, але гэта... дранікі з карамельным марожаным. Што тут сказаць, акрамя як — смачна есці!

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ад каралеўскай шаўрмы да бісквіту з бураком

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.