Вы тут

Сталі вядомыя вынікі Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу


У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі скончыўся VІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум — значная падзея не толькі для беларусаў, але і для аматараў опернага майстэрства з іншых краін.


Ду­эт  Сар­гі­са Баж­бе­у­ка-Ме­лі­кя­на  (Кан­чак)  і Ста­ні­сла­ва Тры­фа­на­ва  (да ро­лі кня­зя Іга­ра).

Першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Рылатка заўважыў, што працэнт опернай публікі ў тэатрах з кожным годам павялічваецца. І VІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум цалкам пацвярджае гэтую тэндэнцыю: паглядзець на спектаклі форуму штодня збіралася поўная зала. Вялікі тэатр Беларусі паказаў тры прэм'еры сёлета. Распачала шэраг выступленняў «Чароўная флейта» В. А. Моцарта ад рэжысёра-пастаноўшчыка Ханса Ёахіма Фрая. Гучнымі авацыямі сустрэлі Надзею Кучар у ролі Царыцы ночы — двойчы лаўрэат Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска», уладальніца ганаровага тытула «Спявак свету» бліскуча выканала свае арыі. Адразу за «Чароўнай флейтай» гледачам прапанавалі спектакль ад галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Беларусі Міхаіла Панджавідзэ «Сельскі гонар».

Шосты раз паказалі асучасненую «Травіяту» ад латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса. Дарэчы, спроба перанесці дзеянне традыцыйных спектакляў у наш час ператвараецца ў адмысловую заканамернасць. Так, разынкай Каляднага опернага форуму стала опера Жоржа Бізэ «Кармэн» у інтэрпрэтацыі рэжысёра Беаты Рэдо-Добер і артыстаў Падляскай оперы і філармоніі (Еўрапейскі цэнтр мастацтваў у Беластоку). Пастаноўка зрабіла камплімент сцэне Вялікага тэатра Беларусі, бо прадэманстравала яе тэхнічныя магчымасці. Знайшлося месца нават для аўтамабіля, на якім падчас спектакля ездзілі салдаты ў сучаснай вопратцы колеру хакі. Беата Рэдо-Добер выступіла не толькі ў ролі рэжысёра, але і мастака-пастаноўшчыка (сцэнаграфія і касцюмы). Такое спалучэнне задач у адной асобе надало цэльнасці візуальнаму абліччу спектакля, і нават асучасненыя касцюмы не выглядалі чужародным элементам на фоне падзей навелы Праспера Мерымэ. У Беаты Рэдо-Добер атрымалася стварыць вельмі арганічнае (а, галоўнае, матываванае з пункту гледжання развіцця сюжэту) колеравае вырашэнне кожнай дзеі. Пякучая чырвона-чорная афарбоўка сцэны і касцюмаў у таверне Ліласа Пасцьі; халоднае, бы лязо кінжала, шэра-сталёвае афармленне дуэлі ў гарах; нарэшце, эфектная чорна-белая заключная сцэна. Яна атрымалася асабліва красамоўнай: белая, бы вясельная, сукенка Кармэн, чорныя карункавыя строі хору (здаецца, што артысты апраналіся на пахаванне) і яркі акцэнт — чырвоная хустка, сімвал крывавага забойства цыганкі...

Партыю Кармэн выканала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава. Не саступала беларускай опернай дзіве польская спявачка Катажына Трыльнік (сапрана), якая пераканаўча ўвасобіла саперніцу Кармэн — Мікаэлу. Ні чырвоныя валасы (у арыгінале Мікаэла падаецца як бландзінка), ні джынсавыя шорты, ні куртка-касуха не здолелі схаваць выключную жаноцкасць і вакальнае майстэрства артысткі.

У межах Опернага форуму прайшоў і ІV Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў. Сёлета з дзесяці ўдзельнікаў фіналу шасцёра — прадстаўніцы жаночага голасу сапрана, але дзякуючы нестандартнаму для такіх спаборніцтваў фармату мінскі конкурс пазбег аднастайнасці: перад гледачом разгортваліся паўнавартасныя сцэнічныя выступы, і дуэты з артыстамі Вялікага тэатра Беларусі захапілі аўдыторыю. Нездарма фіналісты Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў атрымліваюць запрашэнні на праслухоўванні ў вядучыя оперныя тэатры свету: выканаўцы дэманструюць на сцэне ўсе свае таленты, ад вакальных здольнасцяў да акцёрскага майстэрства. Як і ў 2016 годзе, трыумфатарам конкурсу стаў спявак з Арменіі. Гран-пры заваяваў бас Саргіс Бажбеук-Мелікян, які выйшаў у вобразе хана Канчака з оперы А. Барадзіна «Князь Ігар» разам з заслужаным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Станіславам Трыфанавым.

— Гран-пры для мяне — сюрпрыз, — падзяліўся ўражаннямі ад перамогі Саргіс Бажбеук-Мелікян. — Да таго ж прыезд у Беларусь — падзея асабістая, бо тут нарадзілася мая бабуля. У 20 гадоў я пакінуў архітэктурную спецыяльнасць дзеля оперы, і ўсё так добра склалася! Абяцаю і надалей працаваць над сабой у гэтай сферы.

Гэтым разам пераможцаў конкурсу аказалася больш, чым планавалася: другое і трэцяе месца занялі некалькі артыстаў. ІІІ прэмія — цалкам мужчынская, яе падзялілі беларускі тэнар Аляксандр Гелах і расійскі барытон Канстанцін Сучкоў. ІІ прэмію заслужылі сапрана Ксенія Бахрытдзінава (Украіна) і Марыя Галкіна (Беларусь), якая адразу атрымала запрашэнне ў трупу Вялікага тэатра Беларусі ад генеральнага дырэктара тэатра і старшыні журы конкурсу Уладзіміра Грыдзюшкі. І прэмію ўзяў яшчэ адзін барытон: узнагарода засталася за Сяргеем Кайдалавым (Расія). Ён прымераў на сябе вобраз Яўгенія Анегіна ў заключнай сцэне Таццяны і Анегіна з оперы Пятра Чайкоўскага.

Падчас прэс-канферэнцыі журы зазначыла, што будучыня опернага свету залежыць ад страсці маладых спевакоў. Калі так, то пасля фінальнага канцэрта за оперу можна не хвалявацца — гледачы высока ацанілі творчы запал канкурсантаў. І прадэманстравалі незвычайнае пастаянства: калі артыст аднойчы скарыў беларускую аўдыторыю, яна будзе падтрымліваць яго і надалей. Прыз сімпатый гледачоў, як і летась, заваявала сапрана Вялікага тэатра Беларусі Маргарыта Ляўчук. Для фінальнага выступлення артыстка абрала сцэну з уласнага рэпертуару: дуэт Віялеты і Жэрмона з оперы «Травіята» ў пастаноўцы рэжысёра Андрэйса Жаргаса.

Пакуль журы вызначала пераможцаў, маладыя артысты Вялікага тэатра Беларусі прадставілі гледачу оперныя шэдэўры ад Даніцэці, Вердзі, Дэліба, Моцарта, Сен-Санса, Гендэля, Рахманінава ды іншых вядомых кампазітараў. Сярод іх выступіў і ўладальнік ІІ прэміі ІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў Аляксандр Міхнюк. Да беларускіх спевакоў далучыўся ўладальнік рэдкага мужчынскага голасу кантратэнар, заслужаны артыст Азербайджана, саліст Бакінскай філармоніі Ільхам Назараў.

Найлепшыя беларускія артысты, запрошаныя выканаўцы, а таксама трыумфатары Каляднага конкурсу вакалістаў розных гадоў выступілі ў апошні дзень VІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму на гала-канцэрце зорак сусветнай оперы. Эфектнае завяршэнне мінскага свята высокага мастацтва яшчэ раз паказала: любоў беларускага гледача да оперы цалкам матываваная.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фо­та Тац­ця­ны ТКА­ЧО­ВАЙ

Загаловак у газеце: Віват, опера!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.