Вы тут

Алена Мальчэўская: Часопіс імкнецца выбіраць толькі найлепшае


Найстарэйшае літаратурнае выданне краіны часопіс «Полымя» ў гэтым снежні святкуе сваё 95-годдзе. А ўчора ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся прымеркаваны да юбілею адмысловы круглы стол. З гэтай нагоды мы задалі некалькі пытанняў сённяшняму галоўнаму рэдактару часопіса Алене Мальчэўскай, якая хочаш-не хочаш сёння адказвае за вобраз выдання, у мінулым якога фігуруюць найвядомейшыя персоны беларускай літаратуры.


— Фарміраванне часопіса «Полымя» адбывалася з удзелам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага ды іншых аўтараў, якіх сёння мы лічым класікамі. А як у выдання складваецца кантакт з пісьменніцкай супольнасцю сёння?

— Гэты кантакт самы шырокі: «Полымя» — вельмі дэмакратычны і адкрыты часопіс для ўсіх пакаленняў, стыляў і плыняў. У нас шырокія сувязі і заўсёды адчыненыя дзверы. Вядома, у кантэксце, у якім мы існуем больш за паўстагоддзя, ёсць пэўныя традыцыі, напрыклад, маладыя аўтары больш прыхільныя да часопіса «Маладосць», і гэта зразумела, хоць і не значыць, што «Полымя» не друкуе маладых. У цэлым папярэднікамі зададзена высокая планка, і часопіс як найстарэйшае літаратурнае выданне краіны імкнецца выбіраць толькі найлепшае.

— А як адбываецца той самы адбор? Ці ёсць у вас сфарміраваны шэраг крытэрыяў, каб выбіраць і адсейваць?

— Структура ўсіх літаратурных часопісаў больш-менш падобная: звычайна, у адным блоку — проза, паэзія, сучасны літаратурны працэс, а ў другім — крытыка, літаратуразнаўства, работа з архівамі. Першай ступенню для твора з'яўляецца адпаведны аддзел. У нас вялікая плынь так званага самацёку, які ў першую чаргу фільтруецца на ўзроўні рэдактара аддзела. Бываюць складаныя рашэнні, тады задзейнічаным аказваецца больш шырокае кола супрацоўнікаў. Зразумела, некаму з той ці іншай прычыны вымушаны адмовіць у публікацыі, але мы з цікавасцю ставімся да кожнага допісу. Часопіс таксама адсочвае ці нават пільнуе літаратурны працэс, і калі мы ведаем, што нехта з празаікаў, паэтаў ці архівістаў працуе над чым-небудзь цікавым, мы звяртаемся з прапановай. Мы скіраваны на тое, каб адлюстроўваць сучасную літаратуру, паказваць, якія якасці яна набывае, а якія — страчвае, у які бок развіваецца.

— Не будзе памылкай сказаць, што адным з дасягненняў часопіса з'яўляецца адкрыццё новых імёнаў у літаратуры?

— Канешне, не будзе памылкай, усе да гэтага імкнуцца. Калі адбываецца адкрыццё новага імя, гэта лічыцца вялікай удачай. Мы працуем над тым, каб з'яўляліся вершы ці апавяданні новых аўтараў, так «Полымя» становіцца пляцоўкай, дзе чалавек можа заявіць пра сябе ў голас. Як прыклад адкрыцця — ён падабаецца мне асабіста — назаву ўспаміны Льва Коласава. Па сутнасці, гэта публіцыстыка, але асаблівага таленту. Аўтар — філатэліст, інжынер, калекцыянер — расказвае пра сваё жыццё ў акупаваным Лунінцы і дэманструе вельмі цікавы погляд. Дзякуючы падбору дэталяў ты адчуваеш сябе ўдзельнікам тых падзей, праз будзённае жыццё спазнаеш той час. У аўтара няпросты лёс: за некалькі дзён да вызвалення Лунінца, калі хлопцу было каля адзінаццаці гадоў, ён разам з бацькамі быў вывезены ў Германію на прымусовыя работы. Цяпер мы рыхтуем яго чарговыя ўспаміны, прысвечаныя гэтаму перыяду.

— А ці можна казаць пра нейкія адкрыцці ў архіўнай працы?

— Адкрыццё невядомага пра вядомае для нас таксама становіцца гонарам. Дванаццаты нумар гэтага года змясціў у сабе моцны архіўны блок, галоўным набыткам якога з'яўляецца артыкул Якуба Коласа, некалі надрукаваны ў газеце «Минское слово». Спасылкі на тэкст былі, але сама газета ў Беларусі не захавалася. Даследчыца Вера Міцкевіч дзякуючы расійскім бібліятэчным фондам здабыла гэты невялікі артыкул, які мы і надрукавалі. Якуб Колас тут піша пра настаўніцкі з'езд і прапануе свой погляд на яго, які ідзе ўразрэз з афіцыйна прынятай інтэрпрэтацыяй тых падзей.

У восьмым нумары за гэты год упершыню па-беларуску загучаў «Зялёны луг» Барыса Мікуліча — гэта важнае імя для беларускай літаратуры, але забытае. Некалькі гадоў таму Святлана Воцінава падрыхтавала надзвычай цікавы тэкст пра ліставанне Стэфаніі Станюты. Гэта вельмі загадкавая гісторыя, аўтара лістоў вызначыць немагчыма, але мы ведаем, што Стэфанія Станюта ўсё жыццё вазіла іх з сабой. Пранікнёны, чулы, па-добраму сціплы матэрыял паказаў быт, абставіны і пачуцці людзей даваеннага часу. Звычайна мы ўяўляем Стэфанію Станюту ў больш сталых гадах, а гэта было адкрыццё яе ў гады маладосці.

Адкрыцці бываюць і ў перакладной рубрыцы «Галасы свету», дзякуючы якой беларускі чытач можа на беларускай мове спазнаць літаратуру іншых краін. Адной з радасцяў апошняга часу стаў адзінаццаты нумар за гэты год: мы зрабілі яго сумесна з пасольствам Румыніі і змясцілі ў ім румынскую паэзію і літаратуру.

Гутарыла Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.