Вы тут

На «Беларусьфільме» знялі карціну пра фатографа-краязнаўца


Апошнім часам мы паглыбіліся ў незалежныя дакументальныя кінапраекты з іх каштоўнымі знакамі краіны і адначасова ўніверсальнымі ідэямі. Праграма сёлетняга Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад», які ўжо каторы год становіцца пэўным гідам па беларускім кіно, аддала перавагу незалежным фільмам не толькі, што натуральна, у ігравым сектары, але і ў дакументальным, хоць сцяг беларускай дакументалістыкі здаўна трымае менавіта студыя «Летапіс» «Беларусьфільма». Затое ў Асноўны конкурс дакументальнага кіно, у міжнародную падборку, трапіла якраз карціна, створаная на Нацыянальнай кінастудыі, — фільм «Сяргей Плыткевіч: чалавек з фотаапаратам» Вольгі Дашук. Тут знакі Беларусі, дакладней, беларускай прыроды, — проста літаральныя. Разбіраемся, што гэта за карціна.


Адным з курсаў Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно сёлетняга «Лістапада» быў курс на асобу, дзякуючы чаму ў праграму трапілі польскі фільм «Прынц і Дыбук» пра арыстакрата ў выгнанні, рэжысёра і прадзюсара Міхала Вашынскага, расійскі дэбют «Апошні вальс» пра кампазітара Алега Каравайчука, харвацкая работа «Маё жыццё без паветра» аб прадстаўніку спецыфічнага віду спорту і іншыя.

У канцэпцыю ўпісалася таксама беларуская карціна пра Сяргея Плыткевіча, якога сёння называюць адным з найвядомейшых фатографаў дзікай прыроды. Ён вандруе па краіне і праз свае работы паказвае вядомыя і малавядомыя бакі Беларусі, закрыты для звычайнага чалавека свет дзікіх жывёл. Здымачная група з кінакамерай вандравала разам з Плыткевічам і таксама, як і ён, сядзела ў засадзе, праўда, каб засняць не лася, а свайго героя і яго асяроддзе. На гэтым у выніку пабудаваны ўвесь фільм.

Трэба аддаць належнае аўтару: сваю карціну яна зрабіла хутчэй пра дзейнасць краязнаўчага фатографа ў цэлым, чым пра Сяргея Плыткевіча ў прыватнасці. Так бы мовіць, правільна расставіла акцэнты: асобе тут аддаецца на столькі перавагі, на колькі яна здольная быць цікавейшай за краязнаўчую фатаграфію ўвогуле. У выніку атрымалася збалансаванае кіно, у якім — беларуская тэрыторыя, персанажы, што маюць дачыненне да дзікай прыроды, і, нарэшце, сам герой.

Тое, што вы ўбачыце ў фільме, магчыма, можна назваць унікальным. Фотапаляванне на ласёў і цішыня чакання, стварэнне штучных гнёздаў для арлоў і кантакт арнітолага з глушцом ды самі будні краязнаўчага фатографа, які днямі знаходзіцца ў экспедыцыях. Праўда, багатай фактурай, якую рэжысёр сабрала падчас сумесных экспедыцый, каштоўнасць фільма для мяне вычэрпваецца. Здымачная група цярпела дыскамфорт, блукала па багне і па лясах, падчэквала ў цішыні разам са сваім героем, а ў выніку з адзнятага зрабіла нядрэнную выбарку. Але фільм пра краязнаўчага фатографа застаецца фільмам для суполкі фатографаў.

Вольга Дашук, дачка вядомага дакументаліста Віктара Дашука і жонка не менш вядомага рэжысёра Віктара Аслюка, сама не мае патрэбы ў прадстаўленні. Яшчэ нядаўна мы глядзелі яе кароткаметражную карціну «Партрэт», якую яна зняла па схеме, запазычанай у польскага фільма «Гаваркія галовы» Кшыштафа Кеслёўскага. То-бок паказала шэраг персанажаў, якія адказвалі на яе пытанні і такім чынам стваралі партрэт жыхара краіны і апасродкавана — самой краіны. І хоць з пункту гледжання прафесійнай рэжысуры гэты фільм даволі просты, за кошт рознага кшталту дробных рашэнняў і ўласна за кошт самога зместу ён кінематаграфічна каштоўны. І калі «Партрэт» мае амбіцыйныя планы ахапіць глабальныя рэчы — грамадства, сучаснасць, краіну, то новы фільм рэжысёра звужае амбіцыі і канцэнтруецца быццам на адным героі. Рэжысёр закранула не проста краязнаўчага фатографа, а фатографа, на плёнцы якога засталіся найважнейшыя падзеі сучаснай гісторыі Беларусі. Але гэты намёк настолькі мімалётны, што магчымасці замахнуцца на больш шырокі кантэкст не ўзнікае.

Назва адсылае да асноватворнага дакументальнага фільма Дзігі Вертава «Чалавек з кінаапаратам», знятага ў 1929 годзе. Сутнасць яго ў самой фіксацыі кінаапаратам — кінавокам — таго, што адбываецца навокал. Чалавек тут існуе толькі намінальна, нам і разгледзець яго складана, затое кінаапарат здольны заходзіць у самыя нават інтымныя сферы жыцця, трапляць у незвычайныя месцы дзеля цікавага ракурсу, быць амаль што ўсюдыісным. Напэўна, такія якасці хацела падкрэсліць Вольга Дашук, маючы на ўвазе работу Сяргея Плыткевіча.

Цікавая фактура, баланс і прыгожая адсылка — гэтым фільм «Сяргей Плыткевіч: чалавек з фотаапаратам», напэўна, і абмяжоўваецца. Удалая ў рамках сваёй задачы карціна намякае хутчэй, што задачы мы часам ставім не тыя.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ахарактарызаваць героя праз адсылку да Дзігі Вертава

Каментары

Выдатны чалавек і фатограф!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.

Грамадства

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Андрэй Кароль: Студэнтаў трэба задзейнічаць у кухні па «прыгатаванні» ведаў

Рэктар БДУ пра нешаблоннае мысленне, эўрыстычнае навучанне і адмаўленне ад маналогу.

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.