Вы тут

Навошта Андора «засвеціць» мільянераў?


Літаральна праз тыдзень — з пачатку 2018 года — Андора адменіць банкаўскую таямніцу і зробіць здабыткам галоснасці спісы ўкладчыкаў. Княства мае намер пачаць прадастаўляць усім краінам фінансавую інфармацыю пра грамадзян, якія маюць на рахунках у краіне больш за 1 мільён долараў, паведаміў Deutche Welle прадстаўнік Асацыяцыі андорскіх банкаў Жан Арнан. А у 2019 годзе банкаўская таямніца будзе знятая і з усіх астатніх рахункаў. Да гэтага часу ў Андоры існавала найстражэйшая практыка — звесткі пра імёны і прозвішчы кліентаў, а таксама укладзеныя імі сумы не выдаваліся (за выключэннем кліентаў з краін Еўрасаюза). У банкаўскіх дакументах пазначаліся толькі прысвоеныя той ці іншай асобе нумары. Навошта Андора адмаўляецца ад прывабных афшорных даходаў і на чым мяркуе зарабляць надалей?


Кароль Барыс І з-пад Ліды

Спачатку колькі патрэбнай статыстыкі. Княства Андора — адна з карлікавых дзяржаў Еўропы, размешчаная паміж Францыяй і Іспаніяй ва ўсходніх Пірэнеях. Выхаду да мора краіна не мае. Тэрыторыя княства 468 кв. км. Сталіца — горад Андора-ла-Велья. Знаходзячыся на вышыні ў 1029 метраў над узроўнем мора, з'яўляецца самай высакагорнай сталіцай Старога Свету.

Гісторыя княства налічвае больш за тысячагоддзе. Першая афіцыйная згадка пра тэрыторыю датуецца 778 годам. У 790-м незалежнасць Андоры была гарантаваная франкскім каралём Карлам Вялікім. Праз 15 гадоў было заснавана княства Андора. Калі Людовік І Набожны разбіў сарацынаў дзякуючы таму, што жыхары тутэйшай абшчыны правялі франкскае войска ў тыл арабам, за гэтую дапамогу кароль дараваў суполцы Вялікую Хартыю свабоды (Magna Carta). Фактычна статус дзяржавы вызначыўся ў 1278 годзе, калі было заключана пагадненне паміж французскім графам дэ Фуа і іспанскім біскупам Урхельскім аб усталяванні падвойнага суверэнітэту Андоры. На гэтых краінах дасюль ляжыць адказнасць за абарону Андоры.

Цікава, што да 1993-га андорцы выплачвалі сваім сюзерэнам штогадовую даніну: 960 франкаў — прэзідэнту Французскай Рэспублікі, а 460 песет, 12 галовак сыру, 12 каплуноў, 12 курапатак, 6 кумпякоў — Урхельскому біскупу. Паводле канстытуцыі 1993 года, княства Андора — парламенцкая дэмакратыя. Кіраўнікамі дзяржавы застаюцца князі-суправіцелі, прадстаўленыя ў Андоры сваімі намеснікамі («віг'е»). Аднак іх улада ў асноўным намінальная.

Яшчэ адзін, на мой погляд, вельмі адметны факт з гісторыі княства. У 1934 годзе Барыс Скосыраў (дарэчы, наш зямляк — яго дзяцінства прайшло ў маёнтку Лебяда каля Ліды) прапанаваў сябе ў якасці караля Андоры. Генеральная Рада фактычна аднагалосна двойчы прагаласавала за план Скосырава і легітымна зацвердзіла яго каралём. Так пачалося нядоўгае (менш за два тыдні) праўленне Барыса І — адзінага ўласнага караля ў гісторыі Андоры. Менавіта Скосыраў даў Андоры першую Канстытуцыю — самую кароткую ў свеце (складалася ўсяго з 17 пунктаў). У ёй гарантаваліся грамадзянскія правы і свабоды. Даследчыкі адзначаюць, што многія ідэі дакумента апярэджвалі свой час. У прыватнасці, абвяшчэнне развіцця княства на аснове бяспошліннай эканомікі і стымуляванне турызму. «Хопіць жыць на завуголлі гісторыі! Андора павінна прыцягваць банкаўскі і гандлёвы капітал», — казаў Скосыраў у тым жа 1934-м, яго словы і сёння гучаць актуальна.

Андорцы адметным чынам падтрымлівалі свой нейтралітэт — тут не будаваліся дарогі. Таму прабрацца ў горную краіну імкнуліся нямногія заваёўнікі. Супраціўляліся андорцы і распаўсюджванню тэхнічных навінак, напрыклад пілавалі тэлеграфныя слупы. Стваралася «прыродная ізаляцыя». Толькі ў пачатку 1930-х Іспанія і Францыя пачалі будаваць аўтамабільную дарогу, быў пракладзены высакавольтны кабель. Палітычная структура ўлады тут пачала фарміравацца толькі ў 1970-х, калі была створана першая партыя. У 1993 годзе Андора ўступае ў ААН, а налета становіцца членам Савета Еўропы.

Выйсці з «ценю»

Княства ўжо даўно здабыло сабе славу падатковага «аазіса» (афшора) для багатых. Сёння ў Андоры стаўка падатку для фізічных і юрыдычных асоб усталяваная на ўзроўні 10 працэнтаў. Стаўка ПДВ складае 4,5 працэнта. Яе можна назваць цалкам прымальнай для карлікавай краіны. Аднак надалей магчымасць захоўваць свае сумнеўныя капіталы на гэтай тэрыторыі губляе сваю былую прывабнасць. Парламент, вядомы як Генеральны савет далін Андоры, прыняў закон, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне ў выпадку ўхілення ад выплаты падаткаў. Савет аднагалосна падтрымаў гэты законапраект падчас свайго пасяджэння яшчэ ў ліпені. З 1 студзеня за ўхіленне ад выплаты падаткаў на суму ад 75 тысяч да 150 тысяч еўра прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў. Калі падатковы ўхіліст завінаваціўся дзяржаве больш за 150 тысяч еўра, яго чакае пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў. Цікава адзначыць, што аналагічнае пакаранне прадугледжана ў выпадку членства ў крымінальнай арганізацыі з мэтай адмывання грошай.

Разам з адменай банкаўскай таямніцы падобныя меры выглядаюць рашучым крокам па выхаду з «ценю». Такім чынам, Андора выканае свае абавязацельствы перад міжнароднай супольнасцю, у першую чаргу — Еўрасаюзам, які неаднаразова скардзіўся, што яе банкаўскай сістэмай карыстаюцца зламыснікі з розных краін для захоўвання і адмывання злачынна нажытых капіталаў, а таксама асобы, якія не жадаюць плаціць падаткі са сваіх дывідэндаў. Прычына новаўвядзенняў — пераход княства на сусветныя стандарты працы Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР).

Цяпер у дзяржаве з насельніцтвам у 85,5 тысячы чалавек працуюць пяць банкаў — MoraBanc, AndBank, Credіt Andorra, Banc Sabadell d'Andorra і Vall Banc. Да 2015 года існаваў яшчэ Banca Prіvada de Andorra (BPA), які папаўся на тым, што адмываў грошы сумнеўнага паходжання з усяго свету, і быў закрыты. Дарэчы, прынятыя законапраекты — гэта далёка не першыя крокі Андоры на шляху да ўстанаўлення празрыстага механізму падаткаабкладання. Імкненне гэтай краіны да празрыстай падатковай палітыкі можна адсачыць аж да 2010 года, калі АЭСР афіцыйна выкрасліла Андору са спісу падатковых «аазісаў», якія адмаўляюцца ісці на міжнароднае супрацоўніцтва.

Прынады для капіталу

У Андоры высокая якасць жыцця. Як паведаміў міністр фінансаў княства Жорзі Сінка, ВУП на душу насельніцтва па выніках мінулага года тут склаў €35 348. Па гэтым паказчыку маленечкае княства апярэджваюць толькі ЗША, Вялікабрытанія і Германія. Дзяржава займае 12-ю пазіцыю ў Іnternatіonal Lіvіng Іndex — даследаванні, якое вымярае якасць жыцця па эканамічных і сацыяльных паказчыках, а таксама 12-е месца ў свеце па сярэдняй працягласці жыцця. У свежым Healthcare Access and Qualіty Іndex Андора заняла першае месца па эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя.

Краіна, дабрабыт якой шмат у чым (а дакладней — у асноўным — фарміруецца звыш 80 працэнтаў ВУП) вызначаецца станам турыстычнай галіны, апошнім часам звяртае ўсё большую ўвагу на паляпшэнне сваёй сувязі з навакольным светам. Як адзначае La Vanguardіa, на працягу некалькіх гадоў Андора практычна вырашыла праблему дарог, пашырыўшы іх і ліквідаваўшы чаргу і заторы, якія ўзнікалі з прычыны нізкай прапускной здольнасці трас, што злучаюць княства з Іспаніяй.

Паводле ацэнкі экспертаў, Андору штогод наведваюць больш чым 10 млн турыстаў. Улетку іх прыцягваюць маляўнічыя горныя ландшафты і помнікі Сярэднявечча (у краіне каля паўсотні цэркваў ХІ—ХІІ стагоддзяў). Узімку Андора становіцца «раем» для аматараў гарналыжнага спорту. Шмат замежнікаў прыязджае ў Андору на адзін дзень з суседніх Францыі і Іспаніі, каб здзейсніць выгадныя пакупкі, карыстаючыся больш нізкімі цэнамі, — следства адсутнасці ў краіне мытных пошлін на многія тавары. Развіццё турызму прыцягнула ў княства замежныя капіталаўкладанні і спрыяла пашырэнню будаўніцтва і росту цэн на зямельныя ўчасткі. Дзяржава прымае мінімальны ўдзел у кіраванні эканомікай, і прыватнае прадпрымальніцтва дзейнічае амаль неабмежавана. Так што стаўка на турызм і актыўнае развіццё адпаведнай інфраструктуры — відавочна прадукцыйны шлях. Такім чынам княства апраўдана мяркуе ўмацаваць свой і без таго нядрэнны дабрабыт.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Скрыня Андоры

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.