Вы тут

Захапленне сэлфі можа з'яўляцца прыкметай псіхічнага расстройства


Два псіхолагі-даследчыкі напісалі артыкул, у якім выказалі здагадку, што людзі, якія пастаянна размяшчаюць сэлфі ў сацыяльных сетках, магчыма, пакутуюць на псіхічныя парушэнні пад назвай «сэлфіціс». Аднак іншых навукоўцаў гэтыя аргументы не пераканалі, прычым некаторыя нават назвалі само гэта даследаванне «небяспечным».


У многіх цяперашніх, асабліва маладых, людзей ёсць акаўнты ў Інстаграме або іншай сацыяльнай сетцы з фотаўхілам, запоўненыя іх уласнымі выявамі. Сэлфі («сябешкі») — аўтапартрэты, зробленыя з дапамогай тэлефона ці фотаапарата, — настолькі ўкараніліся ў нашым жыцці, што мы не бачым у іх ніякай праблемы. Аднак, на думку двух псіхолагаў, людзі, якія пастаянна робяць сэлфі і размяшчаюць іх у сацсетках, магчыма, наносяць шкоду свайму псіхічнаму здароўю.

У 2014 годзе ў адным артыкуле-містыфікацыі ўпершыню з'явіўся выдуманы тэрмін «сэлфіціс», прычым аўтары сцвярджалі, што Амерыканская псіхіятрычная асацыяцыя вось-вось прызнае нястрымную ахвоту да сэлфі сапраўдным псіхічным расстройствам. На працягу трох гадоў двое даследчыкаў назіралі за гэтай з'явай і вырашылі, што на самай справе гэты выдуманы тэрмін не зусім пазбаўлены сэнсу. Брытанскія псіхолагі Марк Грыфітс і Джанартанан Балакрышнан апублікавалі артыкул у часопісе Іntеrnаtіоnаl Jоurnаl оf Mеntаl Hеаlth аnd Аddісtіоn, у якім сцвярджалі, што «сэлфіціс» з'яўляецца цалкам рэальным расстройствам, і можа быць дыягнаставаны як празмернае захапленне сэлфі. Яны нават распрацавалі «шкалу праяў сэлфіціса», правёўшы даследаванне паводзін 400 удзельнікаў у Індыі.

Гэтая шкала ацэньвае сур'ёзнасць засмучэння, вылучаючы тры ступені цяжкасці. Існуюць памежныя выпадкі, калі хтосьці фатаграфуе сам сябе не менш за тры разы штодзень, але не публікуе гэтыя здымкі ў сацыяльных сетках. Наступны ўзровень — «востры»: гэта азначае, што людзі публікуюць усе свае сэлфі. І, нарэшце, «хранічная» стадыя. Тут гаворка ідзе пра людзей, якія не ў стане кантраляваць жаданне пастаянна фатаграфаваць саміх сябе і штодня размяшчаюць у сеціве не менш за шэсць такіх здымкаў.

Удзельнікам апытання прапаноўвалася выказаць сваё меркаванне з нагоды такіх сцвярджэнняў, як «я адчуваю сябе больш папулярным, калі размяшчаю свае сэлфі ў сацыяльных сетках» або «калі я не раблю сэлфі, я адчуваю сябе адарваным ад сваіх аднадумцаў». «Як правіла, людзі з падобным псіхічным расстройствам пакутуюць ад недахопу ўпэўненасці ў сабе, таму яны імкнуцца «адпавядаць» свайму асяроддзю і могуць праяўляць сімптомы, падобныя на іншыя віды патэнцыйнай залежнасці», — адзначае Балакрышнан. — Цяпер, калі існаванне расстройства можна лічыць даказаным, з'явілася надзея на тое, што будуць праведзены дадатковыя даследаванні з мэтай лепш зразумець, як і чаму людзі трапляюць у такі патэнцыйна назойлівы стан і што можна зрабіць, каб дапамагчы тым, хто ўжо дасягнуў хранічнай стадыі».

Аднак не ўсіх калег пераканалі аргументы Грыфітса і Балакрышнана. Так, у гутарцы з карэспандэнтам Thе Tеlеgrарh афіцыйны прадстаўнік Каралеўскага псыхіятрычнага каледжа Марк Солтэр заявіў, што «сэлфіціса» не існуе і што спробы характарызаваць падобным чынам паводзіны людзей проста безадказныя. «Існуе тэндэнцыя, якая зводзіцца да спроб вызначыць цэлы шэраг складаных і заблытаных праяў чалавечых паводзін адным агульным тэрмінам, — сказаў ён. — Але гэта само па сабе небяспечна, таму што такая практыка можа выдаваць нешта за рэальнасць, хоць на самай справе нічога падобнага няма»

Іван Купарвас

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: У вас ёсць сэлфіціс?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».