Вы тут

Як сабакі стаяць на абароне бяспекі чалавека і дзяржавы


Набліжаецца новы год, які па ўсходнім календары лічыцца годам Жоўтага сабакі. У кожнай краме цяпер прадаецца тысяча вырабаў з выявай гэтай жывёлы, якая стала сёлета адным з галоўных сімвалаў свята. Праўда, на ўкладзе жыцця згаданых прадстаўнікоў жывёльнага свету гэта ніяк не адбіваецца. Так, службовыя сабакі будуць працаваць нават у галоўную ноч года. У іх вельмі важная місія — патруляваць месцы масавых мерапрыемстваў. Дарэчы, з адным з тых, хто будзе забяспечваць спакой жыхароў сталіцы, мы пазнаёміліся асабіста, а заадно даведаліся аб сакрэтах працы кіналагічнай службы.


Сігнальная пастава замест тысячы слоў

На базе вайсковай часці 5448 у Мінску кіналагічны гарадок з'явіўся ў 1997 годзе. А вось адзіны кіналагічны цэнтр унутраных войскаў Беларусі знаходзіцца ў Магілёве. Менавіта туды адпраўляюцца па сабак ваеннаслужачыя часці. На месцы будучы гаспадар павінен адчуць — у кожнага свой метад, — хто стане яму верным паплечнікам. Пасля гэтага яны ўжо разам праходзяць першапачатковае навучанне на працягу ад месяца да чатырох у залежнасці ад таго, на якую «спецыяльнасць» рыхтуюць сабаку. На службу ён заступае ўжо ва ўзросце больш за год.

Чатырохлапы супрацоўнік можа асвоіць адзін з чатырох кірункаў. Пошук выбуховых рэчываў, пошук наркотыкаў, патрульна-вышуковую ці вартаўнічую дзейнасць. У сталічнай часці ўтрымліваюцца сабакі, якія спецыялізуюцца на першых двух кірунках. Што датычыцца патрульна-вышуковых сабак, то яны выкарыстоўваюцца ў стралковых падраздзяленнях у групах узмацнення пры суправаджэнні асуджаных. Вартаўнічыя ж ахоўваюць тэрыторыю ў папраўчых калоніях.

Адна з задач унутраных войскаў — выяўленне выбуховых прылад, іх абясшкоджванне і знішчэнне. У склад кожнай сапёрна-піратэхнічнай групы, якая выязджае па заяўках аб выяўленні падазроных прадметаў, у абавязковым парадку ўваходзіць навучаны сабака. Да небяспечнага месца ён падыходзіць першы, прынюхваецца і, калі адчувае адпаведны пах, падае сігнал. Часцей за ўсё гэта пастава «сядзець». Дакранацца да прадмета або брахаць у гэтым выпадку забаронена, каб не спрацаваў дэтанатар. І сабак вучаць пільна прытрымлівацца гэтых правілаў.

«Пастаяльцы» кіналагічнага гарадка таксама дапамагаюць органам унутраных спраў, у прыватнасці крымінальнай міліцыі. Калі ў падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ёсць падазрэнні аб месцы захоўвання забароненых рэчываў, правяраць яго нярэдка адпраўляецца спецыяліст-кінолаг разам са сваім гадаванцам. Гэта робіцца ў тым ліку і для таго, каб не парушаць грамадзянскія правы чалавека. Бо аб'ёмы тых жа наркотыкаў, часцей за ўсё, невялікія і, каб іх адшукаць, спецыялістам давялося праводзіць маштабны вобыск жылля або нават разбіраць машыну. Сабака ж хутка звужае вобласць пошуку і носам ці лапай паказвае канкрэтнае месца.

— Каля двух месяцаў таму быў паказальны выпадак. Прыйшла заяўка на вобыск памяшкання. На месца рушыў старшы інструктар групы спецыялістаў-кінолагаў батальёна забеспячэння, старшы прапаршчык Віталь Язінскі. Яго падапечная Пані хутка знайшла схрон наркотыкаў пад дываном, а пасля і «запасы» ў прыпаркаваных непадалёк аўтамабілях, агульная вага наркатычных рэчываў склала паўтара кілаграма. Праўда, у нас не прынята ўручаць сабакам узнагароды за службу. Атрымаць іх можна ў ходзе чэмпіянату ўнутраных войскаў. Дарэчы, Віталь і Пані ўвайшлі на ім у пяцёрку найлепшых, — расказаў начальнік кіналагічнай службы вайсковай часці 5448, маёр Іван Шкароўскі.

І ў снег, і ў спёку

У кіналагічным гарадку ёсць вучэбна-матэрыяльная база для дрэсіроўкі сабак, месца для іх утрымання і месца для размяшчэння асабовага складу — спецыялістаў-кінолагаў. Павільён разлічаны на 30 месцаў, кожны вальер — гэта памяшканне на паветры і «пакойчык» для халадоў. Вальеры імянныя, на іх шыльда з мянушкай сабакі і годам яго нараджэння. Дарэчы, служаць ва ўнутраных войсках сабакі звычайна да ўзросту васьмі гадоў. Пасля гэтага, калі сабака добра сябе адчувае, яго могуць перавесці ў разрад вартаўнічага, выстаўляць на блок-пасты, ахову аб'ектаў або папраўчых устаноў.

Усе сабакі часці — нямецкія аўчаркі. Ёсць яшчэ кокер-спаніэлі і лабрадоры, але яны жывуць дома ў гаспадароў і штодня разам з імі прыбываюць на службу. Насуперак забабонам пол, у адрозненне ад пароды, на здольнасцях да нясення службы ніяк не адбіваецца. А вось тэмперамент... Ён ва ўсіх сабак, нават адной пароды, адрозніваецца.

Дрэсіроўкай службовых сабак займаецца кожны спецыяліст-кінолаг самастойна пад кантролем начальніка групы ці камандзіра падраздзялення, якія сочаць за правільнасцю выбару методыкі. За адным спецыялістам можа быць замацаваны толькі адзін сабака. Выключэнне складаюць вартаўнічыя, іх колькасць можа даходзіць да пяці. Спецыялісты-кінолагі могуць быць вайскоўцамі, якія праходзяць як кантрактную, так і тэрміновую службу, таму сабака можа пераходзіць ад аднаго гаспадара да іншага. Але ні ў якім разе жывёла не лічыць за гаспадара двух чалавек адначасова. Дарэчы, пасля заканчэння службы сабаку, як правіла, забірае дадому яго апошні гаспадар.

Што датычыцца трэніровак, то яны праводзяцца рэгулярна, каб не губляліся навыкі. Сабак вучаць несці службу ў любы час сутак і ў любое надвор'е, каб яны прывыкалі да розных раздражняльнікаў. Акрамя таго, мяняюць мясцовасць: гэта можа быць і лес, і поле, і горад.

Паводле слоў Івана Шкароўскага, службовы сабака можа выехаць і на некалькі заданняў у дзень, галоўнае, каб паміж імі быў перапынак, і ён паспеў адпачыць. Нядаўна ўнутраныя войскі перавялі ўсіх гадаванцаў на сухі корм, у якім утрымліваецца высокі ўзровень пратэіну, вітамінаў, пажыўных рэчываў. Кормяць сабак два разы на дзень, раніцай і ўвечары, перад гэтым абавязковыя выгул і заняткі. Штодня іх аглядае ветэрынар.

Гладзіць можна смела

Дарэчы, сабак, нацэленых на пошук выбуховых або наркатычных рэчываў, агрэсіўна сябе паводзіць не вучаць. Таму вітаецца дружалюбны нораў, бо ім часта даводзіцца быць сярод людзей. У прысутнасці гаспадара іх нават можна смела пагладзіць. Нямецкая аўчарка Ром — выдатнае таму пацвярджэнне.

Інструктар вышуковага сабакі малодшы сяржант Уладзіслаў КАРАКОЎ (на здымку) ужо другі яго гаспадар. Да змены ўладальнікаў сабака прывык даволі хутка: клопат у выглядзе штодзённых кармленняў і заняткаў зрабіў сваю справу. Ром яшчэ малады, яму ўсяго два з паловай гады. І вельмі актыўны! Але справа, па словах Уладзіслава, не толькі ва ўзросце, але і ў тэмпераменце:

— Ён халерык, вельмі рухомы. У халерыкаў шмат энергіі, а значыць, трэба з ім часцей займацца. Пры гэтым Ром працуе актыўней, чым іншыя сабакі, не любіць сядзець на месцы. Існуе дзве разнавіднасці заахвочвання: гульня і прысмакі. Вось для Рома значна цікавей лішні раз пабегаць. І ўсё ж трэніроўкі не павінны доўжыцца больш за гадзіну, каб яго не ператамляць.

У агульны курс на пляцоўцы ўваходзяць снарады пад назвамі бум, метровы і двухметровы бар'ер, лаз, скразная лесвіца, канава. Уменне пераадольваць перашкоды вельмі дысцыплінуе, да таго ж, гэта карысна для сабачага здароўя. Прафесійныя трэніроўкі па пошуку забароненых рэчываў таксама праводзяць часта, мінімум тры разы на тыдзень. Падчас іх выкарыстоўваюць толькі натуральныя рэчывы, якія сабакі на рэальнай службе і будуць шукаць, але для жывёл гэта абсалютна бяспечна.

Уладзіслаў разам з Ромам, як і дзясяткі іншых спецыялістаў разам з сабакамі, у навагоднюю ноч будуць несці службу ў месцах масавых мерапрыемстваў. На свае вочы ўбачыўшы ўсю грунтоўнасць іх падрыхтоўкі, з упэўненасцю можна сказаць: гуляць па горадзе можна спакойна!

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фо­та Ган­ны За­нка­віч

Загаловак у газеце: Чатырохлапы салдат для нясення службы прыбыў!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.