Вы тут

Як супрацоўнік АМАПа стварае незвычайныя макеты


Аляксандра Трапачова можна назваць чалавекам, які не ў стане жыць без захаплення. Малодшы інспектар сувязі другой роты АМАП ГУУС Мінгарвыканкама піша вершы, добра майструе. Яго апошняе хобі, якое зацікавіла ўсю сям'ю, — праектаванне макетаў, што адлюстроўваюць розныя жыццёвыя сітуацыі.


Зорнае неба над... класнай дошкай

А пачалося ўсё амаль выпадкова каля чатырох гадоў таму. Малодшы сын Мацвей якраз пайшоў у дзіцячы садок, дзе ў выхавальнікаў разам з бацькамі ўзнікла думка, што малым неабходны наглядныя дапаможнікі. Гаворка ішла аб тым, каб рабіць іх з пачкаў запалак або падарункавых скрынак. Але, як прызнаецца Аляксандр, так несур'ёзна падыходзіць да справы ён не прывык. Таму ўзяў гэту задачу на сябе і вырабіў макет дзяжурнай часці міліцыі з ДВП. Дарэчы, з ініцыятыўным калектывам дзіцячага сада №170 супрацоўніцтва працягваецца і цяпер.

— Да творчасці адразу ж далучыліся дзеці і жонка. Хлопцы, напрыклад, малявалі міліцэйскую форму на чалавечках, якіх выдзелілі са сваіх цацак. Для макетаў яны нічога ніколі не шкадуюць, мы часам нават ладзім «кастынг»: што падыдзе, а што не. З участкам справіліся за два вечары, — расказвае старшы прапаршчык міліцыі.

Пасля першага макета новы від творчасці ўжо ўвайшоў у быт сям'і Трапачовых. Бацька нават звяртаўся па параду ў фірму, якая прафесійна займаецца стэндамі, два разы ўсёй сям'ёй хадзілі на выстаўку «Краіна міні». Там, дзе не хапала досведу, дапамагаў інтэрнэт. Аляксандр расказвае, што і сам з радасцю дзеліцца сваімі работамі і тэхналогіямі іх стварэння ў глабальным сеціве. Часам сістэмы настолькі складаныя, што прыходзіцца праводзіць разлікі па фізічных формулах. Тое і добра — якраз разам са старэйшым сынам Кірылам, якому зараз 12 гадоў, успамінае школьную праграму. А калі дзеянне тых ці іншых законаў можна паназіраць у рэальным жыцці, то новыя веды схопліваюцца на ляту.

Са школай №25, дзе вучацца абодва сыны, у творчай сям'і вельмі цесныя адносіны. Для заняткаў па астраноміі Аляксандр вырабіў карту зорнага неба і карту арыентавання па ім. Над першай карпатлівая праца ішла больш за тры месяцы. Трэба было разабрацца з дыёдамі: адзін тып не вытрымліваў напружання, таму прыйшлося даставаць іх са святлодыёдных стужак. Часам стоячы працаваў над картай па 12—14 гадзін запар — памыліцца было нельга. Аднак вынік перасягнуў усе чаканні. Кожнае сузор'е можна запальваць асобна, улічана яркасць, колер і памер нябесных цел, зоркі міргаюць. Як заўважылі дзеці, абсталяванне ледзь не лепшае, чым у планетарыі.

Ад натхнення да працы адзін крок

Для кабінета англійскай мовы, якую выкладае класны кіраўнік Кірыла, таксама зроблена нямала. Аляксандр адзначае, што не любіць, калі ў школах голыя сцены, — дзецям усё трэба паказваць наглядна. Таму тут з'явіліся атрыбуты англійскай сталіцы — чырвоная тэлефонная будка, двух'ярусныя аўтобусы, паштовая скрыня і шмат іншых цікавостак, на якіх надоўга затрымліваецца вока. А ў найбліжэйшыя дні Аляксандр збіраецца прыняць удзел у святочнай пастаноўцы, вядома, дапамагаў ён і з дэкарацыямі. Кажа — проста не можа застацца ўбаку.

— Ведаеце, я ўвесь свой вольны час імкнуся аддаваць дзецям. Гэта агульнае хобі ў нас не адзінае. Зімой разам выходзім гуляць у хакей, нават маме канькі набылі. Кожнае лета на вёсцы ў цешчы вырабляю дзецям адну драўляную цацку.  Каму патрэбна тое імпартнае пластыкавае глупства! Радуе, што ў нас з сынамі ёсць агульныя інтарэсы. Да таго ж, на мой погляд, з хлопцамі важна падзяліцца сваімі ўменнямі. Але тут я ўжо спакойны — інструмент будзе каму перадаць, — разважае Аляксандр.

Глядзіш на плён працы гэтай дружнай сям'і і дзіву даешся: з усімі цяжкасцямі яны могуць справіцца ўчатырох. Паўнавартасны макет двухпакаёвай кватэры з рознымі шпалерамі ў пакоях, ламінатам на падлозе і пліткай у санвузле — калі ласка. Прычым ён носіць яшчэ і навучальную функцыю: тлумачыць, як не дапусціць пажару. Аэрапорт са светлавымі палосамі за адну ноч — без праблем! Пажарная часць з верталётам, які лунае ў паветры, — у чым пытанне?

Галоўнае правіла — за работу трэба брацца, як толькі прыйшло натхненне. Таму будучыя вырабы нават не адлюстроўваюць на паперы, адразу за інструменты. Тую ж пазіцыю падзяляе ідэйны натхняльнік усіх праектаў жонка Кацярына.

— Мне прыемна, што людзі прымаюць гэта з удзячнасцю. Не менш важная і наяўнасць навучальнага моманту. Дома не пакідаю нічога. З усіх работ пакуль мая любімая — вулкан, які мы рабілі для ўрока геаграфіі. Наступная ідэя, якую вельмі хочацца рэалізаваць, — макет школы з тэрыторыяй, дзе будуць запальвацца святло ў вокнах і ліхтары, — усміхаецца Аляксандр.

Дарэчы, спалучае сваё захапленне мужчына і з прафесіяй. На месцы працы ўжо красуецца часць АМАПа ў мініяцюры са сваёй спартзалай, тактычным гарадком і цірам.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Пабудаваць» аэрапорт? лёгка!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.