Вы тут

«Харчуемся разам. Што тут дзяліць? Яна адна, і я адна...»


Вось ужо другую зіму бабулі жывуць разам у «доме зімоўкі».

Большасць з нас баіцца думаць пра будучую старасць. Сучаснаму чалавеку наогул уласцівы страх старэння. Але ўсё ж, калі задумацца: чаго б мы дакладна не хацелі ў сваёй старасці, то адказ у 99% людзей будзе, мабыць, аднолькавым: апынуцца ў казённых сценах. Менавіта такая перспектыва чакала Марыю Шуцько з маленькай вёсачкі з прыгожай назвай Вялікі Вязок, што ў Крупскім раёне...


На­шы жан­чы­ны — май­стры­хі на ўсе ру­кі.

У свае 87 гадоў Марыя Іосіфаўна засталася зусім адна: муж памёр, сына некалькі гадоў таму збіла машына. Вядома, у такім узросце жыць адной у вёсцы вельмі нялёгка, асабліва зімой: паліць у печцы, насіць ваду, расчышчаць дарожкі ад снегу, чакаць аўтакраму з прадуктамі... А калі моцныя маразы, а калі замяце?

«Для адзінокага чалавека, ды яшчэ ў такім узросце, аслабленага, — усё ўжо становіцца складаным, нават калі яго наведвае сацыяльны работнік, — кажа Наталля Французёнак, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Крупскага ТЦСАН. — Таму стаяла пытанне, каб Марыю Іосіфаўну часова змясціць у аддзяленне сястрынскага догляду і рыхтаваць дакументы на пасяленне ў дом-інтэрнат для састарэлых». Вядома, лепш за ўсё жыць у родных сценах, і свой дом пакідаць цяжка. Але ж, калі гаворка ідзе пра выжыванне, даводзіцца заплюшчваць вочы на шматлікія «хачу» або «не хачу».

Тым не менш выхад знайшоўся. У нашай краіне апошнім часам укараняюцца новыя формы сацыяльнага абслугоўвання. Адна з такіх навінак — «дом зімоўкі». Яго сутнасць заключаецца ў тым, што двое-трое пажылых людзей, як правіла тых, хто пражывае ў вёсцы і каму цяжка самастойна спраўляцца з бытавымі клопатамі ў асенне-зімовы перыяд, аб'ядноўваюцца для сумеснага пражывання зімой у адным з дамоў, які належыць камусьці з іх і дзе іх абслугоўвае сацыяльны работнік.

Вось і ў Крупскім раёне яшчэ летась вырашылі пайсці па такім шляху. Знайшлі бабулю, якая адна пражываючы ў добраўпарадкаванай кватэры ў аграгарадку Ухвала (непадалёк ад роднай вёскі Марыі Іосіфаўны), пагадзілася прыняць нашу гераіню да сябе на зіму. Потым прапанавалі гэты варыянт Марыі Іосіфаўне... І вось ужо другую зіму гэтыя бабулі жывуць разам.

— Ну як жа чалавека кідаць у бядзе? — дзівіцца майму пытанню Антаніна Цітавец, што прытуліла Марыю Шуцько. — Я, як пачула пра яе, адразу вырашыла: будзем зімаваць тут, разам.

Кватэра, у якой жывуць бабулі, што сталі ўжо сяброўкамі, невялічкая: спальня і зала, дзе яны прымаюць гасцей, але цёплая і ўтульная. Міжпакаёвыя дзверы размаляваныя птушкамі («Гэта мае ўнучкі намалявалі», — ружавеючы ад задавальнення, кажа Антаніна Іосіфаўна). Сцены і вокны ўпрыгожаны сняжынкамі — тут ужо пастаралася сацработнік Надзея Белая, якая дапамагае бабулям ўладкоўваць побыт і сочыць за ўмовамі іх пражывання. Пышныя падушкі ў куце, тоўсты дыван на падлозе, усюды чысціня — і ніякага паху старасці...

Дарэчы, кватэра гэтая не ўласнасць Антаніны Цітавец, яна належыць яе дзецям. «Я жыла ў вёсцы Чарнавосава, гэта тры кіламетры адсюль. А як мой дзед памёр, засталася адна, — кажа яна. — Але дзякуй сыну з нявесткай, пусцілі мяне сюды, а самі жывуць асобна, у іншай кватэры. А я тут шосты год, цяпер вось ужо з Марыяй...»

Марыя Іосіфаўна прызнаецца, што спачатку нават плакала, не хацела сюды — сумна было. І ў першыя гады ўлетку вярталася ў свой дом, але цяпер не. «Хата там ужо дрэнная», — кажа наша суразмоўніца.

На вуліцу ні адна, ні другая бабуля ўжо не выходзяць. «Злезці яшчэ злезла б з другога паверха, а вось як падняцца? Цяжка... — уздыхае Антаніна Іосіфаўна. — Моцная задышка ў мяне... Але выходзім на балкон. Іншы раз пагавару па тэлефоне з сяброўкамі: як у іх там справы. Яны мне навіны раскажуць: хто памёр, хто ажаніўся...»

Між іншым, Антаніна Цітавец — сапраўдная маці-гераіня, выгадавала сямёра дзяцей. Муж працаваў трактарыстам, але потым яны развяліся. Дзяцей падымала фактычна адна. Жыццё было, вядома, нялёгкае: увесь дзень на працы, а дома другая змена: поле ў 30 сотак, ды яшчэ градкі ды гаспадарка — карова, свінні, качкі, гусі... «У Марыі дачок не было, таму яна гусей не трымала, а ў мяне былі, таму былі і гусі, — падушкі ж трэба было рабіць дочкам...» — смяецца Антаніна Іосіфаўна. А ўвечары, як надарыцца вольная хвілінка, яна бралася за вышыўку або вязала кручком, абвязвала прасціны карункамі, абрусы. Да гэтага часу захоўвацца ў яе шафе такая прыгажосць!..

«З Марыяй мне, вядома, весялей, хоць яна і не чуе ўжо нічога, — кажа Антаніна Цітавец. — Падыдзеш да яе бліжэй, скажаш гучней, што пачуе — то адкажа...»

Бюджэт у бабуль агульны. «Харчуемся разам. Што тут дзяліць? Яна адна, і я адна, — працягвае расказваць пра няхітры сумесны побыт са сваёй кампаньёнкай Антаніна Іосіфаўна. — Гатую часцей я, я ж маладзейшая (смяецца). Ёй ужо 88 гадоў, а мне толькі 84-ы пайшоў. Яна непераборлівая: што згатую, тое і добра».

На пытанне, як падзялілі паміж сабой абавязкі па хаце, Антаніна Іосіфаўна з гонарам адказвае: «У нас сацработнік ёсць! Дзякуй Надзеі, не пакідае яна нас, два разы на тыдзень прыходзіць. Яна ўсё тут робіць: і падлогу мые, і прадукты купіць і прынясе, а самае галоўнае, таблеткі... Ну, а дроў нам не трэба, вады не трэба, — услых разважае бабуля. — Ну, пагаворыць, канешне... Так мы гутарым, дзе якія навіны — яна ўсё раскажа. Наша Надзя і хуткую дапамогу, бывала, выклікала... Яшчэ паштальён Лена прыходзіць, пенсію нясе. Іншы раз прапануе што-небудзь купіць: прадуктаў там, напрыклад... Я адказваю: мне дзеці прыносяць, а што не яны, дык сацработніца купіць...»

***

Вось так і атрымалася, што «дом зімоўкі» стаў фактычна выратаваннем ад цяжкасцяў для адной пажылой жанчыны, і ад адзіноты — для другой. Таму што хоць і дзеці ёсць, і добрыя дзеці — прыходзяць і прыязджаюць, наведваюць, дапамагаюць, — але ж ва ўсіх свае сям'і, усе даўно жывуць сваім жыццём. Таму, калі памірае другая палавіна, застаецца чалавек у старасці фактычна адзін...

Вядома, каб ужыцца разам, трэба мець лёгкі, неканфліктны характар. Не кожнаму гэта дадзена. Але нашы вясковыя бабулі, як правіла, такія. Яны пражылі нялёгкае жыццё і таму непатрабавальныя і ўдзячныя за любую драбніцу...

Афіцыйна

Таццяна Варановіч, дырэктар Крупскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

Вопыт сацыяльнай работы з пажылымі людзьмі разнастайны, прычым апошнім часам асаблівая ўвага ўдзяляецца малазатратным формам. Спецыялістамі нашага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўкараняюцца інавацыйныя тэхналогіі сацыяльнай работы. Гэта «Сацыяльны турызм», «Зялёная гасціная», «Гасцявая сям'я» (у нашым раёне ёсць 16 такіх сем'яў, якімі ахопленыя 18 чалавек), «Патранатная сям'я» (ёсць 15 такіх сем'яў, ахоплена 17 чалавек), «Дом зімоўкі» (у Крупскім раёне існуе два дамы зімоўкі, у якіх пражываюць 5 чалавек). Быў арганізаваны ў нас і «Прафілакторый дома» (ахоплена 3 чалавекі). На сацыяльным патранаце знаходзіцца 41 адзінокі і адзінока пражываючы пажылы грамадзянін.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».