Вы тут

Спрэчка з-за гуку тэлевізара


У «Звязду» звярнуўся віцебскі пенсіянер з нестандартнай просьбай. Расказаў у лісце, што суседзі з кватэры зверху не даюць яму слухаць тэлевізійныя трансляцыі... у навушніках.


Па яго словах, грукаюць па батарэі, выклікалі міліцыю, нават выключалі электрычнасць. Прыслаў у рэдакцыю 14 копій лістоў у інстанцыі, адказы... Справа дайшла да судоў. І на раённым, і на абласным узроўнях суд прызнаў, што дзядуля не мае рацыі. Але ён не проста не лічыць сябе вінаватым. Ён прыкладае ўсе свае сілы і час, каб даказаць віну іншага боку канфлікту.

«Не замяралі»

Яшчэ да таго, як напісаць ліст у рэдакцыю, М. Я. (ён прасіў прозвішча сваё не называць і адмовіўся, каб надрукавалі яго фота каля тэлевізара) часта тэлефанаваў у карпункт. Спачатку журналіст параіў яму звярнуцца на прамую лінію ў аблвыканкам. Сказаў, што тэлефанаваў, але не знайшоў паразумення. Афіцыйнага адказу не паказаў. Ён упэўнены, што нікому не перашкаджае спакойна жыць. У адрозненне ад суседзяў зверху, а канкрэтней — суседкі, якая на яго скардзілася.

Пастараемся зразумець гэтага чалавека, які нарадзіўся ў 1937-м, сына рэпрэсіраванага... Як і жонку яго 1941 года нараджэння, дачку загінулага партызана. Яны патрабавалі журналісцкага расследавання. Падкрэслівалі, што «Звязда» для іх — апошняя інстанцыя.

Дарэчы, заяўнік не адразу пагадзіўся на сустрэчу ў яго кватэры. Прапанаваў абмежавацца праглядам важных, на яго погляд, дакументаў. Нагадаю, стос іх ужо быў у рэдакцыі.

Па патрабаванні журналіста сустрэча адбылася ў кватэры аўтара звароту. Галоўны пасыл пенсіянера — з-за шматлікіх скаргаў суседкі ён пакутуе другі год.

— Работнікі камунальнай службы склалі пратаколы, але не разабраліся ні ў чым. Напрыклад, узровень шуму не замяралі! — абураецца М. Я.

Паводле яго слоў, у раённым судзе на падставе гэтых пратаколаў вынеслі пастанову аб прызнанні яго вінаватым і абавязалі заплаціць штраф — дзве базавыя велічыні. Ён паскардзіўся ў абласны суд. Але там пастанову раённага суда не змянілі, а яго скаргу не задаволілі.

— Неабгрунтаваныя выклікі суседзямі міліцыі! Гучнасць майго тэлевізара не была дакументальна ўстаноўленая! Чаму гэтыя аргументы не ўлічылі ў судах? — эмацыянальна даводзіць пенсіянер.

Ён паказвае два апавяшчэнні з Першамайскага РАУС аб спыненні справы ў адносінах да яго аб адміністрацыйным правапарушэнні. Дзядуля лічыць, што гэта даказвае: ён не вінаваты, а суседка з верхняй кватэры дарма выклікала міліцыю.

Журналісту ў РАУС растлумачылі: у дачыненні да пенсіянера ад яго суседкі неаднаразова паступалі звароты і заявы па факце шуму ў яго кватэры. Сігналы для праверкі накіроўваліся ў ЖЭУ-11 ЖРЭТ г. Віцебска па падведамаснасці.

...Яшчэ некалькі дакументаў М. Я. лічыць доказам таго, што ўсе вакол не хочуць улічыць «дакладныя аргументы». У прыватнасці, накіраванне з паліклінікі ў дыягнастычны цэнтр, дзе згадваюцца яго праблемы са слыхам.

— А яшчэ паглядзіце адказ з Віцебскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Галоўны санітарны ўрач напісаў, што гучнае маўленне і спевы, рэзкае закрыццё дзвярэй і іншае не нармуецца патрабаваннямі санітарных правілаў, — дадае ўсхваляваны жыхар Віцебска.

Але ж як зразумець гэта? Не нармуецца, значыць, хоць калонкі на пляцоўку лесвічную ставіць можна? Насамрэч незразумела, калі не вывучыць пытанне падрабязна.

Паказаў аўтар ліста ў рэдакцыю і распіску сведкі, які бачыў, як сусед зверху «вырубаў» на пляцоўцы электрычнасць, каб перашкодзіць дзядулі глядзець тэлевізар.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ.

«Буду абараняць свае правы!»

На жаль, пасля двухгадзіннай размовы з «пацярпелым» заспець яго «крыўдзіцельку» дома не ўдалося. Але ў гэты ж дзень пагутарыў з ёй па тэлефоне. Яна адмовілася ад сустрэчы на яе тэрыторыі, прозвішча таксама прасіла не друкаваць. Сказала, што з-за суседа яе жыццё ператварылася ў кашмар. Маўляў, да гадзіны ночы не спала з-за таго, што тэлевізар у мужчыны гучна працаваў.

— Калі яго паслухаць: участковы хлусіць, суддзя не разабраўся, суседзі падманваюць. А ён з жонкай тэлевізар гучна не ўключае, — абураецца ў сваю чаргу жанчына.

Яна лічыць, што ўся справа ў, мякка кажучы, складаным характары яе суседа.

— Я не скандальны і не канфліктны чалавек. Але нармальныя адносіны з М. Я. выбудаваць не атрымліваецца, — скардзіцца яна.

Жанчына падкрэсліла, што будзе абараняць свае законныя правы на ціхі адпачынак. Яна лічыць, што пенсіянер не з'явіўся ў суд Першамайскага раёна без уважлівай прычыны:

— Суд адбыўся 21 студзеня, 23-га М. Я. збіраўся паехаць у санаторый. Перад судом мне сказаў: «Ды пайшлі б вы! Буду жыць так, як хачу. Мне не ўказ ні суддзя, ні вы, ні міліцыя, бо жыву дома». А я хачу пасля працы адпачываць... Калі ён уключае ў сябе тэлевізар, свой выключаем, бо бессэнсоўна — нічога не чуваць. Я сплю над пакоем, дзе ў яго тэлевізар... Суддзя сказаў выразна, што глухата не з'яўляецца падставай перашкаджаць іншым грамадзянам, — даводзіць сваю праўду жанчына.

Па яе словах, пенсіянер спрабаваў нават прымусіць праз суд яе сям'ю аплаціць лячэнне зубоў жонкі. Бо ўпэўнены, што зубы той захварэлі з-за нерваў у працэсе спрэчкі.

Наконт узроўню гуку. У пастанове абласнога суда (ад 1 сакавіка 2017 года) згадваюцца «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў». У адпаведным пункце напісана: «Карыстацца тэлевізарамі, радыёпрыёмнікамі, магнітафонамі і іншымі падобнымі прыладамі толькі пры ўмове змяншэння чутнасці да ступені, якая не парушае спакою іншых грамадзян у жылым доме...» Але пенсіянер запэўнівае, што гук яго тэлевізара заўсёды ціхі.

...І пра ламінат

Ён, між іншым, лічыць, што корань канфлікту хаваецца ў тым, што суседзі парушылі гукаізаляцыю пры мантажы ламінату. І патрабуе экспертызу! Маўляў, пры расследаванні крымінальных спраў яны ж праводзяцца. «Апанентка» сцвярджае, што падлогавае пакрыццё ніякім чынам не паўплывала на якасць гукаізаляцыі.

Гэта пацвярджае і адказ журналісту з адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска: «Спецыялістамі ЖЭУ №11 праведзена абследаванне кватэры. Устаноўлена, што перапланіроўка ў названай кватэры не праводзілася, ламінат на падлогу пакладзены на падкладцы без дэмантажу старога пакрыцця падлогі».

Пенсіянер сумняваецца, што гэта дакладна ўсталявалі. Ён паказаў адказы з пракуратуры, дзе паведамляецца, што яго зварот накіраваны для разгляду ў гарвыканкам. У адказе гарвыканкама напісана, што на яго зварот у прадпрыемства, якое адказвае за «камуналку», былі дадзены пісьмовыя тлумачэнні ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Ён жа сцвярджае, што гэта няпраўда і патрабуе пакараць вінаватых.

На нашай другой сустрэчы дзядуля паабяцаў, што сваю праўду будзе адстойваць у Вярхоўным Судзе.

Дарэчы, у аўтара ліста ў рэдакцыю тэлевізар, як упэўніўся журналіст на свае вочы, далёка не новы. А ў старых тэлевізараў гук істотна павялічваецца падчас дэманстрацыі рэкламы і аўтаматычна не рэгулюецца. Заяўнік сцвярджае, што рэклама цяпер не больш гучная, чым трансляцыя іншых перадач. Але ў мяне прыкладна такі ж тэлевізар, таму ведаю, што дзядуля памыляецца. Яшчэ пытанне: як слухае тэлевізійныя перадачы яго жонка, калі ён у навушніках? Для мяне гэта засталося тайнай. Пенсіянер на другой нашай сустрэчы растлумачыў, што можна зрабіць «выхад» з тэлевізара на некалькі навушнікаў. Але, калі я быў у іх дома, такога абсталявання не ўбачыў.

Сумняваюся, што інцыдэнт вычарпаны. І як развязаць «вузел» узаемнага суседскага непаразумення? У кожнага з суседзяў свая праўда і свая крыўда.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?