Вы тут

Шэсць сапрана і бас: чым запомніўся фінал мінскага опернага конкурсу?


Беларусь, Расія, Украіна, Арменія, Францыя… Лепшыя з лепшых прайшлі адбор кампетэнтнага журы і выступілі перад беларускім гледачом разам са спрактыкаванымі опернымі спевакамі. На сцэне Вялікага тэатра Беларусі прагучалі новыя для сусветнай оперы імёны, і ІV Мінскі міжнародны Калядны конкурс чацвёрты раз абраў сваіх пераможцаў.


Пераможца конкурсу Саргіс Бажбеук-Мелікян (злева) у ролі Канчака (опера «Князь Ігар») у дуэце са Станіславам Трыфанавым.

Цікава, але Гран-пры конкурсу, як і летась, выправіўся ў Арменію: пераможцам стаў бас Саргіс Бажбеук-Мелікян з арыяй хана Канчака з оперы А. Барадзіна «Князь Ігар». Узрушаны выканаўца распавёў, што прыйшоў да оперы толькі ў дваццаць год, але абяцае і надалей працаваць над сабой у гэтай сферы. Дарэчы, прыезд у Беларусь для Саргіса — справа асабістая, бо бабуля спевака нарадзілася ў нашай краіне.

Нягледзячы на тое, што ў фінале аказалася багата сапрана, журы вылучыла мужчынскія галасы. І прэмія адышла да барытона Сяргея Кайдалава (Расія), які прымераў на сябе вобраз Яўгенія Анегіна ў заключнай сцэне Таццяны і Анегіна адной з самых знакамітых опер Пятра Чайкоўскага. ІІІ прэмію падзялілі беларускі тэнар Аляксандр Гелах і расійскі барытон Канстанцін Сучкоў (расіянін ужо не першы раз спрабуе свае сілы на конкурсе ў Мінску). ІІ прэмію таксама атрымалі дзве выканаўцы — сапрана Ксенія Бахрытдзінава (Украіна) і Марыя Галкіна (Беларусь). Для беларускай спявачкі сюрпрызы не скончыліся: генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі і старшыня журы конкурсу Уладзімір Грыдзюшка запрасіў Марыю Галкіну ў трупу Вялікага тэатра Беларусі.

Фінал ІV Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў паказаў, што любоў беларускіх гледачоў — з’ява пастаянная. Прыз глядацкіх сімпатый, як і ў 2016 годзе, заваявала сапрана Вялікага тэатра Беларусі Маргарыта Ляўчук. Яна разам з заслужаным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Станіславам Трыфанавым прадставіла дуэт Віялеты і Жэрмона з оперы «Травіята» (дарэчы, сцэна была ўзятая з новай пастаноўкі Андрэйса Жаргаса, што ўваходзіць у рэпертуар артысткі). Выступленне Маргарыты Ляўчук упадабалі не толькі гледачы: спявачка атрымала і спецыяльныя прэміі ад міжнароднага журы.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Таццяны Блахіной

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.