Вы тут

Як упрыгожыць ёлку прыроднымі матэрыяламі


Выстава фларыстычных кампазіцый з прыродных матэрыялаў праходзіць у Мінску.

Пах мандарынаў, яркія агеньчыкі на ёлках, смачныя стравы – зімовыя святы ў самым разгары. Але навагодняга настрою зусім няма ці вы не ведаеце, што падарыць сваім родным і сябрам? А можа, вы проста хочаце адпачыць і палюбавацца творчымі працамі з прыродных матэрыялаў? У любым выпадку, зазірніце на выставу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.


Духмяныя кампазіцыі з кветак, ялінак і шышак, прыгожыя калажы з семак і ваты, забаўныя жывёлы з сена і кары і іншыя неверагодныя сюжэты з прыродных матэрыялаў – усё гэта з любоўю зроблена прафесіянальнымі фларыстамі і тымі, хто яшчэ вучыцца эка-майстэрству.

– На выставе сабрана каля 200 творчых прац. Яны былі адабраны ў межах конкурсу, які ўключаў некалькі намінацый. Многія з гэтых кампазіцый былі зроблены ўсяго за дзве гадзіны, на некаторыя спатрэбіўся не адзін дзень, – адзначыла загадчыца лабараторыі аддзела раслінаводства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вольга Камінская.

Стварыць казку сваімі рукамі прыехалі настаўнікі і вучні з усёй Беларусі. Кожны з іх прывёз ужо гатовую працу з сабой і зрабіў яшчэ адну перад членамі журы непасрэдна на выставе. Вынікі конкурсу падвядуць толькі пасля навагодніх святаў, а вы ўжо зараз можаце натхніцца казачнымі кампазіцыямі і выбраць свайго фаварыта.

А нам пашанцавала застаць пачаткоўцаў-фларыстаў за працай. Самаму юнаму ўдзельніку конкурсу ўсяго 11 гадоў. Аляксандр Каўроў ужо 3 гады вучыцца тэхнічна правільна і эстэтычна ствараць кампазіцыі выключна з прыродных матэрыялаў. Магчыма, хутка ён стане знакамітым дызайнерам ці фларыстам.

– Мая праца называецца «Зімовая раніца». Асноўны сакрэт – каб ёлка надоўга заставалася пышнай, патрэбна спецыяльная фларыстычная губка. Тады яна не завяне і будзе доўга стаяць у вашым пакоі. Сваю кампазіцыю я ўпрыгожыў кветачкамі з лямца, шышачкамі і яблыкамі, – расказаў хлопчык.

Арганізатары выставы сцвярджаюць, што асноўная мэта такіх конкурсаў – экалагічнае выхаванне дзяцей. Для сваіх прац яны самі вырошчваюць расліны, збіраюць шышкі, нарыхтоўваюць семкі, сена, кару і іншыя матэрыялы.

– Мы не толькі фларысты, але і эколагі, таму некаторыя рэчы нам выкарыстоўваць нельга. Напрыклад, зрэзаць сасновыя галінкі ці ірваць чарнічнік. Адным словам, у нашых працах няма таго, што можа нашкодзіць прыродзе, – распавяла педагог дадатковай адукацыі ГУДА "Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Салігорскага раёна" Вольга Жыхар.

Кацярына ЦІТОВА

Фота Настассі НАРЭЙКА

Наведаць чароўную выставу можна да 14 лютага па адрасе: вул. Макаёнка, 8 (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.