Вы тут

Як эканомяць на вонкавым асвятленні


Помніцца, у савецкія часы ў нашых населеных пунктах, нават самых маленькіх, святло гарэла з вечара да раніцы. Часам яго нават забывалі выключаць, калі на вуліцы ўжо добра развіднела. Але прыйшлі 90-я, і вуліцы не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў буйных гарадах накрыла цемень. Затым смутныя часіны мінулі, жыць стала лепей, весялей і ... святлей. Але з некаторага часу зноў пачалі эканоміць на вонкавым асвятленні, а ў некаторых вёсках наогул адключаюць святло на ўсю ноч. Вось і атрымліваецца: зранку пайшоў чалавек на работу здаровы, а вяртаючыся дадому, трапіў у бальніцу — пералом, вывіх, расцяжэнне...


У Генеральную пракуратуру Беларусі паскардзіўся жыхар вёскі Бараўляны Мінскага раёна — на дрэннае асвятленне вуліц. У Бараўлянах і аграгарадку Лясны, якія зрасліся ў адзін кангламерат, пражываюць тысячы людзей. Тут знаходзяцца абласныя і рэспубліканскія ўстановы аховы здароўя, куды прыязджаюць людзі з ўсёй краіны. І, бясспрэчна, тут павінна быць адпаведнае вулічнае асвятленне. Аднак, як засведчыла праверка, заяўнік меў рацыю: сацыяльныя стандарты не забяспечваюцца.

Паводле рашэння сельвыканкама ўсе населеныя пункты Бараўлянскага сельсавета не асвятляліся па начах з 1 чэрвеня па 25 жніўня 2017 года. Такая ж сітуацыя была і ў папярэднія 2015—2016 гады.

На тэрыторыі шэрагу раёнаў Мінскай вобласці, як указана на сайце пракуратуры, на працягу некалькіх гадоў існавала практыка неправамернага вынясення мясцовымі органамі актаў аб адключэнні вулічнага асвятлення ў летні перыяд ноччу. Прычым, раённыя выканаўчыя камітэты не толькі былі ў курсе падобных выпадкаў, але часамі самастойна прымалі меры па рэгуляванні асвятлення на падведамасных тэрыторыях. У прыватнасці, пісьмом ад 18.04.2016 года Мінскі райвыканкам прапанаваў абласным электрасеткам адключаць начное асвятленне ў раёне ў летні і зімовы перыяд для эканоміі сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Аднак, як паказала практыка, такая эканомія нязначная. У Мінскім раёне за лета 2016-га сэканомлена 100 тыс. рублёў — усяго 6,2% ад панесеных затрат. Між іншым, у адным можна нязначна выйграць, а ў іншым прайграць. Як засведчылі факты, такая эканомія негатыўна паўплывала на крымінагенную сітуацыю на Міншчыне, справакаваўшы рост колькасці здзейсненых злачынстваў і правапарушэнняў. Як адзначаюць у пракуратуры, толькі на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета ў летні перыяд 2017-га крадзеж маёмасці ноччу павялічыўся на 125%, з 12 да 27 у параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам. Колькасць зламысных цялесных пашкоджанняў вырасла на 166%, з 3 да 8, колькасць выпадкаў дробнага хуліганства — на 132%, з 22 да 51.

У перыяд сезоннага адключэння вулічнага асвятлення супрацьпраўныя дзеянні грамадзян актывізаваліся ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Невялікая эканомія аказалася непараўнальнай з затратамі дзяржавы на раскрыццё злачынстваў і правапарушэнняў, лячэнне і рэабілітацыю пацярпелых, кампенсацыю ўрону ў сувязі з атрыманымі людзьмі траўмамі ў цёмны перыяд сутак.

— У нас, як правіла, для вонкавага асвятлення выкарыстоўваюцца лямпачкі, выпушчаныя па старых тэхналогіях. Варта замяніць іх на сучасныя энергазберагальныя — і гэта дасць магчымасць знізіць затраты. У Мінску такая работа, як бачна, вядзецца. А вось у раёнах і ў сельскай мясцовасці зрухаў не відаць. Магчыма, варта пачаць з аграгарадкоў і паступова пераходзіць на вёскі, — выказаў меркаванне галоўны спецыяліст упраўлення экспертна-прававой работы і па зваротах грамадзян Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Сяргей Хомчык. — Гэта адзін з галоўных складнікаў жыцця вяскоўцаў. Лепш грошы ўкласці менавіта сюды, каб жыхар не баяўся ісці ў поцемках на работу, а дзіця ў школу, каб было менш траўматызму і злачыннасці.

— Летась у нас былі праблемы з асвятленнем вуліц у начны час. Ліхтары ўключаліся з 17.30 да 24 гадзін, затым выключаліся да 6 гадзін раніцы. Вядома, у цемры людзям было нязручна дабірацца на ферму, у механічныя майстэрні. І яны выказвалі незадаволенасць. Сёлета пажаданні жыхароў улічылі, святло гарыць з 17.30 да 8.30 раніцы. Раённыя электрычныя сеткі таксама спраўляюцца са сваімі абавязкамі, своечасова праводзяць рамонт, па заяўках мяняюць лямпачкі. Цяпер актыўна рыхтуемся да Новага года і Калядаў, упрыгожваем ёлку, манціруем ілюмінацыі і расцяжкі, — адзначае старшыня Налібацкага сельвыканкама Стаўбцоўскага раёна Аляксандр Пілінкевіч.

На тэрыторыі сельсавета налічваецца 18 населеных пунктаў, у тым ліку 8 буйных, дзе пражывае больш як 130 чалавек. Ёсць і малаколькасныя вёскі, дзе ўсяго 3—7 дамоў. «Але звяртаем увагу і на такія маленькія вёсачкі, імкнёмся захоўваць сацыяльныя стандарты — лямпачка на ўездзе і выездзе. Аграгарадок Налібакі асвятляецца цалкам, у тым ліку і грамадскія месцы: тэрыторыі каля школы і Дома культуры, плошча», — канстатуе Аляксандр Пілінкевіч.

У тэму

Вольга Ісаева, намеснік начальніка ўпраўлення экспертна-прававой работы і па зваротах грамадзян Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці:

— Што датычыцца зваротаў наконт вулічнага асвятлення ў Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці, аналіз паказвае: яны не носяць сістэмнага характару.

Разам з тым гэтыя звароты — вынік таго, што выканкамы базавага ўзроўню і сельвыканкамы прымаюць рашэнні, якія не адпавядаюць заканадаўству. Напрыклад, у аграгарадку Зембін Барысаўскага раёна сельвыканкам прыняў рашэнне аб адключэнні вонкавага асвятлення з 1 красавіка па 31 жніўня. Таму грамадзяне і пачалі скардзіцца. З такой жа праблемай звярнуліся да нас жыхары вёскі Абчак Мінскага раёна. Кіраўніцтва сельвыканкамаў аргументуе такі крок намерамі сэканоміць бюджэтныя сродкі. Але ў нас вызначаны мінімальныя дзяржаўныя сацыяльныя стандарты, да якіх адносіцца і ўдзельная вага асветленых вуліц — не менш за 80 працэнтаў ад агульнай колькасці іх у населеным пункце. Больш за тое, пастановай Савета Міністраў ад 30 мая 2003 года №724 даручалася аблвыканкамам праводзіць аналіз работы па абслугоўванні насельніцтва ў гарадах і раёнах у адпаведнасці з нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў не радзей, чым раз у паўгоддзе. У пасёлках і сельсаветах таксама. Магчыма, дзесьці адсутнічае магчымасць фінансавання, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і іншых змен. Заканадаўчая база ў нас дастаткова развітая і прадугледжвае ўсе магчымыя шляхі выхаду з сітуацыі, у тым ліку і па недастатковым фінансаванні на вулічнае асвятленне. Таму лічу, што скаргі жыхароў у гэтым выпадку абгрунтаваныя. Калі б сельвыканкамы працавалі ў межах заканадаўства, тады б такіх нараканняў не было.

Мне здаецца, неабходна звярнуць увагу на згаданыя моманты. У прынцыпе, заканадаўства дае мясцовым уладам усе правы і паўнамоцтвы, каб адсочваць сітуацыю, рэгуляваць і забяспечваць грамадзян мінімальным сацыяльным стандартам.

У сваіх адказах сельвыканкамы, аргументуючы факты адключэння вулічнага асвятлення, гавораць пра неабходнасць эканоміць у сувязі з недахопам грашовых сродкаў у бюджэце. Калі фінансавання на асвятленне вуліц не хапае, неабходна распрацаваць і зацвердзіць праграму па эканоміі, недахоп сродкаў перакрываць за кошт дзеючых мерапрыемстваў па эканоміі энергазатрат, а не элементарным адключэннем асвятлення.

Гэта прамы абавязак сельвыканкамаў — арганізоўваць асвятленне вуліц, што дакладна прапісана ў артыкуле 43 Закона
«Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Няхай будзе святло!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.