Вы тут

Біскуп Алег Буткевіч: Не прынцыпова, дзе адновім храм Святога Антонія


Наша газета адной з першых паведаміла пра тое, што ў Віцебску плануюць аднавіць разбураны ў савецкі час касцёл Святога Антонія Падуанскага, які знаходзіўся праз дарогу ад ратушы.


Біс­куп Алег Бут­ке­віч.

Яшчэ пазалетась у Міністэрстве культуры адобрылі прапанову вернікаў. Вядома і прыблізная «цана пытання» — два мільёны долараў у эквіваленце. Паводле слоў біскупа Алега Буткевіча, кіраўніка Віцебскай рымска-каталіцкай епархіі, грошы здолелі б сабраць, але...

— Пакуль не зразумела, як выйсці з замкнёнага кола. Каб атрымаць дазвол на пачатак будаўнічых работ, патрэбна гарантыя з нашага боку — што не будзе праблем з фінансаваннем. А фінансавае пытанне немагчыма вырашыць, бо для забудовы яшчэ не выдзелены зямельны ўчастак, — агучыў праблему святар.

У СМІ паведамлялася, што храм будзе адноўлены не на тым месцы, дзе калісьці стаяў, а на некалькі метраў далей ад дарогі. У іншым выпадку прыйдзецца звужаць адну з цэнтральных магістраляў — вуліцу Леніна, а ў гарвыканкаме наўрад ці дадуць дабро на гэта. Але ж у цэлым, мясцовая ўлада, як гавораць, дзвюма рукамі «за» будаўніцтва храма.

— Няхай са мной не ўсе будуць згодныя. Але, на маю думку, не прынцыпова, дзе менавіта адновім будынак. І калі не на падмурку, а крыху далей ад дарогі, усё роўна храм упрыгожыць цэнтр Віцебска. Пакуль жа разглядаюцца два варыянты, — разважае святар.

Та­кім уба­чыў кас­цёл Свя­то­га Ан­то­нія Па­ду­ан­ска­га (спра­ва) зна­ка­мі­ты мас­так На­па­ле­о­н Ор­да.

Касцёл Святога Антонія Падуанскага пабудавалі ў XVІІІ стагоддзі. Храм заўсёды быў каталіцкі. У 1899 годзе тут пабываў рускі пісьменнік і паэт, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Іван Бунін, які быў узрушаны арганам у касцёле, пра што напісаў у адным са сваіх твораў.

Храм закрылі ў 1940 годзе. Да Вялікай Айчыннай там размяшчаўся музей атэізму. Цікава, што сярод яго экспанатаў захоўваліся і мошчы святой Еўфрасінні Полацкай. Каб пераканаць народ, што Бога няма, у касцёле павесілі знакаміты маятнік Фуко. Зрабілі гэта для дэманстрацыі вярчэння нашай планеты па законах фізікі, а не па волі Божай... Падчас вайны храм не быў моцна разбураны — знішчылі яго ў пачатку 1960-х гадоў. На гэтым месцы ў 1980-я гады ўсталявалі фантан, які сімвалізуе тры ракі Віцебска: Віцьбу, Заходнюю Дзвіну і Лучосу.

У абласным цэнтры таксама плануюць надаць другое жыццё былой капліцы, якая знаходзілася на тэрыторыі батанічнага саду. Збудаваную на грошы мецэната ў ХІХ стагоддзі, у савецкія гады яе перабудавалі і аддалі пад патрэбы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. Адпаведна будынак знаходзіўся на балансе ВНУ, але доўгі час не эксплуатаваўся. Маленькі храм будзе адноўлены, а прылеглую тэрыторыю добраўпарадкуюць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Касцёл будзе адноўлены

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.