25 Верасень, аўторак

Вы тут

Гродзеншчына пераходзіць на эканамічнае асвятленне населеных пунктаў


У Гродзенскай вобласці мясцовыя ўлады пераходзяць на эканамічнае асвятленне населеных пунктаў.

Тут робяць стаўку не на старыя ртутныя ці натрыевыя лямпачкі, якімі карысталіся дзясяткі гадоў, а на новыя, святлодыёдныя. Яны хоць і каштуюць даражэй, але спажываюць менш электраэнергіі, што ў рэшце рэшт прыводзіць да адчувальнай эканоміі.


Вёс­ка Лак­но Гро­дзен­ска­га ра­ё­на.

Ледзьве спраўляюцца

Як паведамілі энергетыкі, заяўкі па праблемах вячэрняга асвятлення вуліц паступаюць да іх штодзённа. Дзесьці не гараць ліхтары па ўсёй вуліцы, а дзесьці няма святла ў цёмным завулку ці каля дарогі. На прадпрыемстве «Гроднаэнерга» растлумачылі, што за асвятленне гарадоў і райцэнтраў адказваюць камунальныя службы. У сельскіх населеных пунктах святло ў вячэрнія часы забяспечваюць раённыя электрычныя сеткі — РЭСы. Менавіта гэтыя службы прымаюць заяўкі ад насельніцтва альбо сельвыканкама аб тых ці іншых непаладках. Згодна з гэтымі зваротамі і складаецца графік работ. Самі энергетыкі ўдзелу ў абследаванні не прымаюць. Але могуць замяніць лямпу з уласнага фонду, які папаўняецца ў зімовы перыяд.

Зараз у РЭСы паступае даволі шмат заявак. Як паведаміў Аляксандр Ган, інжынер самага буйнога ў вобласці Гродзенскага філіяла, у тыдзень бывае да 10 зваротаў, як вусных, так і пісьмовых.

У першую чаргу выконваюцца прадпісанні ДАІ, якія датычацца асвятлення ажыўленых трас і перакрыжаванняў у населеных пунктах. Аляксандр Ган прызнаецца, што не заўсёды ўдаецца аператыўна выканаць заказ па некаторых заяўках, бо працуе толькі адна брыгада з трох чалавек, а заявак дзясяткі. Чым растлумачыць такі ўсплёск? Як аказалася... эканоміяй.

Даражэй, але выгадней

Святло ў вёсках знаходзіцца на балансе мясцовых сельвыканкамаў. Сюды тэлефануюць жыхары населеных пунктаў, затым заяўкі трапляюць на выкананне энергетыкам. Апошнім часам аб'ёмы работ узраслі, прычым паўсюдна. Гэта звязана з тым, што сельскія ўлады пачалі планамерны пераход на святлодыёднае асвятленне. Актыўна гэту работу вядзе Капцёўскі сельвыканкам Гродзенскага раёна. Старшыня Іван Сліжэўскі з задавальненнем расказвае, што сёлета яны адны з першых закупілі каля ста эканамічных лямпаў мясцовых вытворцаў. Цяпер замена тых, што перагарэлі, вядзецца толькі новымі, дыёднымі. У адрозненне ад расійскіх аналагаў, іх гарантыйны тэрмін у тры разы даўжэйшы. Па словах Івана Сліжэўскага, на гэтыя мэты сродкі будуць выдаткоўвацца ў першую чаргу. На будучы год плануецца закупіць яшчэ 90 штук. Гэтай колькасці павінна хапіць, каб вырашыць праблемы з асвятленнем населеных пунктаў Капцёўскага сельсавета. Тут узяліся мяняць, што называецца, татальна. Жыхароў гэта праблема хвалюе больш за іншыя — аб чым сведчыць і колькасць зваротаў.

У гэтым кірунку паспяхова рухаецца і Індурскі сельсавет. Ва ўсіх 24 вёсках поўнасцю замянілі старыя ліхтары на эканамічныя. цяпер іх на тэрыторыі сельсавета больш за 550. Эфект відавочны. За гэты час эканомія электраэнергіі склала больш за 30%.

За два гады пераведзены на святлодыёднае асвятленне найбольш буйныя населеныя пункты Скідзельскага сельсавета. Вядома, працэс пераходу на новыя лямпы не танны. Адным махам усяго не асіліць, кажуць у сельвыканкаме. Адзін ліхтар каштуе 90 рублёў плюс работа энергетыкаў па яго замене. Таму пакуль інавацыі закранулі палову вёсак, у перспектыве гэта работа будзе працягвацца.

Агні далёкіх вёсак

Задаволены новымі падыходамі і жыхары вёсак. Марыя Станіславаўна, якая жыве на вуліцы Маладзёжнай у вёсцы Капцёўка, паведаміла, што на іх вуліцы праблем з ліхтарамі няма — яны свецяць ажно да дзвюх гадзін ночы. Што датычыцца іншых вуліц, жанчына скаргаў ад аднавяскоўцаў не чула.

А ці даходзіць цывілізацыя да маленькіх вёсак? Удалося пагутарыць са старастам вёскі Кашубінцы Скідзельскага сельсавета. Яўгенія Мікалаеўна запэўніла, што нават у аддаленай вёсцы гарыць 4—5 ліхтароў. Калі з асвятленнем узнікаюць праблемы, брыгада электрыкаў гэта выпраўляе. Хоць жыхароў і нямнога — зімой каля дзесяці чалавек — пра іх не забываюць, кажа Яўгенія Мікалаеўна. Рэгулярна прыязджаюць аўталаўка, бібліятэка, дастаўляюць і газ, і брыкет. Вось толькі дарожныя праблемы ўлады ніяк не вырашаць. У дождж па дарогах складана праехаць, а ў снежную пару іх «забываюць» пачысціць. Без ліхтароў цяжка было б і прайсці, і праехаць.

Работа вядзецца, але...

Сваёй чаргі на асвятленне чакаюць жыхары вуліцы Леніна ў Скідзелі. Тут у змроку аказалася некалькі шматкватэрных дамоў. Жыхарка аднаго з іх паведаміла, што па-за межамі пад'езда пачынаецца цемра, хоць вока выкалі. А днямі нават не гарэў ліхтар на аўтобусным прыпынку. Многія жыхары дамоў набылі ліхтарыкі, каб не трапіць у дарожныя ямы ці лужыны. Праблему пагаршае адсутнасць ліхтароў на пад'ездах. Як аказалася, гэта звязана з тарыфамі на электраэнергію ў месцах агульнага карыстання. Згодна з новым заканадаўствам, жыхары самі павінны аплачваць расходы на іх асвятленне. Як паведамілі ў Скідзельскай ЖКГ, на чалавека ў месяц адведзена 3,3 кілават-гадзіны электрычнай энергіі. Звышнарматыўны расход павінны браць на сябе камунальныя службы. На іх думку, страт тут не пазбегнуць, вось і прыйшлося адключыць ліхтары на казырках у пад'ездах. А вулічных ліхтароў тут і раней не было. Пры ўзвядзенні шматпавярховікаў былі іншыя стандарты, таму гэта праблема актуальная не толькі для вуліцы Леніна, адзначылі ў ЖКГ. Вырашыць яе можна будаўніцтвам электрасетак, а на гэта — знайсці сродкі. У горадзе нямала іншых праблем, такіх, як добраўпарадкаванне дарог, тратуараў. Пра іх жыхары горада часцей нагадваюць у сваіх зваротах, паведамілі ў гарвыканкаме.

Вышукваць сродкі якраз і дапамагае перааснашчэнне вуліц эканамічнымі ліхтарамі. З кожным годам расходы на электраэнергію скарачаюцца дзякуючы замене старых лямпаў на святлодыёдныя. У Скідзелі яны заменены на 80%. Гэта дазволіла ў два разы знізіць затраты на асвятленне. Пасля таго, як горад поўнасцю пяройдзе на інавацыйную тэхналогію, эканомія павялічыцца. Да таго ж ліхтары новага пакалення гараць і даўжэй, і ярчэй.

Маргарыта Ушкевіч

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калі ліхтары не «праядаюць» бюджэт

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.