Вы тут

«У народнага выбранніка ёсць магчымасць дапамагчы выбаршчыкам»


Дэпутат Полацкага раённага Савета Іна Хітрова канстатуе, што ў народнага выбранніка ёсць рэальная магчымасць дапамагчы выбаршчыкам. Яна — дэпутат ад Калінінскай выбарчай акругі №17. У прадстаўнічым органе ўлады першы тэрмін, але хацела б працягнуць дэпутацкую дзейнасць.


Іна Вадзімаўна працуе намеснікам начальніка аддзела пенсійнага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Полацкага райвыканкама. Але і ў «раённым парламенце» напрацавала добры вопыт. Кажа, што, каб дапамагчы заяўнікам, у першую чаргу стараецца знайсці падтрымку ў райвыканкаме. А калі трэба, на больш высокім узроўні ўлады. Зразумела, калі звароты абгрунтаваныя, а патрабаванні людзей — законныя.

— На тэрыторыі маёй акругі пражывае прыблізна 1900 чалавек. І амаль усе — у прыватным сектары. Каля 300 — у наваколлях возера Валова. Тутэйшыя шмат разоў скардзіліся на пастаяннае падтапленне ўчасткаў. Я не раз была на месцы, вывучала сітуацыю. У выніку лабіравала пытанне аб выдзяленні сродкаў на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Далей будзе зроблена ўсё, каб вада не перашкаджала людзям,— расказвае дэпутат.

Каб вырашыць «газавае пытанне», а менавіта метадалогію разліку для тых, каго «падключылі да трубы», Хітрова звярнулася да зямлячкі, дэпутата беларускага парламента Наталлі Гуйвік. Тэма пакуль вывучаецца.

Па сваёй ініцыятыве Іна Хітрова дапамагла ўдзельніку Параалімпійскіх гульняў атрымаць пенсію за асаблівыя заслугі перад краінай.

— Андрэй Праневіч — інвалід І групы. Нагадаю, ён заваяваў залаты медаль на Параалімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра — у спаборніцтвах фехтавальшчыкаў на калясцы. За перамогу быў удастоены ордэна Айчыны ІІІ ступені, а яго трэнер — Сямён Сушчын — ганаровага звання «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь». Мяне пачулі ў аблвыканкаме, падтрымалі прапанову наконт таго, каб спартсмен атрымліваў павышаную пенсію. Пытанне наконт яго настаўніка ў спорце таксама вырашаецца, — працягвае дэпутат.

Штогод, па самых сціплых падліках, дэпутат атрымлівае каля 20 пісьмовых зваротаў. А колькі вусных — нават падлічыць цяжка. Тыповыя праблемы — дзейнасць структур ЖКГ і стан дарог. Такія агучваюць і на «прамых лініях», падчас зваротаў да адказных асоб выканаўчай вертыкалі ўлады. Яна таксама часта сустракаецца з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах, падчас розных мерапрыемстваў. На сувязі дэпутат не толькі ў працоўны час.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калі зварот абгрунтаваны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?