Вы тут

Скарыназнаўчы падарунак юбілейнаму году


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыла свет аднатомная энцыклапедыя «Францыск Скарына».


Сотні артыкулаў расказваюць пра жыццё і творчасць беларускага легендарнага першадрукара, асветніка Францыска Скарыну. Лаканічныя і разам з тым ёмістыя тэксты адлюстроўваюць усе кнігі нашага вялікага прашчура, іх змест, мастацкае аздабленне. Аўтары энцыклапедыі звяртаюць увагу на многія акалічнасці выдання кніг, якія і цяпер уплываюць на свядомасць, вылучаюць асаблівую энергетыку ў дачыненні да многіх асветніцкіх працэсаў. Сярод аўтараў артыкулаў — Яўген Неміроўскі, Аляксей Каўка, Алесь Суша, Галія Фатыхава, Георгій Галенчанка, Галіна Кірэева, Канстанцін Усовіч, Вячаслаў Чамярыцкі, Ларыса Языковіч, Іван Чарота, іншыя дасведчаныя літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, гісторыкі, культуролагі, прадстаўнікі іншых навуковых галін. Усе сабраліся разам, каб намаляваць адпаведны сённяшняму стану скарыназнаўства, беларускага кнігазнаўства партрэт Францыска Скарыны ў прасторы і часе. Можна смела павіншаваць энцыклапедыстаў, што ў звязку з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання і рэалізацыяй іншых праектаў пабачыла свет такая сапраўды ўнікальная кніга.

Асобная тэма многіх старонак персанальнай энцыклапедыі — асэнсаванне лёсу, творчасці беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукара ў іншаземнай прасторы. Таму прысутнічаюць у кнізе артыкулы пра адрасы і мясціны, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Як прыклад — «Ягелонская бібліятэка» (аўтар — Я. Неміроўскі, маскоўскі даследчык, маскоўскі скарыназнаўца). Менавіта ў гэтым адметным, славутым кнігасховішчы захоўваюцца скарынаўскія выданні. А яшчэ ў гэтай бібліятэцы (заснавана ў Кракаве як бібліятэка ўніверсітэта ў 1364 годзе) ёсць матрыкульныя і прамацыённыя кнігі Кракаўскага ўніверсітэта з запісам аб паступленні Ф. Скарыны ў 1504 годзе ва ўніверсітэт і атрыманні ім 10 кастрынчіка 1506 года вучонай ступені бакалаўра філасофіі. Многія артыкулы прысвечаны замежным даследчыкам і замежным перакладчыкам тэкстаў Ф. Скарыны. Гартаючы кнігу, разумееш, наколькі прыцягальная спадчына славутага ўсходнеславянскага першадрукара для многіх і многіх даследчыкаў і мастакоў слова. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Яраслаў Ісаевіч (1936 — 2010), загадчык аддзела Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, доктар гістарычных навук Мікола Нікалаеў, доктар гістарычных навук з Масквы Яўген Львовіч Неміроўскі (нарадзіўся ў 1925 годзе ў Крапіўніцкім, Украіна), расійскі культуролаг, славіст, кнігазнавец, доктар філалагічных навук Юрый Лабынцаў, рускі археограф, бібліёграф Канстанцін Калайдовіч (1792 — 1832), рускі пісьменнік, гісторык Мікалай Карамзін (1766 — 1826; ён параўноўваў пераклад Бібліі Скарынам з іншымі перакладамі, у бібліятэцы Мікалая Міхайлавіча меліся скарынаўскія кнігі), польскі вучоны-лексікограф, доктар філасофскіх навук Самуіл Ліндэ (1771 — 1847), рускі гісторык Павел Строеў і шмат хто яшчэ з яркіх асобаў вучонага свету — персанажы энцыклапедычных артыкулаў.

Асобна вылучана тэма адлюстравання вобраза Ф. Скарыны ў выяўленчым мастацтве. Пра шмат каго з беларускіх мастакоў, скульптараў напісала мастацтвазнаўца Галія Фатыхава. Яна, здаецца, не прапусціла ніводнага беларускага жывапісца, графіка, які закрануў скарынаўскую тэму. Артыкулы пра мастакоў багата ілюстраваны рэпрадукцыямі іх работ. Гэта вылучае выданне сярод іншых падобнага роду даведнікаў, энцыклапедый, пашырае прастору выкарыстання кнігі. Расказваецца ў энцыклапедыі і пра кампазітараў, пісьменнікаў, драматургаў, якія паспрабавалі стварыць вобраз першадрукара ў сваіх разнажанравых тэмах. Аўтары выдання, энцыклапедычныя рэдактары прайшлі вялікі шлях, каб нішто не ўпусціць, каб занатаваць літаральна кожнае імя, кожны варты ўвагі твор.

Энцыклапедыя выдадзена пры фінансавай падтрымцы і па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Наклад выдання — 1500 асобнікаў. Магчыма, і адпаведны сённяшняму часу наклад. Але ўсё ж — і пры ўмове развіцця сучасных электронных тэхналогій — мяркую, што Францыск Скарына варты болей шырокай увагі чытача.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».