Вы тут

Закон «Аб сялянскай гаспадарцы» пройдзе праз парламенцкі маніторынг


Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні правядзе маніторынг дзеяння Закона «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы». Такое рашэнне было прынята на чарговым пасяджэнні камісіі.


Усяго ў Беларусі зарэгістравана крыху больш як 3000 сялянскіх фермерскіх гаспадарак, з іх у 2578 асноўны від дзейнасці — вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. У сярэднім на адну фермерскую гаспадарку ў нашай краіне прыпадае каля 70 гектараў зямлі. Дзяржава аказвае пасільную дапамогу фермерам у выглядзе крэдытавання, ільготнага лізінгу на закупку тэхнікі, выдзялення сродкаў на развіццё асобных кірункаў дзейнасці, напрыклад, такіх, як пасадка пладова-ягадных культур, племянная справа і іншыя. У 2017 годзе з рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне фермерскіх гаспадарак было прадугледжана 635 тысяч рублёў. Калі гаварыць аб мерах ускоснай дзяржаўнай падтрымкі, то варта адзначыць, што большасць сельгасвытворцаў і фермерскіх гаспадарак выплачвае адзіны падатак у памеры 1% ад выручкі, а фермеры-пачаткоўцы вызваляюцца на тры гады ад усіх падаткаў, акрамя ПДВ.

Аднак, нягледзячы на гэта, паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова, уклад фермерскіх гаспадарак у развіццё аграпрамысловага комплексу Беларусі пакуль яшчэ не вялікі. Па звестках статыстыкі, на долю прадстаўнікоў так званых «малых формаў гаспадарання» прыпадае ўсяго толькі каля 2 працэнтаў аб'ёму сельгасвытворчасці. «Настаў час зверыць нормы існуючага заканадаўства з сучаснымі ўмовамі працы фермерскіх гаспадарак. Што перашкаджае іх развіццю? Якія захады будуць садзейнічаць развіццю прыватнай ініцыятывы ў сельскай гаспадарцы? Для гэтага мы і правядзём маніторынг існуючых праблем і паглядзім, наколькі дзеючы Закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» адпавядае патрабаванням часу».

Сярод шматлікіх праблем, якія сёння больш за ўсё хвалююць беларускіх фермераў, — цяжкасці са збытам вырабленай прадукцыі. Напрыклад, сёлета ў большасці фермерскіх гаспадарак быў вырашчаны добры ўраджай гародніны. Аднак буйныя гандлёвыя сеткі не праявілі цікавасці да прадукцыі ад мясцовых вытворцаў, аддаючы перавагу пастаўкам з-за мяжы. У выніку такога падыходу фермерскія гаспадаркі засталіся без рынкаў збыту, а ўлічваючы сезоннасць вытворчасці агародніннай прадукцыі, яшчэ і без даходаў ад сваёй працы. Цалкам відавочна, што сёння такія невялікія фермерскія гаспадаркі маюць патрэбу ў стварэнні прадуманай лагістычнай сістэмы па збыце сельскагаспадарчай прадукцыі, паколькі буйныя тавараправодныя сеткі не хочуць супрацоўнічаць з дробнымі пастаўшчыкамі.

Таксама, на думку спецыялістаў, наспела неабходнасць унесці змены ў некаторыя трактоўкі палажэнняў заканадаўства, якія датычацца ўнутрыгаспадарчых эканамічных узаемаадносін сялянскай фермерскай гаспадаркі. Патрабуе юрыдычнага абгрунтавання і шэраг пытанняў па фарміраванні, валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю фермерскай гаспадаркі.

Плануецца, што маніторынг дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» будзе праводзіцца на працягу 2018 года. Для ўсебаковага вывучэння праблематыкі, звязанай з дзейнасцю суб'ектаў малых формаў гаспадарання на вёсцы, акрамя фермераў, будуць запрашацца профільныя спецыялісты аграрнай галіны, навукоўцы, юрысты. На думку парламентарыяў, маніторынг заканадаўства — гэта своеасаблівая форма дыялогу ўлады і грамадства з мэтай павышэння эфектыўнасці заканадаўчай дзейнасці і стварэння прававога поля для паспяховай работы ўсіх суб'ектаў гаспадарання ў Беларусі.

Наталля Бітэль

Загаловак у газеце: Фермеры ў законе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».