У сучаснай Беларусі ўсе дарогі вядуць у Мінск! Едучы ў сталіцу па справах ці на адпачынак, заўсёды можна спыніцца ў вёсцы, якая мае адметную гісторыю.
Дубрава, Маладзечанскі раён
Вёска Дубрава — месца загадкавае. На думку гісторыкаў, людзі тут жылі яшчэ ў VII стагоддзі да нашай эры. Побач з вёскай ёсць гара, якую называюць Дзявочай. Тут знаходзяцца курганы, якія, верагодна, былі ўзведзены балтамі. Назва гары магла паходзіць ад літоўскага слова «Дзевас», што азначае «Бог». Старажылы памятаюць вялізны валун на гары, які ў народзе называлі Адамаў камень, побач з гарою ёсць тры крыніцы. Пра Дзявочую гару ходзіць шмат легенд...
Дубрава патрапіла ў летапісныя крыніцы ў 1453 годзе: Глябовічы, старажытны беларускі магнацкі род, збудавалі тут касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У ХVI стагоддзі Глябовічы, як і іншыя беларускія магнаты, перайшлі ў кальвінізм. У 1581 годзе мінскі кашталян Ян Янавіч Глябовіч для выхавання сваіх дзяцей запрасіў у Дубрава кальвініста Яна Ласіцкага, славутага польскага гісторыка, бібліёграфа і пісьменніка. Шмат сваіх прац Ян Ласіцкі прысвяціў апісанню беларускіх гарадоў і вёсак, цікавіўся сямейнымі абрадамі, стравамі, традыцыйным адзеннем беларусаў.
Напрыканцы XVIII стагоддзя Дубрава — уласнасць мінскага ваяводы Адама Хмары. Дзякуючы яму ў 1799 годзе тут быў пабудаваны новы цагляны парафіяльны касцёл. Архітэктарам стаў знакаміты італьянскі дойлід Карла Спампані. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл перабудавалі пад праваслаўную царкву. А ў 1980-х гадах у вёску на ўборку бульбы прыехалі студэнты і... храм гарэў. Сёння касцёл у руінах.
Апошнімі гаспадарамі Дубрава былі шляхцічы Ваньковічы, якія збудавалі шыкоўны сядзібны дом. Дом той не захаваўся, затое ў вёсцы можна агледзець будынак, дзе жылі слугі Ваньковічаў, і бровар, дзе ў савецкія часы быў спіртавы завод. А яшчэ — будынак старой школы, якая ўзнікла за польскім часам па праграме Юзафа Пілсудскага.
Цяпер дубраўскія дзеці ходзяць у новую школу, перад уваходам у якую ўмацаваная шыльдачка ў гонар прыродазнаўца, удзельніка паўстання 1863 года Бенедыкта Дыбоўскага, які нарадзіўся зусім побач, у фальварку Адамарын.
Старабарысаў, Барысаўскі раён
У 1102 годзе князь Барыс-Рагвалод заснаваў горад Барысаў на месцы, дзе цяпер знаходзіцца вёска Старабарысаў. Праз 25 гадоў у горадзе адбылася вялікая бітва, Барысаў быў спалены, а потым перанесены на 4 км уніз па Бярэзіне, дзе знаходзіцца і сёння. Барысаў лічыцца адзіным славянскім старажытным горадам, заснаваным на левым беразе ракі.
Росквіт Старабарысава пачаўся напрыканцы XVIII ст. У 1776 годзе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падараваў староства Барысаўскае разам з Барысавам кашталяну Міхалу Гераніму Радзівілу. Міхал Радзівіл размясціў сваю рэзідэнцыю ў барысаўскім замку. Неўзабаве Рэч Паспалітая была далучана да Расійскай імперыі, абачлівы Міхал Радзівіл захаваў большасць сваіх уладанняў, але Барысаў такі патрапіў у расійскую казну. З гэтай прычыны Міхал Геранім перанёс рэзідэнцыю ў Старабарысаў, пабудаваў шыкоўны палац, заклаў парк і сад.
Падчас вайны 1812 г. у ноч з 13 на 14 лістапада ў Старабарысаве спыніўся Напалеон. Світа і штаб размясціліся ў палацы Міхала Радзівіла. Галоўны хірург напалеонаўскай арміі Ларэй узгадваў у мемуарах, што ў Старабарысаве яны ночылі ў вельмі шыкоўным, непараўнальнай прыгажосці палацы. Сам Напалеон абраў для начлегу дом кіраўніка маёнтка Корсака, які захаваўся да гэтага часу. Наступныя гаспадары абклалі хату цэглай і дабудавалі праваслаўную капліцу.
Старабарысаўскі маёнтак па спадчыне стаў уласнасцю ўнука Міхала Гераніма Радзівіла — Лявона Радзівіла. Лявон служыў у расійскай арміі, меў добрае знаёмства з імператарскай сям’ёй Раманавых і прадаў Раманавым вёску Старабарысаў.
Мікалай Мікалаевіч і Пётр Мікалаевіч Раманавы ў другой палове ХІХ ст. пабудавалі на старым гарадзішчы палац у стылі класіцызму з элементамі мадэрну і пашырылі парк. Сцяжынку ў парку праклалі ў выглядзе царскай манаграмы. У 1902 годзе Раманавы адкрылі ў маёнтку амбулаторыю, і кожны чалавек, незалежна, селянін ён бедны ці гаспадар фабрык і заводаў, мог прыйсці і атрымаць медыцынскую дапамогу. Пры амбулаторыі была аптэка, у якой лекі выдавалі бясплатна, калі хто не мог набыць за грошы. У Старабарысаве захаваўся не толькі палац, але і шэраг гістарычных будынкаў.
Падчас Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 г. у маёнтку знаходзіўся нямецкі штаб групы арміі «Цэнтр», і 4 жніўня 1941 г. сюды прылятаў Адольф Гітлер на важную нараду.
Новы Свержань, Стаўбцоўскі раён
Некалі Новы Свержань і Стары Свержань зваліся проста Свержань. Тут была знойдзена стаянка людзей, якая датуецца ІІІ — VI тысячагоддзем да нашай эры. У летапісах Свержань згадваецца ў 1428 годзе, калі князь Вітаўт падарыў гэтае паселішча жонцы Ульяне. На той час тут была пераправа праз Нёман, ішла старадаўняя дарога з Менска на Наваградак і Бярэсце. Каб абараняць пераправу, князь Вітаўт узвёў абарончы замак бастыённага тыпу.
Свержань належаў вялікім князям да 1509 года. Пасля кароль Жыгімонт Стары падарыў яго разам з замкам магнату Івашку Літавору Храптовічу. Падчас бітвы з Маскоўскай дзяржавай Храптовіч трапіў у палон. Восем гадоў ён быў у няволі, але не перайшоў на бок Масквы. Калі ж Храптовіч вярнуўся на радзіму, Жыгімонт І прызначыў яго старастам драгічынскім і ўзнагародзіў рознымі землямі.
У канцы ХVI стагоддзя Свержань належаў Мікалаю Радзівілу Сіротку. Ён запрасіў сюды італьянскага архітэктара Яна Марыя Бернардоні, каб пабудаваць касцёл. Храм быў узведзены ў 1588 годзе і па абрысах меў абарончы характар з элементамі готыкі. Калі праз стагоддзі тут пабываў Уладзіслаў Сыракомля, то запісаў, што свержаньскі касцёл вельмі багаты: прыгожыя драўляныя алтары, старажытныя абразы... За савецкім часам храм ператварылі ў склад, усе каштоўнасці зніклі. Толькі ў 1988 годзе касцёл вярнулі каталікам.
Сіротка падтрымліваў Брэсцкую унію 1596 года і нават быў адным з трох каралеўскіх паслоў на саборы ў Брэсце. Пабудаваўшы ў Свержані касцёл у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла, побач па праекце Яна Бернардоні ён узвёў уніяцкую царкву, якая дагэтуль захавала сваё сціплае аблічча эпохі Рэнесансу.
Праўнук Сіроткі, Міхал Радзівіл па мянушцы Рыбанька, у 1739 годзе дамовіўся аб заснаванні пры царкве кляштара і семінарыі, а таксама стварыў у Свержані фаянсавую мануфактуру (фарфорню). Вытворчасць арганізоўвалі мясцовыя майстры, якія вывучалі сакрэты майстэрства за мяжой. У Свержані выраблялі сталовы, аптэчны і нават літургічны посуд, фаянсавыя алтары для касцёлаў, дэкаратыўныя куфэркі, шкатулкі, бюсты старажытных філосафаў, кафлю для печаў… Фарфорня хутка стала другой па значнасці ва ўсёй Рэчы Паспалітай, купцы забіралі з яе ўсё запар і везлі прадаваць за мяжу. Сёння ж у Беларусі амаль нічога з тых вырабаў не засталося, бо пасля рэвалюцыі 1917 года «панскія штучкі» бязлітасна знішчаліся.
Суднаходства на Беларусі пачыналася менавіта са Свержаня — адсюль віціны (невялікія рачныя судны) адпраўляліся да Балтыйскага мора. Некалі ў мястэчку будавалі віціны, грузапад’ёмнасць якіх даходзіла да 200 тон.
Мільча, Вілейскі раён
Сваімі каранямі гэтая вёска ўрастае ў XVI стагоддзе. У 1643 годзе яна належала Яну Рудаміну-Дусяцкаму, які хвацка біўся і нядрэнна валодаў пяром. Ён быў удзельнікам многіх бітваў і апісаў у вершаванай форме Хацінскую бітву з туркамі.
За 1 км ад сённяшняй вёскі стаіць каплічка, і некаторыя кажуць, што старажытная Мільча была менавіта тут, але надарылася чума, і ўсіх выкасіла. Цяперашняя каплічка ўзведзена ў ХХ ст., побач з ёю — каменны слуп, рэшткі старой капліцы.
У 1800 годзе Мільча стала ўласнасцю ротмістра Міхала Тышкевіча. У Мільчы, відаць, неаднойчы спыняліся знакамітыя браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы. Яны праводзілі раскопкі, перапраналіся ў сялянскае адзенне і збіралі беларускі фальклор. Канстанцін Тышкевіч напісаў кнігу «Вілія і яе берагі» (1871), дзе згадваецца і вёска Мільча.
Мільчанская царква была ўзведзена ў 1865-х гадах і асвечана ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Перад Другой сусветнай вайной тут служыў святаром айцец Аляксандр Лапіцкі, а яго малодшы сын Расціслаў хадзіў у мясцовую школу. Напрыканцы 1940-х гадоў Расціслаў Лапіцкі стаў арганізатарам і кіраўніком падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне.
Чырвоная Дуброва, Капыльскі раён
Чырвонай Дубровай вёска пачала звацца за савецкім часам. Раней яна мела назву Макраны, бо стаяла сярод балотаў.
У другой палове ХVIІІ ст. гаспадаром вёскі быў пінскі харунжы Уладзіслаў Вайніловіч. Ягоны сын — герой кампаніі 1812 года Ксаверый Вайніловіч — збудаваў тут невялічкі палацык. У сваю чаргу, сын Ксаверыя Юзаф стварыў у маёнтку выдатную гаспадарку. У макранскім парку стаяла цяпліца, дзе вырошчвалі ананасы. Адсюль іх везлі на продаж у Маскву, Пецярбург, Кіеў, Варшаву. Бізнес прыносіў немалы даход.
На экспарт ішло і масла, якое выраблялася на малочным заводзе (рэшткі будынка захаваліся дагэтуль). Напрыканцы ХІХ стагоддзя Макраны былі адным з найлепшых маёнткаў Міншчыны. Тут меліся млын і паравая піларама, а малаказавод быў механізаваны. У вёсцы налічвалася каля тысячы жыхароў, дзейнічала народнае вучылішча. На сродкі Юзафа Вайніловіча ў 1865 г. была пабудавана цагляная праваслаўная царква, асвечаная ў гонар Святога Юрыя. Была ў вёсцы і капліца-пахавальня роду Вайніловічаў.
Перад прыходам бальшавікоў Вайніловічы перабраліся ў суседнюю вёску Кунцаўшчыну, якая апынулася на тэрыторыі Польшчы.
Вішнявец, Стаўбцоўскі раён
Сёння Вішнявец — невялікая вёска, а раней гэта было мястэчка са старажытнай назвай Гавязна. Вішняўцом яго сталі называць толькі з 1964 года.
Паселішча Гавязна вядомае з XVI стагоддзя. Уваходзіла яно ў склад Слуцкага княства і належала Алелькавічам, адной з галін Гедымінавічаў. У 1588 годзе князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка выкупіў Гавязну ў Алелькавічаў і перадаў сёстрам-бенедыкцінкам.
Кляштар бенедыкцінак месціўся ў Нясвіжы, а ў Гавязне сёстры трымалі вялікую гаспадарку. На пачатку XVII стагоддзя адной з сясцёр недалёка ад маёнтка быў знак у выглядзе крыжа, і на тым месцы пачалі будаваць касцёл. Сярод бенедыкцінак былі прадстаўніцы вядомых магнацкіх і шляхецкіх радоў: Войны, Нарбуты, Радзівілы, Тышкевічы... Кожная дзяўчына пры паступленні ў кляштар уносіла грашовы «пасаг». Таму касцёл узвялі хутка і асвяцілі ў гонар Святога Крыжа.
У 1740 на месцы касцёла з’явілася ўніяцкая царква, якая ў 1831 годзе была перададзена праваслаўным вернікам. Храм у гатычным стылі перабудавалі, пра што вельмі смуткаваў Уладзіслаў Сыракомля, які родам з гэтых мясцін.
Царква Яна Хрысціцеля захавалася па сёння. Падчас Другой сусветнай вайны мястэчка Гавязна было знішчана. Засталіся толькі дзве хаты, але ў храм не патрапіў ні адзін снарад. Назва Гавязна ўтворана ад слова «гавець». Гавець — значыць рыхтавацца да таінства паяднання, да споведзі. А гэта вельмі шчыры стан душы...
Юрый ЖЫГАМОНТ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.