Вы тут

Леанід Гоманаў паказаў беларускі пейзаж у Грэцыі


Мастак Леанід Гоманаў прадставіў у Грэцыі жывапісны праект «Музыка беларускага пейзажу». Мастак і ягоная дачка, а па сумяшчальніцтве куратар праекта Вольга Гоманава доўга прадумвалі канцэпцыю і шукалі партнёраў, у супрацоўніцтве з якімі будзе магчыма арганізаваць экспазіцыю.


Леанід Гоманаў «Разліў».

— Мы зрабілі прыгожую выстаўку ў грэчаскім горадзе Ламія. Я зразумела, што ў такім цудоўным горадзе творы таты прыжывуцца, — расказвае Вольга Гоманава. — У праекце экспанавалася каля дваццаці пейзажаў.

Выстаўка адбылася дзякуючы праекту Еўрапейскага саюза «МOST», які накіраваны на пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі з мэтай абмену досведам і паляпшэння ўзаемаразумення. Канцэпцыя праекта «Музыка беларускага пейзажу» закладзена ўжо ў назве.

— Тата не звяртаўся да абстракцыі ці нейкіх іншым тэм. Яму хацелася паказаць унікальнасць беларускай прыроды, — падкрэслівае Вольга Гоманава. — Грэцыя — гэта краіна сонца і мора, а Беларусь жа зусім іншая, нам так хацелася падзяліцца цяплом, прыгажосцю сваёй зямлі. Нашы краявіды лірычныя, цёплыя, пранізлівыя. Але грэкам было цікава адчуць не толькі пейзаж, а бачанне мастака. Мы адзначылі, што наведвальнікам спадабаліся снежныя пейзажы. Гэта парадокс: мы любім марскую тэматыку, а там людзі закахаліся ў снег.

Задумлівыя і лірычныя творы Леаніда Гоманава немагчыма зблытаць з творамі іншых аўтараў: адметны філасофскі складнік, разважанне і дыялог мастака з прыродай.

— Як куратару мне было цікава супрацоўнічаць з еўрапейскай галерэяй, зразумець, як там рыхтуюць выстаўку, падыходзяць да арганізацыі, — дзеліцца Вольга Гоманава. — Вядома, досвед наш і еўрапейскі абсалютна розныя. Таму выстаўкі за мяжой для аўтараў асабліва карысныя. Мы розныя ў мастацтве і яго разуменні: у нас іншы фармат і выставак, і тэм, і гэта вельмі добра: ёсць магчымасць для праяўлення індывідуальнасці.

Леанід Гоманаў даволі часта прадстаўляе свае творы на выстаўках па Беларусі, гэтага творцу добра ведаюць у Польшчы.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Закахацца ў снег

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.