Вы тут

Сем колераў кахання


У Беларускай дзяржаўнай філармоніі на Малой сцэне імя Р. Шырмы адбылася прэм’ера музычна-тэатралізаванай дзеі паводле п’есы Васіля Дранько-Майсюка «Сем колераў кахання для Мастака, Паэта і Аркестра», прысвечанай Марку Шагалу.

Дзівосная музыка ансамбля салістаў «Класік-Авангард», выдатныя вершы Леаніда Дранько-Майсюка і Рыгора Сітніцы (у выкананні самога аўтара), а таксама — упершыню са сцэны філармоніі — Алеся Дудара і Міхася Чарота ператварылі вечар у незабыўны. Дапаўнялі пастаноўку карціны беларускіх мастакоў, што экспанаваліся пры дапамозе мультымедыйных сродкаў. Гучалі творы любімых кампазітараў Шагала — І. Ахрона, М. Гнесіна, І. Стучэўскага, А. Тансмана і іншых. Дырыжорам выступаў мастацкі кіраўнік ансамбля — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Байдаў. Лібрэта стварыў драматург і рэжысёр В. Дранько-Майсюк.

У аснову спектакля пакладзена сапраўдная гісторыя жыцця, кахання і творчасці славутага мастака, якую распавядаў ён сам, выяўляючы ў колерах:

СІНІ. Мінорныя мелодыі Тэадора Остэна ствараюць настрой светлага суму па чымсьці далёкім і няўлоўным, да чаго нельга дакрануцца, а можна памятаць толькі сэрцам. Самае пяшчотнае маленства, калі свет падаецца напоўненым Божаю ласкай да нябёсаў. Сіні колер для мастака быў сімвалам Космасу, сузірання, бязважкага палёту, лёгкасці.

Сіні — колер таямніцы. «…Мне сем гадоў. У таты дзень нараджэння. Што яму падарыць? З акна суседа гучыць музыка. Калі яе ўчора пачуў тата, то сказаў, што ў яго ажно душа маладзее. Я бяру ў адрыне сінюю фарбу і малюю на нашым плоце тату! Ён, змучаны і спрацаваны, у мяне такі лёгкі... уздымаецца над Віцебскам... За мной назірае прыгожая жонка суседа. Яе сінія вочы, як у Марфы, нашай каровы. Гэй! Ляці ў маю карціну! Тут месца толькі сапраўднаму хараству! ...Аййй! Што за чмель кусае за вуха? Плача прыгожая жонка суседа: «Ён мяне каровай намаляваааў!!!!» Чмель не адпускае вуха. …Мой шчаслівы сіні бацька лунае ў небе і ловіць дошкі, якія кружацца над пляцам. Некалькі нязлоўленых дошак падаюць… У той жа вечар мы з татам зафарбавалі маю карціну. Пазней, калі я бачыў сінія платы, мяне заўсёды цікавіла, якія дзівосныя выявы схаваныя пад гэтай нябеснай фарбай?»

ЗЯЛЁНЫ. Юнацтва. Першае каханне. Саліруе скрыпка… Дождж. Ізумрудны ліхтар, узаемна закаханы ў лужынку каля яго. Дождж скончыўся, і пад першымі промнямі сонца лужынка высыхае. Пакуты самотнага сэрца, чыё каханне раствараецца ў паветры. Але выратаванне ёсць. Гэта — Парыж!

ЧЫРВОНЫ. Мажорны лад. Мастак пераязджае ў Парыж, здымае майстэрню на паддашшы. Гучаць тэма вальса, полька Вайнберга, матывы цыркавой арэны, ноткі марша.

«Адчуваю: па мне нехта ходзіць. На грудзях — вялізны пацук. Хачу закрычаць, ён закрывае рот лапай, душыць хвастом… Гадзіннік б’е дванаццаць. Сцены майстэрні ажываюць: з кожнай дзірачкі вылазяць хвасты, вострыя пыскі, лапы… «Успомні — чую голас мамы. — Як я цябе называла? Успомні! Прыгадай, што ты больш за ўсё на свеце любіш!» Што я люблю? Што люблю? Побач карціна, на якой палае наша хата, уцякае зялёны конь. Усё патанае ў чырвоным колеры. …Агонь! Ён зачароўвае, надае сілы... Зрываю коўдру, якая рабіла мяне падобным да кукалкі матылька. Ператвараюся ў вялікага чырвонага матыля з вогненнымі крыламі. Хто з пацукоў набліжаецца — згарае. Цяпер ніхто не можа зрабіць кепска ні мне, ні маёй сям’і. Цяпер я моцны і спакойны. Бо ведаю: у патрэбны момант здолею ператварыцца ў вялікага матыля з вогненнымі крыламі!»

РУЖОВЫ. Пачынаецца вайна, адбываецца рэвалюцыя. Мастак вяртаецца ў Віцебск, да сваёй Бэлы, а там — немцы. Ізаляцыя. Чужы сярод сваіх. Пранізлівы мінор. І толькі сам-насам з каханай магчыма шчасце. Адгарадзіўшыся ад усяго свету, можна кахацца на ложы з кветак.

ЧОРНЫ. Колер ночы. Эміграцыя. Боль, які праходзіць, жаданне, якое спраўджваецца. Тэма трагедыі трансфармуецца ў мажорны настрой. Цырк, блазны, свята… Разумееш, што чорны — гэта ў першую чаргу колер надзеі. Чорную паласу заўжды змяняе белая.

ЖОЎТЫ. Гучыць «Балеро» Равэля — кампазіцыя, закальцаваная сама на сабе. Усё вяртаецца да сваіх вытокаў. Адзінота, смерць... Але… Жоўты колер усё ператварае ў паэзію. «Я пазнаёміўся з Бэлай восенню. Яе бацькі хацелі, каб я падарыў ёй залаты пярсцёнак. А я дарыў ёй кожны дзень залатыя кароны, сплеценыя з кастрычніцкага лісця. Як мы любілі жоўты колер ва ўсіх яго адценнях!»

БЕЛЫ. «Я глядзеў на чыстае палатно і не бачыў нічога, акрамя пустога белага колеру. Казалі, што ў мяне была новая жонка, што яна збегла затым да нейкага каханка. Што ў мяне была другая жонка і мы з ёй добра жылі. Усё можа быць. Не памятаю. У мяне нават з’яўляліся нейкія новыя карціны, роспісы, кераміка... Імі захапляліся. Можа быць... Усё можа быць... Я ж нічога не бачыў, акрамя пустога і такога балючага белага колеру. … Аднойчы я адчуў, як на мяне нехта глядзіць. Перада мной стаяў жабрак. Ад яго ўсмешкі боль прайшоў. «Я магу выканаць толькі адно жаданне. Што ты жадаеш?» …Я адчуў дыханне. Яе дыханне. Гэткае: ф’юююю! 28 сакавіка 1985 года я пачаў ажываць. Чую музыку! Хачу танцаваць! Яе дыханне! Яе чароўнае дыханне. Адзінае, што я не ўмеў маляваць, але зараз, адчуваю, намалюю. Абавязкова намалюю. Бэла, я іду да цябе! Іду!»

Такімі былі колеры Шагала, аднаго з самых выбітных прадстаўнікоў мастацкага авангарда ХХ стагоддзя. Галоўным у спектаклі пра яго была любоў да жыцця. Душа мастака як наноў адкрылася перад гледачамі ва ўсім ззянні яе адценняў, багацці колераў, рытмаў, глыбіні эмоцый. Каб кожнаму захацелася адчуць і пражыць уласнае жыццё ярка і натхнёна, свяціць, быць шчаслівым і даваць шчасце тым, хто побач і з кім зводзіць лёс.

Драматург здолеў тонка адчуць мастака і перадаць у сваім творы яго светаўспрыманне.

 Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».