Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды


Напярэдадні Новага года Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Сярод гасцей Палаца Незалежнасці — прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці: і кіраўнікі прадпрыемстваў, і сілавікі, і ўрачы, і навукоўцы, і спартсмены, і культурныя дзеячы...


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці дабіваюцца людзі, якія на першае месца ставяць прафесіяналізм і адказнае стаўленне да працы:

— Імі рухае жаданне пераўзысці сябе, дасягнуць высокага ўзроўню майстэрства, зрабіць нешта значнае для сваёй краіны, для народа. Для дзяржавы важна бачыць такіх спецыялістаў, уздымаць статус, умацоўваць аўтарытэт і па заслугах ацэньваць іх працу.

У зале дзяржаўных узнагарод Палаца Незалежнасці сабраліся тыя, хто канкрэтным прыкладам паказаў сапраўдную адданасць сваёй справе.

— Кожнае ваша дасягненне ўсяляе пачуццё ўпэўненасці ў будучыні Беларусі, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што цёплых слоў удзячнасці заслугоўваюць работнікі прамысловага сектара эканомікі. Ад іх поспехаў у многім залежыць дынамічнае развіццё краіны. Дзякуючы найлепшым спецыялістам аграпрамысловага комплексу Беларусь захавала лідарства на сусветным рынку харчовай прадукцыі.

— Усё гэта было б немагчыма без навуковага суправаджэння, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэты год адзначаны дасягненнямі і нашых вучоных. Асабліва каштоўныя поспехі ў распрацоўцы і ўкараненні інавацыйных тэхналогій у вытворчасць.

Зрабілі істотны ўнёсак у развіццё эканомікі прадстаўнікі будаўнічай сферы і грамадзянскай авіяцыі. Супрацоўнікі айчынных сілавых структур гарантуюць нацыянальную бяспеку і правапарадак у краіне.

Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што заслужаныя высокія ўзнагароды стануць стымулам і дадуць натхненне на чарговыя дасягненні і поспехі. Карыстаючыся выпадкам, ён павіншаваў удзельнікаў урачыстасці з надыходзячым Новым годам.

— Упэўнены, ён стане годам працоўных перамог, выканання планаў і праектаў, годам станоўчага, пазітыўнага росту эканомікі, — сказаў Прэзідэнт. — Хачу пажадаць шчасця, здароўя, удачы і бадзёрасці духу вам, вашым родным і блізкім.

У тэму:

Юрый Мароз, генеральны дырэктар сельскагаспадарчага адкрытага акцыянернага таварыства «Белавежскі» з 2002 па 2017 год, узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІ ступені:

— Усё сваё жыццё я прапрацаваў не дзеля ўзнагарод, а дзеля таго, каб ствараць лепшыя ўмовы жыцця для людзей, што, лічу, у мяне атрымалася. Перш за ўсё, атрымалася стварыць цудоўны калектыў з 1700 працуючых у вёсцы, з іх 350 спецыялістаў — з вышэйшай адукацыяй. Другое — мне ўдалося пабудаваць на новым месцы найцудоўнейшы пасёлак з 820 домаўладанняў з усімі аб'ектамі сацыяльна-культурнага прызначэння. Ну і калі ствараеш для людзей умовы і ёсць добры калектыў, з імі можна дасягаць высокіх паказчыкаў.

Пётр Пархомчык, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «БелАЗ» — кіруючай кампаніі холдынга «БелАЗ-Холдынг», узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені:

— Гэта — трэцяя дзяржаўная ўзнагарода за час працы на дзяржаўных прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь. «БелАЗ» працуе імкліва. Калі зрабіць агульны аналіз работы прадпрыемства за гэты год, то можна сказаць, што гэта найлепшы год за апошнія 25 гадоў. Экспарт вырас на 188%, прырост склаў 325 мільёнаў долараў. Выручка на аднаго работніка ўзрасла ў 1,8 раза і склала 72 тысячы долараў. Плюс — мы набралі 737 новых супрацоўнікаў нашага прадпрыемства. Мы маем поўны заказ на 2018 год, і ёсць упэўненасць, што тэмпы росту ў наступным годзе складуць 112—114%.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Па заслугах

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.