Вы тут

Новы ўказ падаўжае тэрмін бязвізавага знаходжання і пашырае тэрыторыю


26 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №462 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Згодна з дакументам, тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей падоўжаны да 10 дзён. У зону «бязвізу» ўвойдуць пункты пропуску на чыгуначных вакзалах і аэрапортах. Таксама пашырыцца тэрыторыя для часовага знаходжання замежных турыстаў.


Так, у зону парку «Аўгустоўскі канал» увойдзе разам з Гроднам увесь Гродзенскі раён. У Нацыянальны парк «Белавежская пушча» — тэрыторыя турыстычна-рэкрэацыйнай зоны «Брэст» (Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці).

Для наведвання бязвізавых зон замежным грамадзянам трэба мець сапраўдны дакумент для выезду за мяжу і дакумент на права індывідуальнага ці групавога наведвання адпаведнай тэрыторыі. Гэты парадак распаўсюджваецца на грамадзян 77 краін.

Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2018 года і накіраваны на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання турыстычнай інфраструктуры Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Плануецца, што рэалізацыя дадзенага дакумента дазволіць павялічыць турыстычны паток і экспарт турыстычных паслуг на 30%.

У сучасны момант дзейнічае бязвізавы парадак уезду і часовага знаходжання на тэрмін да трох сутак на тэрыторыі Белавежскай пушчы і на тэрмін да пяці сутак на тэрыторыі Аўгустоўскага канала і прылеглых тэрыторыях.

Віктар ЛІСКОВІЧ, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— Добра, што з 1 студзеня мы зноў зможам прымаць у сябе замежных турыстаў. Літаральна на мінулым тыдні віталі 50-тысячнага бязвізавага турыста. Ім стала дзяўчынка Паўліна з польскага горада Аўгустова, якая прыехала сюды з бацькамі. А лідзіруюць па бязвізе госці з Літвы, якія складаюць 60% турыстаў «адкрытага фармату». На другім месцы — палякі, далей — латышы і немцы. Нямала было гасцей і з далёкіх краін.

Вельмі важна, што ўдвая павялічыўся тэрмін знаходжання і бязвізавая зона пашырылася. Гэта дасць новы імпульс для развіцця рэгіёна. Згодна з апытаннем турыстычных фірмаў, замежны турыст у краіне, якую наведвае, у сярэднім пакідае 100—120 еўра ў суткі. Па прыкладных падліках імі на тэрыторыі парку «Аўгустоўскі канал» патрачана больш за 12 млн долараў. На сённяшні дзень зарэгістраваны на бязвізавы ўезд яшчэ амаль чатыры тысячы замежных гасцей, якія, дзякуючы новаму ўказу, змогуць наведаць Гродна і Аўгустоўскі канал.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адкрыты фармат для гасцявання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».