Вы тут

У Беларусі праходзіць дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»


У чаканні свята

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА прыняла ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Як паведамляе БЕЛТА, яна наведала сталічны дзіцячы дом №7 «Сем Я» і ўручыла яго выхаванцам падарункі.

Па словах Наталлі Качанавай, вельмі важна быць побач з дзецьмі, разам з імі радавацца ў чаканні захапляльнага свята. «У нашай краіне гэта (акцыя «Нашы дзеці». — Заўв. рэд.) стала сапраўды добрай традыцыяй. Беларусы вельмі спагадлівыя, міласэрныя, добрасардэчныя. Гэтую ідэю падхапілі літаральна ўсе, і тыя: хто працуе на прадпрыемствах, у арганізацыях», — сказала яна. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўпэўненая: удзел у акцыі — вялікая адказнасць для кожнага дарослага, гэта радасць прыйсці ў дзіцячыя калектывы, адчуць цяпло сэрцаў і ўбачыць усмешкі дзяцей. «Трэба шанаваць кожнае імгненне ў гэтым жыцці, каб прыносіць радасць тым, хто побач з намі», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла каштоўнасць сям'і. «У гэты святочны дзень вельмі хацелася, каб кожнае дзіця было ў сям'і. Для мяне гэта мара, жаданне. І, напэўна, у свеце было б больш дабра, цяпла, спагадлівасці, калі б гэта было менавіта так», — дадала яна.

Выхаванцам дзіцячага дома Наталля Качанава ўручыла сертыфікат на тэлевізар і салодкія падарункі. Дзеці, у сваю чаргу, падрыхтавалі яркія творчыя нумары. У дзіцячым доме зараз знаходзяцца 86 выхаванцаў узростам ад 3 да 17 гадоў. Яны наведваюць школы, размешчаныя ў Кастрычніцкім раёне, але ёсць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якім патрэбныя спецыялізаваныя школы і садкі. Пасля дзявятага класа хлопцы і дзяўчаты паступаюць у ліцэі або каледжы. За 2017 год у біялагічную сям'ю вярнулася восем дзяцей, пяцярых усынавілі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА


Нябачныя героі

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ адзначыў ролю звычайных грамадзян у выхаванні дзяцей са складанай жыццёвай сітуацыяй.

Пра гэта ён казаў падчас наведвання дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы дом №5 горада Мінска». Пасля знаёмства з матэрыяльна-тэхнічнай базай і прагляду навагодняй казкі, падрыхтаванай выхаванцамі ўстановы, ён уручыў хлопцам і дзяўчатам падарункі — камп'ютар з прынтарам, цукеркі і мячы.

— Я лічу, што мы недастаткова яшчэ, можа быць, паказваем тую вялікую сацыяльную работу, якую выконваюць звычайныя грамадзяне нашай краіны, якія досыць актыўна прымаюць удзел у дзейнасці дзіцячых спецыяльных устаноў, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Тыя людзі, якія па закліку свайго сэрца прыходзяць сюды, маюць зносіны, хтосьці гуляе, навучае, — і іх становіцца ўсё больш, што гаворыць аб тым, што наша грамадства ў добрым сэнсе «сталее», яно неабыякава да тых дзяцей, якія з-за шэрагу абставін апынуліся ў складанай сітуацыі.

У Беларусі каля 20 тысяч дзяцей-сірот, з іх 88% сацыяльных, бацькі ў сілу тых ці іншых прычын не могуць іх выхоўваць альбо пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Сёння ў дзіцячым доме №5 выхоўваецца 74 дзіцяці — 23 дзяўчынкі і 51 хлопчык, працуе 60 чалавек, з іх 23 педагогі. За час існавання 46 выхаванцаў былі перададзеныя пад апеку, у прыёмныя сем'і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 37 дзяцей усынавілі або ўдачарылі, а 24 дзіцяці вярнуліся да біялагічных бацькоў.

Выхаванцы дзіцячага дома №5 з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі спаборніцтваў па міні-футболе, а ў 2016 і 2017 гадах каманда стала пераможцам рэспубліканскага турніру. Акрамя таго, выхаванцы ўдзельнічаюць у конкурсах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Хлопцы і дзяўчаты з гэтай установы захапляюцца і палітыкай. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці дзіцячага дома №5 Вольга Сеўрукова, сёлета выхаванка ўстановы Вераніка Асіноўская балатавалася ад 31-й выбарчай акругі ў Маладзёжную палату пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў пятага склікання — і была абраная. «Яна трымае руку на пульсе жыцця горада, пастаянна супрацоўнічае з палатай, наведвае мерапрыемствы. Мы ганарымся тым, што ў нас ёсць свой дэпутат», — дадала Вольга Сеўрукова.

Фота БЕЛТА


Падчас уручэння падарункаў пацыентам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» ў межах акцыі «Нашы дзеці» намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко звярнуў увагу на значнасць сям'і і неабходнасць праяўлення павышанай увагі да дзяцей.

Ён заўважыў, што ў краіне адзначаецца зніжэнне нараджальнасці і абумоўлена гэта ў першую чаргу зніжэннем колькасці жанчын фертыльнага ўзросту. Акрамя таго, нягледзячы на розныя існуючыя формы падтрымкі мам і дзяцей, фінансавыя стымулы не заўсёды прыводзяць да папаўнення ў сем'ях. Той жа мацярынскі капітал паказаў сваю эфектыўнасць толькі ў першыя гады. Таму наспеў час павышаць каштоўнасць сям'і і разам з гэтым захоўваць даступнасць аказання медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях, падтрымліваць высокі тэмп інфарматызацыі галіны для зніжэння нагрузкі на медперсанал. «У Беларусь на лячэнне штогод прыязджае 160—170 тысяч замежных грамадзян, што сведчыць аб высокім узроўні аказання меддапамогі, асабліва ў рэспубліканскіх установах», — падкрэсліў Васіль Жарко падчас наведвання радзільнага фізіялагічнага і радзільнага абсервацыйнага аддзяленняў цэнтра

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА


Напярэдадні Раства і Новага года актывісты рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» запрасілі дзяцей у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета на навагодні паказ і спектакль «Шчаўкунок».

Юныя гледачы не толькі наведалі маляўнічы балет на дзве дзеі, але і фатаграфаваліся з Дзедам Марозам, Снягуркай, а таксама атрымалі салодкія падарункі ад грамадскай арганізацыі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by


Кадэты запрашаюць дам

Традыцыйны навагодні баль прайшоў у Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы ў Слуцку.

Навучэнцы да яго карпатліва рыхтаваліся, развучвалі мазурку, паланэз, кракавяк, падэграс, хастл і ча-ча-ча. Але каралём балю, як заўсёды, стаў вальс, які станцавалі кадэты, іх бацькі і госці. Усе ахвотныя змаглі паўдзельнічаць у свецкіх гульнях, майстар-класах.

У госці да кадэтаў прыехалі прадстаўнікі аблвыканкама, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Яны азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, умовамі пражывання і навучання і ўручылі навучэнцам падарункі.

Кадэцкі баль — гэта не толькі адраджэнне традыцыі, але і магчымасць акунуцца ў атмасферу культуры, успомніць гісторыю і аднавіць класічную форму правядзення ўрачыстасці.

— Для мяне гэты баль стаў сапраўдным цудам, які кожны чалавек чакае пад Новы год. Я з задавальненнем пабываў у казцы. Прыемна сёння бачыць такіх рамантычных, грацыёзных маладых людзей. Упэўнены, вы — апора Радзімы, у перспектыве вы рэальныя дзяржаўныя людзі, якія будуць дастойна весці сваю справу, — сказаў падчас свята намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.