Вы тут

Экзатычныя фрукты, якія лёгка вырасціць з костачкі


Купляючы ў краме садавіну, мы атрымліваем пасадачны матэрыял дарма. Дык чаму б не выкарыстаць яго рацыянальна?


Цытрусавыя

Пры правільных пасадцы і доглядзе цытрусавыя расліны развіваюцца даволі актыўна, аднак плоданашэнне наступае няхутка. Каб паласавацца свойскім лімонам або апельсінам, давядзецца набрацца цярпення: першыя плады з'явяцца не раней чым праз 5—7 гадоў.

Каб вырасціць цытрусавыя з костачак, прамыйце іх цёплай вадой, прасушыце 1—2 гадзіны і пасейце ў гаршчок з грунтам, прызначаны для вырошчвання пэўнага віду цытрусавай расліны. Гаршчок павінен мець аб'ём не менш як 2 літры, паколькі першыя некалькі гадоў расліну не рэкамендуецца перасаджваць. Не забудзьцеся насыпаць на дно дрэнаж. Адразу пасля пасеву неабходна зрабіць цяплічку з тонкага поліэтыленавага пакета. Гэта дазволіць падтрымліваць неабходны ўзровень вільготнасці. Пры высыханні грунт трэба своечасова ўвільгатняць. У цытрусавых час прарастання насення — ад 3 да 8 тыдняў. Павольней за астатнія растуць мандарыны.

Авакада

Гэта непатрабавальная расліна, таму яе лёгка можа вырасціць нават пачатковец. Ачысціце костачку саспелага авакада ад карычневай скуркі, пасадзіце яе тупым канцом уніз так, каб востры канец выступаў з зямлі, і рэгулярна палівайце.

Костачка павінна прарасці праз 3—12 тыдняў. Час прарастання залежыць ад шматлікіх фактараў: правільны паліў, спеласць насення і г. д. Своечасова палівайце расліну, і праз тры месяцы яна вырасце вышынёй да паўметра.

Фейхоа

Насенне спелага плода аддзяліце ад мякаці, прамыйце ў слабым растворы марганцоўкі, падсушыце і пасейце ў гаршчок сярэдняга памеру з сумессю ліставой зямлі, торфу і рачнога пяску ў прапорцыі 2:2:1 на глыбіню не больш за 0,5 см. Лепш за ўсё рабіць гэта ў лютым. Затым увільгатніце глебу з пульверызатара і пастаўце гаршчок на падаконнік, які добра асвятляецца. Пасевы своечасова палівайце, і праз месяц насенне прарасце. Першыя плады з'явяцца праз 5—6 гадоў. У хатніх умовах рэкамендуецца вырошчваць самаапыляльныя сарты фейхоа.

Гранат

Гранат, вырашчаны з костачкі, зацвітае ўжо на трэці—чацвёрты год, але яго плады ў хатніх умовах спеюць вельмі доўга. Таму гэтыя расліны вырошчваюць хутчэй з цікавасці, чым з мэтай паласавацца смачнымі гранацінамі (так у батаніцы называюць плады гэтай культуры).

Найбольш зручны час для пасеву — зіма. З цалкам выспелага ярка-чырвонага плода выміце насенне і, не чакаючы, калі яно высахне, пасадзіце ва ўрадлівую глебу на глыбіню 1—1,5 см.

Пасевы своечасова палівайце. Праз 1—2 месяцы з'явяцца ўсходы. Пасля таго як яны памацнеюць, перасадзіце іх у асобныя гаршкі.

Улічыце, што ўсю зіму гранат павінен знаходзіцца ў стане спакою, таму кожны год позняй восенню пераносьце яго ў халаднаватае месца.

Фінікі

Фінікавая пальма, выгадаваная з костачкі ў хатніх умовах, развіваецца даволі хутка і праз 5—7 гадоў можа ператварыцца ў паўнавартаснае дрэва. Але пладоў ад такой расліны, на жаль, чакаць не выпадае: фінікі ў хатніх умовах не пладаносяць.

Плод фініка трэба вымачыць у вадзе пакаёвай тэмпературы на працягу двух дзён, пасля чаго ачысціце само насенне ад мякаці. Садзяць вертыкальна ў грунт, прызначаны для вырошчвання пальмаў, і перыядычна злёгку ўвільгатняюць глебу. Праз 2—3 тыдні павінны з'явіцца ўсходы.

Не забывайце, што фінікавая пальма не трывае лішку вільгаці, але і цалкам сухі грунт ёй таксама не па душы. Фінік не любіць перасадак і пры пашкоджанні каранёў хутка гіне, таму лепш адразу сеяць насенне ў ёмістасці дастатковага аб'ёму.

Ківі

Каб вырасціць ківі з насення ў хатніх умовах, трэба выбраць спелы плод з непашкоджанай лупінай, дастаць з яго насенне і ачысціць ад мякаці. Пры гэтым трэба старацца не пашкодзіць цэласнасці маленькіх семак.

Насенне трэба старанна прамыць вадой некалькі разоў, прасушыць на сурвэтцы, а затым змясціць ў шклянку з вадой пакаёвай тэмпературы. Паставіць яго ў цёплае месца (напрыклад, на падаконнік, размешчаны над батарэяй).

Праз 7—10 дзён, калі насенне раскрыецца, раскладзіце яго на вільготнай марлі, змясціце на сподак і накрыйце поліэтыленам. Калі насенне прарасце (звычайна праз 2—3 дні), пасейце яго ў асобныя кантэйнеры з папярэдне ўвільготненай сумессю чарназёму, торфу і пяску.

Ківі павінна расці ў пастаянна ўвільготненай глебе, але важна не дапускаць застою вады. Таму на дно кантэйнера варта пакласці дрэнаж (керамзіт) і апырскваць усходы з пульверызатара. Месца для расліны лепш выбраць цёплае і сонечнае: падыдзе падаконнік, размешчаны на паўднёвым баку.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».