Вы тут

Гісторыі людзей, для якіх Новы год — гэта дзень нараджэння


Для кагосьці ноч з 31 снежня на 1 студзеня — гэта мандарыны, салата аліўе, бой курантаў, а для нашых герояў яшчэ і торт са свечкамі і падвойная порцыя пажаданняў.

Як жывецца тым, хто нарадзіўся альбо стаў бацькамі ў навагоднюю ноч, і ці не хацелася б ім, каб гэта былі два асобныя святы?


Навагодні Леў

— Наш сын, як кажуць цяпер, «планавы», — успамінае Сяргей ФАМЕНКА. — Чакалі мы яго нараджэння 4 студзеня 2002 года. Падобны досвед ужо мелі: наша другое дзіця з'явілася на свет 12 студзеня 1997 года, таму разумелі, што ні паскорыць, ні адкласці запланаваную радасць мы не ў стане.

Памятаю, 31 снежня мы з жонкай адправілі дзяцей да бабулі і рыхтаваліся да Новага года. Вырашылі сёе-тое ў інтэр'еры прыбраць па-святочнаму. Воля сядзела ў крэсле і крэатыўнічала, а я выконваў жончыны просьбы.

У нейкі момант жонка, спрабуючы падкарэктаваць тое, што мужчынскаму воку не прыкметна, «войкнула» і села ў крэсла. Мы вырашылі, што хопіць на сёння з актыўнасцю, і адправіліся глядзець тэлевізар. Ужо ноччу, калі спалі, мяне пабудзіў спакойны голас жонкі: «Сярожа, ідзі па машыну, здаецца, пара». Я ўскочыў, захваляваўся, але яна мяне супакоіла: «Не спяшайся, час яшчэ ёсць».

Што і як рабіць, мы ведалі, куды і да каго звяртацца — таксама. Людзі на стаянцы былі папярэджаны трымаць праезды свабоднымі, снег прыбраным, рухавік прагрэтым.

І вось я ўжо бягу на стаянку і сам сабе кажу: «Не бяжы, глядзі па баках і куды ногі ставіш, паспееш, калі сам не ўліпнеш». Слізка было тады жудасна і вельмі марозна!

Ехаць трэба было праз увесь горад: з раёна цяперашняй станцыі метро «Міхалова» ў абласную радзільню на вуліцы Скарыны. На шчасце, дарогі былі амаль пустыя. Але жыццё любіць нас праверыць: праспект Незалежнасці перакрылі для гулянняў! Таму давялося ехаць у аб'езд. Жонку забралі, я ж пахадзіў па марозіку і падаўся дахаты...

Раніцай даведаўся, што ў нас хлопчык — яшчэ адзін, — усміхаецца Сяргей. — Нарадзіўся ён 1 студзеня, у святочную ноч. Назвалі Леў, і хутка яму споўніцца 16 гадоў. Ён задаволены гэтай сваёй незвычайнасцю: падвойным святам. Але часам усё ж такі кажа, што лепш бы Новы год і дзень нараджэння былі ў розныя дні. На што жонка жартуе: «Ты сам вырашыў, калі нарадзіцца».

«Не мой, а НАШ»

— Ведаеце, бацькі не думалі, што ў іх народзяцца двайняты, — дзеліцца сваёй гісторыяй Ірына РЭПІНА. — Тата наш тады служыў у Абакане, і мама на сёмым месяцы цяжарнасці ляцела адтуль у Мінск. Пералёт быў доўгі, і амаль адразу яна пайшла на УГД. Там ёй і паведамілі, што нас будзе двое.

Мы з сястрой нарадзіліся крыху раней за тэрмін, якраз 31 снежня. А павінны былі ў лютым. Мама кажа, што гэта, хутчэй за ўсё, ад таго, што пералёт быў доўгі і нялёгкі. У той час самалёты былі не такія зручныя, як зараз.

Я бязмерна шчаслівая, што ў мяне ёсць сястра-двайнятка. Яна — чалавек, які ва ўсім і заўсёды мяне разумее. Нягледзячы на тое, што мы ўжо дарослыя, заўсёды прыемна казаць, што гэта не мой, а НАШ дзень нараджэння.

Мы з сястрой любім святкаваць яго разам, але, на жаль, гэта не заўсёды атрымліваецца. Апошнія тры гады мая сястра з сям'ёй жыла ў Аўстраліі, таму мы святкавалі паасобку. Але адлегласць ніколі не перашкаджала нам мець цесныя зносіны, перадаваць адна адной падарункі і давяраць патаемныя думкі.

Новы год для нас і нашых сем'яў — ужо другаснае свята. Як правіла, усе сілы ідуць на дзень нараджэння, — смяецца Ірына. — Мы любім святкаваць актыўна або неяк незвычайна: у падарожжы, у лазэртагу, у СПА і толькі потым адпраўляемся ў кафэ.

Святкаваць дзень нараджэння, як правіла, канчаем у 19—20 гадзін вечара і пачынаем рыхтавацца да Новага года.

Дарэчы, усе родныя і сябры заўсёды дораць нам розныя падарункі на святы.

А мы з сястрой называем адна адну падарункамі лёсу.

Як у кіно

— Гэты дзень я памятаю амаль па хвілінах! — расказвае Вікторыя КІРЫК-КАРОТКАЯ. — Прыкладную дату родаў мне паставілі на 28 снежня, але я, безумоўна, разумела, што магу нарадзіць менавіта ў Новы год,
і ўсю цяжарнасць гэтага баялася.

31 снежня, як той казаў, нічога не прадвяшчала... Як і ўсе, чакала сустрэчы Новага года. Памятаю, мы збіраліся пасядзець дома з бацькамі мужа, а потым паехаць у госці да маіх. Я ўжо нафарбавалася, збіралася надзець святочную сукенку, але адчула... як у мяне павольна пачалі адыходзіць воды. Нават не паверыла ў гэта: у такі час! Як у нейкім фільме...

Дзесьці ў 23.15 мы вырашылі ўсё ж такі ехаць у радзільны дом. А ў 23.45 ужо імчаліся з мігалкай па пустым святочным горадзе — як на амерыканскіх горках (смяецца). У 23.55 мы з мужам прыбылі ў радзільню і правялі там усю ноч (у нас былі партнёрскія роды). І толькі ў 8 гадзін раніцы на свет з'явіўся наш сыночак. Вось так мы сустрэлі раніцу новага года ўжо ўтраіх.

Самае смешнае тое, што муж у мяне таксама нарадзіўся ў свята — 8 сакавіка. Вось такая ў нас незвычайная сям'я атрымалася!

«Свае» традыцыі

— Менавіта ў Новы год мяне не чакалі, — усміхаецца і расказвае Анастасія АЗАРАВА. — Сям'я адзначала свята, як і ўсе. А потым раптам маці адчула, што «надышоў час», і адправілася ў радзільню. Так 1 студзеня на свет з'явілася я.

Калі была маленькая, асабліва не ўдзяляла ўвагі, якое свята зараз адзначаюць. Але потым у нас з'явіліся свае традыцыі: спачатку ўсе віншуюць адно аднаго з Новым годам, а ўжо 1 студзеня родныя і сябры збіраюцца на абед у гонар дня майго нараджэння. Таму пасля навагодняй ночы даводзіцца зноў станавіцца каля пліты і нешта гатаваць на стол. А вось што датычыцца падарункаў, я заўсёды задаволеная: і сябры, і сям'я штораз дораць двайныя прэзенты.

Дарэчы, у гэтым годзе я вырашыла парушыць традыцыю сямейнага свята дома і з'язджаю на Новы год і дзень нараджэння ў падарожжа!

Сюрпрыз для таты

— Чакалі мяне 10 студзеня. Але 31 снежня раніцай мама з крамы пабегла на прыпынак за тралейбусам, чым і выклікала, як сказалі ў бальніцы, маё ранейшае нараджэнне, — смяецца Анастасія КАРПІНА. — Пасля гэтага яна заўсёды жартавала, што лепшага навагодняга падарунка для майго таты і прыдумаць не змагла б! Дарэчы, сама яна ў гэты час думала і шкадавала толькі пра тое, што пакінула сям'ю падчас святкавання.

Блізкія сябры не забываюць павіншаваць з падвойным святам. Некаторыя знаёмыя віншуюць альбо за дзень да яго, альбо на наступны. А мой муж кажа, што гэта вельмі зручна: пра такую дату ніколі не забудзешся.

Астролаг Таццяна КАЛІНІНА:

«Дзеці, якія народзяцца ў ноч на 1 студзеня 2018 года, будуць амбіцыйныя і ідэалістычныя. Іх чакаюць строгасць выхавання і ранняе адлучэнне ад бацькоўскай увагі. Яны будуць абіраць для сябе высокія мэты і грэбаваць любымі парадамі збоку. Іх перавагі — трывалыя нервы, псіхічная ўстойлівасць, тэндэнцыя да стабільнасці.

Народжаныя ў навагоднюю ноч будуць прызнаныя ў грамадстве прыгожымі, прыемнымі ў зносінах, далікатнымі, а таму яны змогуць мець шмат карысных знаёмстваў. Таксама іх манера дзейнічаць у жыцці будзе вылучацца ўзважаным падыходам, арыентаваным на агульную карысць, дабрабыт. Аднак гэта тоіць у сабе тое, што чалавек будзе шмат сумнявацца ў прынятых рашэннях.

Гэта датычыцца дзяцей, якія з'явяцца на свет у ноч з 31-га на 1-е. Але якія падзеі падораць планеты, вызначыць дакладны час нараджэння».


Фота Святланы Кіслай.

Іван Пракопавіч ГЕРАСЕВІЧ вось-вось адзначыць свой юбілей. Ён з'явіўся на свет у навагоднюю ноч 1943 года, акурат пасля бою курантаў. Датай нараджэння ў першым яго дакуменце запісалі 1 студзеня. Гэтая лічба заўсёды прыносіла яму ўдачу. Ды і наогул Іван Пракопавіч лічыць сябе любімчыкам фартуны. Выхадзец з вёсачкі Стрыганец Жабінкаўскага раёна, адзіны сын у сялянскай сям'і, просты трактарыст, ён дабіўся значных поспехаў. У 2008 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 2014-м атрымаў званне — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Зняўся ў 14 фільмах кінастудый «Беларусьфільм», «Масфільм», «Ленфільм», «Кінастудыя імя А. Даўжэнкі». Вось ужо 52 гады ён радуе сваім акцёрскім майстэрствам самых юных жыхароў краіны — з'яўляецца акцёрам-лялькаводам Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра. А на навагоднія ранішнікі пераапранаецца ў касцюм Дзядулі Мароза. У свае без малога 75 ён малады душой, бадзёры, вясёлы, энергічны і, галоўнае, бязмерна любіць дзяцей. Малыя туляцца да яго, з радасцю водзяць карагоды, расказваюць вершы і шчыра вераць, што іх патаемныя жаданні абавязкова збудуцца.


Таццяна Сафронава сваё чацвёртае дзіця нарадзіла напярэдадні Новага года. Жанчына ўспамінае, што не змаўкалі тэлефоны, дзяўчаты самі ўпрыгожылі палату, камусьці нават родныя перадалі хвойную галінку.

— Сюрпрыз мяне чакаў пасля выпіскі, — кажа жанчына. — Муж у мяне — акцёр, і ўсе навагоднія святы ён сумленна зарабляў на сям'ю грошы. Уявіце: поўная хата дзяцей (пяці, трох і паўтара гадоў), і я з немаўляткам на руках. У мяне слёзы градам, што ніякага свята малым не стварылі, — і часу не было, і грошай мала. А тут да нас заваліўся Дзед Мароз з падарункамі. «Ты чый?» — пытаюся, а ён усміхаецца: «Я з Белавежскай пушчы». Пасля высветлілася, што гэта свайго мужа падаслала жанчына, з якой мы ў бальніцы разам ляжалі на захаванні цяжарнасці і пасля працягвалі перазвоньвацца. У іх у сям'і традыцыя: пад Новы год абавязкова каму-небудзь падарыць свята.


Бальнічная кашуля замест святочнай сукенкі, адзінота і сум у казённых сценах? Нават калі падобныя думкі і прыходзяць да жанчын, якім выпадае нараджаць на Новы год, паверце, як толькі «працэс пойдзе», усё гэта адразу вылятае з галавы. І калі вам, стомленым, нарэшце пакладуць на жывот самы каштоўны навагодні падарунак, адчуеце, якой незвычайнай выдалася сустрэча гэтага года.

Магчыма, яшчэ і Дзеды Марозы наведаюцца. Таксама пад Новы год часта парадзіхам раздаюць падарункі. Напрыклад, у віцебскім радзільным доме самым маленькім беларусікам замест памперсаў і пялёнак дораць спартыўны інвентар. Так, у мясцовага футбольнага клуба склалася традыцыя — прыносіць немаўлятам, што нарадзіліся ў навагоднюю ноч, мячы. Спартсмены спадзяюцца, што гэта будзе спрыяць поспеху ў матчах новага года. Як паабяцаў дырэктар футбольнага клуба «Віцебск» Мікалай Вайцюхоўскі, немаўлят, калі яны крыху падрастуць, у першую чаргу будуць залічваць у дзіцячую спартыўную школу, што працуе пры клубе. Дарэчы, яна знаходзіцца недалёка ад раддома.


ДАРЭЧЫ

Напярэдадні Новага года нарадзіліся:

  • Анры Маціс, французскі мастак;
  • Энтані Хопкінс, брытанскі акцёр;
  • Таццяна Шмыга, актрыса тэатра і кіно, спявачка, народная артыстка СССР;
  • Рэгіна Дубавіцкая, расійская тэлевядучая;
  • Алег Якаўлеў, савецкі касманаўт, лётчык-выпрабавальнік;
  • Людміла Пахомава, савецкая фігурыстка;

1 студзеня нарадзіліся:

  • Джэром Дэвід Сэлінджэр, амерыканскі пісьменнік;
  • Мішэль Мерсье, французская актрыса;
  • Генадзь Сарафанаў, савецкі касманаўт, Герой Савецкага Саюза;
  • Рык Джордан, нямецкі кампазітар, заснавальнік і ўдзельнік электроннага гурта групы Sсооtеr.

Ганна БАГІНО

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Святлана КІСЛАЯ

Загаловак у газеце: Свята «ў квадраце»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.