Вы тут

«У нас з сынам даверлівыя размовы адбываюцца падчас чытання»


Некалькі гадоў таму ўбачыла ў сяброўкі кнігу «Маленькі прынц» у перакладзе на беларускую мову Ніны Мацяш. Мне, вядома, захацелася займець такую ж. Але ўвесь наклад выдання 1989 года быў ужо даўно распрададзены. І вось сёлета маё жаданне здзейснілася. Тую кнігу перавыдалі, і беларускамоўны прынц з'явіўся на маёй палічцы. І не толькі ён. Адыходзячы год багаты на пераклады. «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала пераклала з англійскай Вера Бурлак, «Пітэра Пэна» Джэймса Мэцью Бары — Уладзімір Лянкевіч. А днямі я прынесла дадому кнігу шведскага дзіцячага пісьменніка Свэна Нурдквіста «Калядная каша». Пераклала яе на беларускую мову Надзея Кандрусевіч. Дзякуючы ёй, дарэчы, з'явілася на свет некалькі дзясяткаў цудоўных дзіцячых кніг. У прыватнасці, загаварылі па-беларуску Мама Му і Крумкач, а таксама дзядуля Пэтсан і яго няўрымслівы каток Фіндус. Мы сустрэліся з Надзеяй напярэдадні Новага года і за кубачкам гарбаты паразмаўлялі пра кнігі.


Падчас прэзентацыі «Каляднай кашы» можна было набыць шмат беларускамоўных дзіцячых кніг. Фота Аляксандра Кісялёва.

— На­дзея, він­шую з вы­ха­дам «Ка­ляд­най ка­шы». Якія ў вас ад­чу­ван­ні з гэ­тай на­го­ды?

— Я ха­це­ла, каб гіс­то­рыя пра гно­маў вый­шла ме­на­ві­та да Ка­ля­даў. І вель­мі ра­да, што ўсё атры­ма­ла­ся. Цу­доў­на, ка­лі ўзім­ку дзе­ці мо­гуць пра­чы­таць штось­ці на ка­ляд­ную тэ­му.

— А як вы з сям'ёй святкуеце Каляды ды Новы год?

— У нас ёсць некалькі душэўных традыцый. Па-першае, усе «зімовыя» кніжкі я адкладаю ў адмысловую скрыню. Дастаю яе дзесьці ў канцы лістапада, і мы з сынам і дачушкай пачынаем іх чытаць. Вельмі цікава праз дзіцячую літаратуру параўноўваць традыцыі святкавання Новага года і Калядаў у розных краінах. У нас, напрыклад, падарункі прыносіць Святы Мікалай, Зюзя ці Дзед Мароз. У Швецыі ж на Каляды дзеці чакаюць Каляднага гнома і гатуюць яму адмысловую кашу з рысу і малака. Па-другое, некалькі гадоў запар мы ставім такую самую ялінку, як Пэтсан і Фіндус. Муж убіў у столь кручок (мы яго нават не здымаем), вешаем на яго палку з адтулінамі і ўтыкаем туды яловыя галінкі. Праўда, апошні год Ян чамусьці захацеў аздобіць яе бярозавымі (усміхаецца). Па-трэцяе, абавязкова штогод перад Калядамі гатуем з дзецьмі імбірнае пячэнне па шведскім рэцэпце.

— Як у вас так гарманічна спалучылася любоў да шведскай літаратуры ды беларускай мовы?

— Я вырасла ў беларускамоўнай сям'і. Бацькі ў мяне гісторыкі. Калі я была маленькая, тата перад сном чытаў мне кнігі Астрыд Ліндгрэн. Найбольш мне падабаліся гісторыі пра Карлсана і Піпі. На той час гэтыя кніжкі яшчэ не былі перакладзеныя на беларускую мову. Дык тата перакладаў проста з ліста на хаду і жартаваў: «Вось вырасцеш і перакладзеш». Так склалася, што я паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт. У якасці дадатковай выбрала шведскую мову. Але калі скончыла вучыцца, то «Піпі» і «Карлсан» ужо былі перакладзеныя на беларускую. «Піпі» пераклаў Дзмітрый Плакс, а «Карлсана» — Юрый Жалезка.

— Першая кніга, якую вы пераклалі са шведскай на беларускую мову, называлася «Малы і мядзведзік»...

— Так, яе напісала Юя Вісландэр. Яна пра малога, у якога ёсць сябра — цацачны мядзведзік. І хлопчык перад сном расказвае яму ўсё, што адбывалася за дзень. У мяне ўжо быў маленькі сын, калі я ўбачыла ў краме кнігі Свэна Нурдквіста пра прыгоды Пэтсана і Фіндуса ў рускім перакладзе. Мне так спадабаліся гэтыя гісторыі, што захацелася чытаць іх Яну па-беларуску. Так у мяне з'явілася мара перакласці ўсяго Пэтсана і Фіндуса на родную мову.

Надзея Кандрусевіч (у цэнтры) разам з Пэтсанам (Паўлам Харланчуком) ды Фіндусам (Ганнай Хітрык).

— Калі я не памыляюся, мара ўжо стала явай?

— Амаль (усміхаецца). Ужо выйшлі шэсць гісторый пра Пэтсана ды Фіндуса. У наступным годзе, спадзяюся, з'явяцца яшчэ тры. Серыю пра Пэтсана і Фіндуса мне пашчасціла перакладаць у Швецыі. Атрымала стыпендыю і на месяц паехала ў горад Вісбю. Гэта вельмі прыгожае месца, там захавалася сярэднявечная архітэктура і ўсё натхняе на творчасць. Я жыла ў доме для перакладчыкаў і пісьменнікаў. Памятаю, адразу, як прыехала, пайшла ў краму, набыла ўсе дзевяць кніг па-шведску. Я магла спакойна пісаць Свэну Нурдквісту, калі ў мяне ўзнікалі нейкія пытанні. У арыгінале шмат шведскіх устойлівых выразаў, гульні слоў. Ён мне тлумачыў іх значэнне. Увесь месяц я жыла выключна перакладамі. Прачыналася, працавала, затым ішла гуляць, пасля зноў перачытвала свежым вокам. Па вяртанні дадому ўсе пераклады чытала сыну ўголас. Калі ён пытаўся: «Мама, што гэта такое?», даводзілася мяняць словы ці выразы, каб гэта было зразумела Яну. Усе свае пераклады абавязкова тэсцірую на дзецях. Прычым не толькі на сваіх. Наш сусед Антось з задавальненнем чытае чарнавікі сваёй дачцэ Стэфачцы, мая сястра — свайму сыну.

— Днямі я набыла сабе аўдыякнігі па творах Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус», што агучылі па-беларуску акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Дзякуй вялікі, атрымала неверагоднае задавальненне!

— Мне прыемна гэта чуць (усміхаецца). Некалькі гадоў таму, калі выйшла першая кніга пра Пэтсана і Фіндуса па-беларуску, я вельмі хацела, каб на прэзентацыі яе прачыталі менавіта Аня і Паша. Гэта было неверагодна! Але я вельмі шкадавала, што дзеткі, якія не трапілі на прэзентацыю, не змогуць гэтага пачуць. Так узнікла ідэя запісаць усе гісторыі пра прыгоды Пэтсана і Фіндуса на аўдыядыскі. Цяпер іх можна слухаць дома, у машыне, у садках і ў школах. Я прысутнічала падчас запісу. Аня сама, мне здаецца, адчувала сябе Фіндусам, Паша — Пэтсанам. Гэтыя вобразы вельмі ім пасуюць.

— Вы неяк сказалі, што любіце ўсе кнігі, якія перакладаеце. Але пераклад кнігі Гунілы Бэргстрэм пра Білу і Болу для вас асабліва важны...

— Так, мне сапраўды пашчасціла перакладаць тое, што падабаецца самой. Я люблю ўсе гісторыі пра Маму Му і іх аўтарку Юю Вісландэр, мы з ёй сябруем. Люблю Пэтсана і Фіндуса. Але да гісторыі пра Біла і Болу ў мяне ўсё ж асаблівае стаўленне.

Калі я ўпершыню прачытала гэтую кнігу па-шведску, мы ўжо ведалі, што наша малодшая дачка Марына незвычайная. У яе рэдкае генетычнае захворванне. Таму, калі я чытала гісторыю Біла і Болы, дакладна ведала, што яе мог напісаць толькі той, хто прайшоў праз усё, праз што праходзяць бацькі асаблівых дзетак. Я чытала, плакала, перачытвала, зноў плакала — у кнізе былі апісаныя мае пачуцці, мая гісторыя! Гэта мне вельмі дапамагло зразумець сябе і тое, што са мной адбываецца. Пасля я даведалася, што Гуніла напісала гэтую кнігу ў 1978 годзе, таксама маючы старэйшага сына і асаблівую дачку. У адным з інтэрв'ю яна казала: «Я ўбачыла, што ў нас зусім няма кніг для брацікаў ды сястрычак дзяцей з асаблівасцямі. І ў выніку я напісала кнігу пра Біла і Болу, часткова для майго сына і яго сяброў, а часткова для сябе, бо для мяне гэта была добрая тэрапія».

Гісторыя пра Біла і Болу вершаваная, перакласці яе адна я не здолела б, таму паставіла кнігу на паліцу і час ад часу перачытвала. Але не пераставала думаць пра тое, што яна магла б дапамагчы яшчэ шмат каму з бацькоў. Сёлета кніга выйшла па-беларуску. Я вельмі шчаслівая, што яе пагадзіўся перакласці Андрэй Хадановіч. Падрадковы пераклад рабілі мы з Алесяй Башарымавай.

— А як успрыняў гэтую кнігу ваш сын?

— Ужо колькі гадоў прайшло, але кожны раз, калі перачытваю гэтую кнігу, пэўныя моманты прабіваюць на слёзы. Таму цяжка чытаць яе ўголас Яну. Гэта не самая любімая яго кніга. Мы не перачытваем яе штовечар. Але тым не менш яна дапамагла прагаварыць з сынам пэўныя моманты. Я адчуваю, што Яну стала прасцей. Ён ведае, што на гэтую тэму таксама з'явілася кніга. Што ён не адзін такі ў свеце са сваімі пачуццямі. Ёсць яшчэ хлопчык Біл, у якога таксама ёсць асаблівая сястрычка. Дзецям важна пазнаць сябе ў кнізе. Класна, калі звычайныя бацькі будуць чытаць гэтую гісторыю сваім здаровым сыночкам і дачушкам. Сёння нямногія адважваюцца размаўляць на асаблівую тэму, думаюць: навошта, нас жа гэта не датычыцца. Таму мы маем тое, што маем. У школах, калі такое дзіця прыходзіць у інтэграваны клас, іншыя бацькі пішуць заяву: маўляў, мы не хочам, каб яно вучылася з нашымі дзецьмі. Я разумею, што гэта кніга не зменіць адразу ўсё грамадства, але... На прэзентацыю прыйшоў цэлы клас, паглядзелі тэатралізаванае чытанне па гэтай гісторыі. У канцы было пытанне: «А ўяўляеце, калі б у вашым класе вучылася такая Бола?» — «Так, мы вельмі хочам. Мы б ёй дапамагалі, сябравалі б з ёй». Гэта гучыць вельмі аптымістычна. І я хацела б, каб так было. Спадзяюся, што кніга пра Біла і Болу дапаможа зрабіць хоць маленечкі крок наперад. Вядома, зрухі павінны быць ва ўсіх кірунках. Але не самую апошнюю ролю адыгрывае тое, на якія тэмы бацькі размаўляюць з дзеткамі.

Сын Надзеі Ян майструе ялінку — такую, як у Пэтсана з Фіндусам.

— На конкурсе сацыяльных праектаў Socіal Weekend маладыя людзі атрымалі падтрымку на выданне кнігі пра тое, як размаўляць з дзецьмі пра секс. На вашу думку, ці павінны быць у дзіцячай літаратуры забароненыя тэмы?

— Прыйдзе ўзрост, і дзяцей будзе цікавіць тэма сексу. І гэта цудоўна, калі яны прыйдуць з пытаннямі менавіта да бацькоў. Па сваім досведзе ведаю, што сын ніколі не вернецца са школы і не скажа: «Мама, у мяне праблема». Трэба адчуць момант, калі ён настроены на даверлівую размову. У нас такія размовы адбываюцца, як правіла, увечары падчас чытання. Напрыклад, у кнізе апісана сітуацыя, калі хлопчык не хоча ісці ў школу, бо яго там абзываюць. У перапынку я пытаюся: «А цябе ў школе не абзываюць?» І сын раптам прызнаецца, што яго таксама абзывалі, але ён мне пра гэта нічога не казаў...

Мне здаецца, што з дзеткамі варта размаўляць на любыя тэмы, якія іх цікавяць. Прыйдзе час, і яны запытаюцца «А што такое смерць?», «Адкуль бяруцца дзеці?». У такіх выпадках добрая дзіцячая кніжка можа дапамагчы бацькам знайсці адказы на цяжкія пытанні.

— Што плануеце перакладаць у найбліжэйшы час, якія сюрпрызы чакаюць бацькоў і іх дзетак у наступным годзе?

— Я ўвесь час штосьці перакладаю. Прычым паралельна розных аўтараў. Бо разумею, што важна, каб у дзяцей быў выбар цікавых кніг па-беларуску. Перакладаецца, на жаль, хутчэй, чым друкуецца. У наступным годзе, як я ўжо казала, павінны выйсці яшчэ тры кнігі пра Пэтсана і Фіндуса. Можа, да наступных Калядаў атрымаецца выдаць гісторыю пра тое, як Пэтсан робіць механічнага Каляднага гнома для Фіндуса. А таксама кнігу з рэцэптамі Пэтсана і Фіндуса. Хачу завяршыць усю серыю пра Маму Му, гісторыю Сары Лундбэрг пра Віту Белую Крэску. Акрамя таго, я пачала перакладаць казкі шведскіх пісьменнікаў, якіх дагэтуль не перакладала. Але гэта пакуль сакрэт!

У канцы размовы Надзея прызналася, што вельмі радуецца, калі ёй пішуць і кажуць, што дзеці любяць Маму Му, Пэтсана ды Фіндуса. «Для мяне, як для любога творчага чалавека, вельмі важная зваротная сувязь. Бо часам, бывае, робіш штосьці, а потым сумняваешся, ці патрэбна гэта людзям. Ніколі не забудуся, як падчас прэзентацыі кнігі «Малы і мядзведзік» падышла адна матуля і сказала: «Дзякуй вам за пераклад, гэта была першая кніга па-беларуску, якую мой сын прачытаў сам». Пасля такіх слоў разумееш: тое, што робіш, не дарэмнае, і хочацца перакладаць яшчэ больш».


Топ-6 дзіцячых кніг па-беларуску для зімовага чытання ад Надзеі Кандрусевіч:

  • «Каляды з хроснай» Алены Маслы,
  • «Бася і Піглас» Надзі Букі,
  • «Мама Му, Крумкач і Каляды» Юі Вісландэр,
  • «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды» ды «Калядная каша» Свэна Нурдквіста,
  • «Снежны чалавек у Мінску» Эвы Суса.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Каментары

Надзея, дзякуй за вашу працу! Я, можна сказаць, за вамі сачу. У сэнсе, за вашымі кніжкамі. Яны цудоўныя! Надта чакаю Каляднага Гнома. Яшчэ не чыталі яго, будзем толькт па-нашаму. А аўдыякніга - гэта найлепшы беларускі дыск 2017, адназначна. Можа, зашмат добрых словаў, але ўсё праўда.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».