У святочную ноч у гэтай сям'і прынята падымаць келіхі не толькі за стары ды новы гады, але і за «маладых». Валянціна і Віктар Вайцяховічы распісаліся 31 снежня.
Ялінка на вясельным стале, «горка!» уперамежку з навагоднімі віншаваннямі, танцы да ўпаду (на свята былі запрошаныя музыкі, таксама круціліся пласцінкі), карагоды на гарадской плошчы, куды маладыя выбраліся разам з гасцямі, — такім запомніўся сужэнцам канец 1961-га.
— Помню, як прапанавала: «Ай, Віктар, наступны год высакосны, давай 31-га пажэнімся», — расказвае Валянціна Міхайлаўна. — Пост, Піліпаўка, і не прынята тады было ў такі час жаніцца. А мы маладыя, няўрымслівыя, падавалася, гэта ж так цікава, незвычайна — распісацца на Новы год. І вяселле ўдалося — гулялі тры дні. І, дзякуй богу, столькі гадоў пражылі разам! Усім бы так!
— А дзе ж вы зімой у той час у Ельску (менавіта там распісвалася пара) кветкі знайшлі? — дапытваюцца родныя.
Аказалася, букет нявесце прывезлі сваякі з Гомеля. А вось вясельную сукенку Валянціна Міхайлаўна пашыла сабе сама, удалося набыць і маднючыя чаравічкі на шпільцы.
Зразумела, прадукты ў той час былі дэфіцытныя, але сваякі маладых трымалі сваю гаспадарку — курэй, качак... Да вяселля кабанчыка закалолі, каўбас нарабілі, завэндзілі кумпяк.
Між іншым адным з падарункаў, які на вяселле атрымалі маладыя — настольнай лямпай, — карыстаюцца і сёння. Таксама госці прынеслі пасцельную бялізну, прас, ручнікі, а вось грошы тады не прынята было дарыць...
Сужэнцы выхавалі цудоўных дзяцей. А калі пара святкавала ізумруднае вяселле, павіншаваць іх завіталі пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў...
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.