Вы тут

Пенсіянерка ў Дуброўне ратуе старых ад адзіноты


Тэлефон Галіны Мікалаеўны МАКАРАНКІ ведаюць ледзь не ўсе ў раёне. І звоняць пастаянна: просяць прывезці лекі, уладкаваць на работу ці... знайсці жонку. Галіна Мікалаеўна гатовая дапамагчы ўсім — не сядзіцца ёй на пенсіі! Восем гадоў яна ўзначальвае Дубровенскую раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і разам з валанцёрамі ратуе старых ад адзіноты.


Талент вырашаць чужыя праблемы

З Галінай Мікалаеўнай ідзём па заснежаным Дуброўне. Пенсіянерка ўспамінае, як амаль 30 гадоў таму прыехала ў гэты райцэнтр. Сама яна родам з Бранскай вобласці, але пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вымушана была перасяліцца, бо рэгіён моцна пацярпеў ад радыяцыі. Разам з мужам Галіна Мікалаеўна пераехала ў Стаўраполле. Праўда, ненадоўга: клімат не падышоў — дрэнна адбіўся на здароўі.

— Я не прывыкла да моцнай спёкі, а там летам — 40—50 градусаў. Пад парасонам хадзіла, каб ад сонца схавацца. У выніку вырашыла перабрацца ў Дуброўна, дзе ўжо жыла мая маці, — расказвае жанчына.

Беларускай мовы тады яна не ведала. «А цяпер разумею і размаўляю, — хваліцца. — Неяк на свяце перад сваякамі выступіла з тостам па-беларуску — усе раты паадкрывалі. Прасілі: «Скажы яшчэ што-небудзь».

Па адукацыі Галіна Мікалаеўна настаўніца. Смяецца, што з-за вядомага цёзкі — савецкага педагога Антона Сямёнавіча Макаранкі, які прапанаваў сістэму выхавання працай і калектывам, — яе ў інстытуце пастаянна выклікалі да дошкі. Жанчына працавала ў школе выхавальніцай у групе падоўжанага дня, потым метадыстам у Доме піянераў, а пазней — у раённым аддзеле адукацыі.

— Месяц пабыла на пенсіі, і мяне «сасваталі» ў Чырвоны Крыж, — з усмешкай працягвае яна. — Не хачу дома сядзець! Я халерык па натуры. Мне дзеці кажуць: «Мам, калі ты супакоішся?» Калі рукі складу. Лепш рухацца. Агарод? Адзін дзень грады магу папалоць, люблю, каб прыгожа было, але сядзець у іх увесь час — ну не. Я не фанат.

Затое ў пенсіянеркі ёсць іншы талент: вырашаць чужыя праблемы. У арганізацыю па дапамогу часта звяртаюцца, напрыклад, людзі з месцаў пазбаўлення волі.

— Спачатку яны яршыстыя, а потым адтайваюць, — дзеліцца Галіна Мікалаеўна. — Памятаю, прыходзіць адзін — такі зарослы... Пытаюся: «Іван Мікалаевіч, у вас вада дома ёсць? А мыла? Можа, прыведзяце сябе ў парадак?» Іду з работы. Чую: «Мікалаеўна!» Гляджу — Ванька! Не пазнала: вусы падстрыг, валасы зачасаў — прыгажун.

Іншы мужчына ніяк не мог знайсці работу: нікуды не бралі. І жыць не было дзе. Пенсіянерка патэлефанавала ў калгас і дамовілася, каб яго ўладкавалі на ферму і далі часова дамок.

Звяртаюцца ў арганізацыю і па няпрофільных пытаннях. «Тэлефануе неяк мужчына, якому мы непатрэбны тэлевізар аддалі: «У мяне яшчэ адна просьба. Ці можаце вы мне жанчыну па Чырвоным Крыжы знайсці? Каб гадоў 30—35 было». А самому ўжо пад 50!

Шрыфт на цэнніках удалося павялічыць

Па вечарах Галіна Мікалаеўна часта не можа заснуць: строіць грандыёзныя планы. Ёй самой 66, але яна лічыць сваім абавязкам паклапаціцца пра пажылых у раёне.

— У нас ёсць група валанцёраў з ліку пенсіянераў — «Дом без адзіноты». Выязджаем у аддаленыя вёскі, ладзім канцэрты, прывозім лекі, мераем ціск. Разам збіраем зёлкі для фітагарбат. Мужчыны дапамагаюць прыбіраць дамы, рамантаваць агароджы, наводзіць парадак у садах. І, вядома, старым хочацца паспяваць песні маладосці і проста пагутарыць, бо пасля выхаду на пенсію яны часта адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі.

Добраахвотнікі з ліку пенсіянераў даглядаюць і помнікі Вялікай Айчыннай вайны: паколькі школы на вёсцы закрываюцца, няма каму наводзіць там парадак.

— Як вам удаецца залучыць пажылых у валанцёры?

— Кажу ім: «А хто, калі не мы?»

Танцавальны калектыў ініцыятыўнай групы "Дом без адзіноты".

Слухаеш гэту ініцыятыўную жанчыну, і здаецца, што для яе няма нічога немагчымага. Прасілі дубровенцы добраўпарадкаваць Кірэеўскую крыніцу (яна за кіламетраў восем ад горада), дзе, кажуць, вада гаючая. Зрабілі: цяпер там паўнавартасная зона адпачынку і купальня. Скардзіліся пажылыя, што цэны ў крамах занадта дробна пішуць. Галіна Мікалаеўна змагла дамовіцца з двума прыватнымі магазінамі, каб яны павялічылі шрыфт на цэнніках.

Навучалі таксама пенсіянераў працаваць на камп'ютары. Цяпер усе сядзяць у «Аднакласніках». У Галіны Мікалаеўны ў самой там больш за 400 сяброў.

— Некалькі гадоў таму Швейцарскі Чырвоны Крыж адзначыў нашу групу за добрую работу з пажылымі. Арганізавалі для нас двухдзённую паездку па Беларусі. Мы тады аб'ехалі ледзь не ўсю рэспубліку — Магілёў, Баранавічы, Тураў... Вярнуліся стомленыя, але такія задаволеныя, — успамінае пенсіянерка.

Самы высокі заробак — падзяка

«Офіс» Галіны Мікалаеўны — маленькі пакойчык на першым паверсе сярэдняй школы №2. Месца тут — як на кухні ў хрушчоўцы, але жанчына задаволена.

— На калідор выйшла — і адразу валанцёраў сабе знайшла сярод дзяцей, — усміхаецца яна. — Цяпер другі клас да мяне бегае і пытаецца: «Калі мы яшчэ пойдзем на якую-небудзь акцыю?» Люблю з маладымі працаваць, мне вельмі лёгка з імі. Валанцёрам заўсёды кажу, што ў нас вялікі заробак — «дзякуй».

Галіна Мікалаеўна расказвае, як калісьці з вучнямі восьмага класа хадзілі да старых у аддзяленне кругласутачнага знаходжання. Зазірнулі ў палаты, дзе па два-тры пенсіянеры ляжаць, павіншавалі. «Дзяўчаты выйшлі — і як расплакаліся: «Нам шкада іх». Ледзь супакоіла. Кажу: рабіце высновы, прыгажуні, выхоўвайце дзяцей так, каб ваша старасць не прайшла ў адзіноце».

— Адкуль у вас столькі сіл?

— Не ведаю. Напэўна, Божанька дапамагае, — задумваецца. — Не трэба сумаваць ды думаць, што выйшаў на пенсію — і жыццё скончана. Забудзьцеся на свае балячкі! З раніцы зрабіце зарадку, распраўце плечы і ідзіце наперад.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

г. Дуброўна

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Не магу заснуць — строю планы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?