Вы тут

Два вераб'і


Чамусьці менавіта перад Новым годам і Калядамі практычна ўсе чакаюць цуду. Але калі проста сядзець склаўшы рукі, наўрад ці ён здарыцца. Кажу з уласнага досведу.


Днямі выпадкова даведалася, што ў гандлёвым цэнтры Gаllеrіа Mіnsk людзі гуляюць у «Таемнага Санту» (іншая назва «Таемны анёл»). І не раздумваючы вырашыла стварыць сабе і іншым навагодні настрой. Умовы гульні вельмі простыя. Спачатку я падрыхтавала навагодні сюрпрыз для незнаёмца. Потым перадала яго «эльфам», якія дзяжурылі каля пункта абмену падарункамі. Узамен таксама атрымала прыемны сюрпрыз ад «таемнага анёла». У выніку ўвечары мы з мужам пілі гарбату са смачнымі цукеркамі-труфелямі. І на душы было вельмі светла і цёпла.

Стаць «анёлам» для кагосьці можа кожны. Для гэтага існуе мноства спосабаў. Вось толькі некалькі ад маіх знаёмых.

Не першы год я з захапленнем назіраю, як настаўніца Наталля Сялецкая разам з бацькамі сваіх вучняў упрыгожвае вокны ў класе. Сёлета акрамя карункавых сняжынак там з'явіліся Нацыянальная бібліятэка, «Вароты Мінска», чэхаўская дама з сабачкам... Як высветлілася, захапляюся тымі вокнамі не толькі я. «У пятніцу вечарам пасля ўрокаў да нас у клас завітаў мужчына гадоў пяцідзесяці, — расказвае Наталля. — Кажа: «Каля школы жыву. Любуюся вашымі вокнамі штодзень. І летась любаваўся. Так прыгожа, што я вось што падумаў. У мяне ёсць унучка. Жыве ў Арабскіх Эміратах. Яна ніколі не бачыла снегу. Прыязджае ў Беларусь толькі летам. Падумаў, што такія вокны ў яе дома вельмі парадуюць. У студзені буду пасылку адпраўляць. Дапамажыце са сняжынкамі. Гатовы нават за грошы». Я, усміхаючыся і пазіраючы на здзіўленую ад такой просьбы тэхнічку, якая прыбірала наш клас у той момант, кажу: «Нават не ведаю, па чым у гэтым годзе сняжынкі. Але падумаю, што мы можам для вас зрабіць!»

Вось цяпер думаюць разам! Бацькоў класа ўразіла гэта гісторыя, некалькі мам гатовыя дапамагчы клапатліваму дзядулю.

А актрыса бэбі-тэатра «Пацеркі» Злата Глотава прыдумала добры і патрэбны праект, які назвала «Два вераб'і». Яна занесла чамадан, напоўнены пакуначкамі з правільным кормам для птушак, у кніжную крамку «Сон Гогаля», што насупраць Нацыянальнага мастацкага музея. І звярнулася па падтрымку да сяброў у «Фэйсбуку». «Цудоўна, калі б у горадзе з'явіліся месцы, дзе кожны ахвотны змог бы бясплатна ўзяць корм для птушак, каб падтрымаць іх у суровыя зімнія дні. Бяру на сябе: закупку зярнятак і семачак, фасоўку іх па пакеціках, афармленне чамадана-вітрыны, каб усё было прыемна і акуратна. Шукаю: офіс, краму, іншы пункт у цэнтры горада, куды могуць зазірнуць неабыякавыя да птушак гараджане, каб па дарозе дадому/на працу/спатканне захапіць пакуначак з кормам».

Справа ў тым, што з дзесяці сініц да вясны дажывае дзве-тры, тое ж і з вераб'ямі. Мы не бачым гэтага, бо яны гінуць пад дахамі дамоў, у месцах свайго халоднага начлегу. Галоўная дапамога — пакарміць іх у маразы. Калі кармушак няма, можна высыпаць корм на ўтаптаную сцяжынку ў двары ці парку. Вядома, рэгулярна карміць птушак у кармушцы нашмат больш эфектыўна, але часам нават туды няма чаго насыпаць. А чорны хлеб і батон ім зусім не падыходзіць. Таму далучайцеся да птушынага дэсанта: карміце сінічак ды вераб'ёў самі ці дапамажыце даць корм іншым.

У перадсвяточным нумары «Сямейнай газеты» вы знойдзеце яшчэ некалькі падказак для добрых спраў. Усім зычу цеплыні! І да сустрэчы ў новым годзе!

Свят­ла­на ШЫ­ЛА­ВА ра­зам з да­чуш­кай Аза­ры­яй кор­мяць пту­шак у ста­ліч­ным пар­ку Ча­люс­кін­цаў. Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».