Вы тут

Сістэма выдачы магутнасці БелАЭС будзе дабудаваная да канца 2018 года


«Практычна мы ідзём з апярэджаннем нарматыўнага тэрміну будаўніцтва на год. З 23 пускавых комплексаў увядзём да канца гэтага года 17, на наступны год застаецца ўвод яшчэ шасці комплексаў, мы паспяхова завершым гэтую працу да заканчэння наступнага года, тым самым за год да ўводу ў эксплуатацыю АЭС мы забяспечым рэалізацыю гэтага адказнага праекта па выдачы магутнасці», — растлумачыў першы намеснік міністра энергетыкі Віктар Каранкевіч.


У цэлым праект «Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай» прадугледжвае будаўніцтва новых паветраных ліній электраперадачы 330 кВ працягласцю 1 032,5 км і рэканструкцыю 672,4 км дзеючых ліній электраперадачы 110—330 кВ. У рамках праекта прадугледжана рэканструкцыя чатырох падстанцый і будаўніцтва новай падстанцыі «Паставы».

Сістэма выдачы магутнасці будуецца па кантракце на 340,86 млн долараў паміж прадпрыемствам «Гроднаэнерга» і акцыянерным таварыствам «Паўночнакітайская электраэнергетычная праектная кампанія пры кітайскай электраэнергетычнай інжынерна-кансультацыйнай карпарацыі». Фінансаванне 95% кошту праекта прадугледжана са сродкаў ільготнага крэдыту Экспартна-імпартнага банка Кітая, 5% — уласныя сродкі Гроднаэнерга. Па словах гендырэктара «Белэнерга» Яўгена ВОРАНАВА, асноўныя праектныя, будаўніча-мантажныя і наладачныя работы праводзяць беларускія кампаніі.

Самы магутны каскад

У гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзве самыя магутныя ў краіне ГЭС — Полацкая (21,7 МВт) і Віцебская (40 МВт). «Гэты каскад станцый на Заходняй Дзвіне стане самым магутным у краіне і будзе платформай для далейшага развіцця гідраэнергетыкі, а таксама, спадзяёмся, і гідраакумуліруючай энергетыкі ў Беларусі для рэгулявання графіка нагрузак і памяншэння выкідаў у атмасферу», — адзначыў гендырэктар «Белэнерга».

Акрамя таго, у 2017 годзе завяршылася поўнамаштабная рэканструкцыя адной з найстарэйшых у Беларусі электрастанцый — Гомельскай ЦЭЦ-1. У поўным аб'ёме выканана запланаваная рамонтная кампанія, рэканструкцыя цеплавых электрычных сетак для надзейнага электразабеспячэння краіны.

Дыферэнцыяцыя нізкага тарыфу

Сістэма дыферэнцыяцыі тарыфаў на электраэнергію пакуль захаваецца ў ранейшым выглядзе, паведаміў Віктар Каранкевіч. «Цяперашнюю дыферэнцыяцыю мы пакуль паглыбляць не плануем», — сказаў ён. Пры гэтым першы намеснік міністра не выключыў, што ў будучыні можа быць перагледжаны час сутак, калі ўжываецца больш нізкі тарыф. Генеральны дырэктар «Белэнерга» дадаў, што дыферэнцыраваныя тарыфы дазваляюць палепшыць сітуацыю з нераўнамерным графікам электрычнай нагрузкі. «Дыферэнцыраваныя тарыфы стымулююць спажыванне электраэнергіі ў начныя гадзіны дзякуючы больш нізкаму кошту электраэнергіі на дадзеным адрэзку часу. Для гэтага мы ўсталёўваем электронныя лічыльнікі, якія дазваляюць ажыццяўляць аплату па гадзінах сутак. Гэта ўсё робіцца, каб аптымізаваць нагрузку на энергасістэму», — растлумачыў ён.

65% аграгарадкоў газіфікавана

Цяпер у нашай краіне газіфікавана 965 аграгарадкоў з 1480, паведаміў журналістам генеральны дырэктар вытворчага аб'яднання «Белпалівагаз» Леанід Рудзінскі. Сярод гарадскіх пасёлкаў засталося газіфікаваць толькі адзін — Крывічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Па інфармацыі Леаніда Рудзінскага, у цэлым прыродны газ займае больш за 70% у паліўным балансе краіны. Што датычыцца тарфяной галіны, то арганізацыі «Белпалівагаза» распрацоўваюць 46 тарфяных радовішчаў на плошчы больш за 17 тысяч га.

Здабыча торфу ў 2017 годзе склала больш чым 2,1 млн тон. Пры гэтым ёсць магчымасці здабываць нашмат больш торфу, заўважыў Леанід Рудзінскі. «Перспектывы выкарыстання торфу — павелічэнне спажывання цэментнымі заводамі, яны могуць узяць нашмат больш, чым цяпер. Гэта адносіцца ў цэлым да прадпрыемстваў будаўнічай галіны, у тым ліку цагляных заводаў, кампаній, якія займаюцца вытворчасцю даламіту», — адзначыў кіраўнік «Белпалівагаза».

За газ разлічваемся своечасова

Першы намеснік міністра энергетыкі праінфармаваў, што затрымак па аплаце імпартаванага прыроднага газу няма. Што датычыцца разлікаў даўжнікоў, то плацежаздольнасць прадпрыемстваў у гэтым годзе паляпшаецца, складанасці ёсць у асобных прамысловых спажыўцоў, юрыдычных асоб, яны разлічваюцца часам з затрымкамі.

Між іншым, сітуацыя з разлікамі даўжнікоў за электраэнергію і газ у Беларусі палепшылася, паведамілі прадстаўнікі энергетычнай галіны. Яўген Воранаў праінфармаваў, што асноўныя даўжнікі — гэта прадпрыемствы, сярод насельніцтва запазычанасці за электраэнергію практычна няма. Узровень аплаты энергіі цяпер складае 98%, да канца года плануецца выйсці на 99%.

Па інфармацыі Леаніда Рудзінскага, асноўнымі даўжнікамі па разліках за газ з'яўляюцца структуры ЖКГ, прадпрыемствы камунальнай формы ўласнасці, пры гэтым ёсць і хранічныя неплацельшчыкі, тым не менш яны таксама забяспечваюцца газам.

Краіны Балтыі нам «пагоды» не робяць

«Пераход краін Балтыі на сінхронную работу з краінамі Еўрасаюза не ўскладніць дзейнасць энергасістэмы Беларусі, мы да гэтага гатовыя», — сказаў Яўген Воранаў. Разам з тым ён звярнуў увагу, што прысутнасць БРЭЛЛ (яно аб'ядноўвае Беларусь, Расію, Эстонію, Латвію, Літву) робіць магчымым аператыўнае аказанне ўзаемнай аварыйнай энергадапамогі. Ён падкрэсліў, што беларуская энергасістэма самадастатковая. З улікам таго, што цяпер абмен электраэнергіяй з краінамі Балтыі невялікі, ніякіх наступстваў, якія ўплываюць на надзейнасць энергазабеспячэння краіны, не будзе.

Адказваючы на пытанне аб экспарце электраэнергіі пасля ўводу Беларускай АЭС, гендырэктар «Белэнерга» адзначыў, што ўсе суседнія краіны могуць быць патэнцыйнымі спажыўцамі беларускай энергіі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: З апярэджаннем на год

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».