Вы тут

У Палацы Незалежнасці прайшло навагодняе свята для таленавітай моладзі


Вялікая зала на першым паверсе пераўтварылася ў сцэну для казачнага прадстаўлення. А віноўнікі ўчарашняга свята — студэнты і навучэнцы, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, — на некалькі гадзін сталі казачнымі прынцамі і прынцэсамі, вяльможамі, феямі... Навагодняя музыка, фотазоны, мімы — усё для таго, каб дзеці адчулі сябе сапраўднымі гаспадарамі — і свята, і далёка не самага звычайнага будынка — цэнтра палітычнага і эканамічнага жыцця краіны.


На сустрэчу завіталі 250 школьнікаў і студэнтаў. Гэта пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, фестываляў, лідары маладзёжных парламентаў, актывісты БРСМ, валанцёры, што дасягнулі высокіх вынікаў у сваёй працы, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі.

З наступаючымі навагоднімі святамі ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Ён толькі ўначы вярнуўся з Масквы, але, як прызнаўся, не мог не зайсці на святкаванне — хоць бы на некалькі хвілін.

— Не таму, што ў мяне ўжо зусім няма часу, а каб вам не перашкаджаць правесці гэты баль-карнавал. Ён сапраўды ўвойдзе ў гісторыю як першы ў Палацы Незалежнасці. Тут былі кіраўнікі дзяржаў розных краін, былі ваенныя — рота ганаровай варты, але вас тут яшчэ не было. Хачу павіншаваць вас з Новым годам. Гэтыя дні — час сюрпрызаў, нечаканых падарункаў, прыемных сустрэч, — звярнуўся да моладзі Прэзідэнт.

Так, адзначыў кіраўнік краіны, большасць з прысутных не знаёмыя адзін з адным. І гэта добра! Можна пазнаёміцца, прычым у такіх незвычайных абставінах.

— Я шчыра рады ў такой святочнай атмасферы вітаць вас, найлепшых: разумных, падаючых вялікія надзеі, зусім маладых людзей, — сказаў кіраўнік краіны. — Вы ведаеце, што мы сёлета прынялі ўсе рашэнні для таго каб, як у нас прынята казаць, ці разняволіцца самім, ці вас разняволіць... Мы прынялі шмат рашэнняў, і выконваць іх будзеце толькі вы, бо людзям дарослым ужо і часу не застанецца на выкананне гэтых рашэнняў. І яны настолькі рэвалюцыйныя, што не трэба напружваць сыходзячае пакаленне рэалізацыяй гэтых ідэй.

Прэзідэнт звярнуў увагу, як важна на такім мерапрыемстве ўбачыць і будучых зорак, і будучых вучоных. Менавіта для гэтага ў нашай краіне створаны фонды па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што традыцыя — арганізоўваць навагодняе свята для таленавітай моладзі ў Палацы — будзе працягнута.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што хто-небудзь з маладых гасцей Палаца ў будучыні абавязкова апынецца ў цэнтры палітычнага жыцця краіны. Ён падкрэсліў, што ў жыцці трэба ўсё рабіць своечасова.

— Будзеце рабіць своечасова — будзеце паспяховымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ адна думка: вы ў такім узросце, калі практычна ўсё падвяргаеце сумненню. Мне проста з вамі размаўляць на гэту тэму, бо гэта адзін з маіх жыццёвых прынцыпаў. І не я яго прыдумаў — гэта ідэя Карла Маркса. Нельга ўспрымаць любую ідэю, навацыі або прапановы з лёту. Падвяргай сумненню. Гэта не азначае, што ты адкінеш гэтую ідэю, думку. Гэта першы крок да яе асэнсавання.

Наказ Прэзідэнта моладзі — не спяшацца з прыняццем рашэнняў. Усё павінна быць прадумана і ўсвядомлена.

Ён звярнуў увагу, што цяперашняе пакаленне моладзі нарадзілася ўжо ў суверэннай, незалежнай Беларусі.

Сёння задача моладзі — вучыцца, атрымаць годную адукацыю, стаць найлепшымі спецыялістамі. У дзяржаве, як ужо казалася, апошнім часам прынята шмат рашэнняў.

— Можна было іх не прымаць і не здзяйсняць, але тады ўсё жыццё, увесь свет пройдзе міма нас — і мы застанёмся на ўзбочыне, — заявіў кіраўнік краіны. — Таму вельмі важна ў гэтым складаным жыцці прыстасавацца. Не стаць прыліпалам да нечага і маўкліва ісці — не. Прыстасавацца вельмі важна да гэтых працэсаў, асядлаць іх, падначаліць сабе — і рухацца наперад.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў удзельнікаў урачыстасці любіць і цаніць сваю краіну:

— Памятайце: толькі тут вы можаце адбыцца ў поўным аб'ёме як людзі, бо карані вашыя тут. Не спяшайцеся, паспрабуйце знайсці сябе на гэтай зямлі. А калі хтосьці, з'ехаўшы, атрымае веды за мяжой, памятайце, што трэба вярнуцца, аддаць доўг і зрабіць усё для таго, каб ваша радзіма была больш прыгожай. Шануйце свой край, любіце сваю зямлю і памятайце, што на ёй жыць не толькі вашым дзецям і ўнукам, але і ўсім вам.

Напрыканцы свайго выступлення кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з надыходзячым Новым годам.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Будучыя зоркі і вучоныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?