Вы тут

Радасныя малюнкі і вобразны стыль Іны Папаратнай


Мастачка з Гродна Іна Папаратная стала лаўрэатам спецыяльнага літаратурнага конкурсу «Новая дзіцячая кніга» (выдавецтва «Росмэн», Масква). Выдавецтва абвясціла спецыяльную намінацыю для ілюстратараў кніг, прызначаных для дзяцей ад 2 да 12 гадоў. У 2016 годзе на прэстыжны конкурс прыйшло 1082 заяўкі, кожны ўдзельнік павінен быў даслаць па 4 работы. На конкурс Іна адправіла свайго любімага персанажа — слімака з верша сучаснага дзіцячага паэта Андрэя Усачова, яшчэ сямейства каалы з казкі «Цмок Камода» Дональда Бісета.


Мастацтва Іны Папаратнай для дзяцей

Іна з дзяцінства марыла афармляць дзіцячыя кніжкі, скончыла каледж мастацтваў, для дыпломнай работы ілюстравала кнігу «Хронікі Нарніі». Рабіла заказы для друкарні, малявала паштоўкі, працавала дызайнерам-афарміцелем, гадавала дзяцей, але перамога на конкурсе была поўнай нечаканасцю.

Як пераможцы конкурсу сёлета выдавецтва дало Іне Папаратнай заданне праілюстраваць дзіцячую кнігу вядомай пісьменніцы С. Лаўровай «Сабака Фрося і яе людзі». Па словах мастачкі, яна напружана працавала тры месяцы, і вынік — 40 арыгінальных малюнкаў, якія ўвайшлі ў кнігу. Можна толькі здагадвацца, колькі спроб засталося ў чарнавіках мастачкі. Малюнкі, як і сама вясёлая дзіцячая кніжка, напоўнены радасцю, весялосцю, добрым святлом, гумарам і чаканнем вясёлых прыгод, якія так любяць дзеці.

У дзіцячай бібліятэцы № 6 Гродна адбылася творчая сустрэча-прэзентацыя з кніжным ілюстратарам Інай Папаратнай — таленавітай гарадзенкай і мамай чацвярых дзяцей. На прэзентацыі маме «дапамагала» ўся дружная дзіцячая кампанія: старэйшы сын Яша (з ім прыйшоў увесь яго 2-й клас гімназіі № 9), яго пяцігадовая сястрычка Маша, трохгадовы гарэза Косцік, дзесяцімесячная Ганначка, і вядома, іх тата.

Расійскі мастак, мультыплікатар Аляксей Капнінскі на цырымоніі ўзнагароджання конкурсу «Новая дзіцячая кніга» адзначыў, што ёсць бязвобразныя карцінкі, а ёсць вобразы. У Іны Папаратнай ужо вызначаны пазнавальны, вобразны аўтарскі почырк, які вылучыў яе работы сярод не менш таленавітых калег. Менавіта непаўторныя мастацкія вобразы робяць дзіцячыя кнігі жывымі, цікавымі, запамінальнымі. Спецыялісты сцвярджаюць: 50% удалай кнігі — гэта таленавітыя, яркія малюнкі, якія супадаюць з аўтарскім тэкстам, напаўняючы яго мастацкім сэнсам і гармоніяй.

Ірына ШАТЫРОНАК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».