Вы тут

Не свечка паўстане прад Богам — паўстане душа


Штодзёншчына: рынак, вечар, дзве крамкі. І адна, і другая зачыняюцца ў восем, і ў адну, і ў другую трэба...

Здаецца, паспяваю: з першай выходжу з пакупкай, тут жа тузаю дзверы другой — замкнута. Але чаму?

— Прабачце, а што — ужо восем? — пытаю ў жанчын, што стаяць паблізу.

Мы белорусский не понимаем, — з форсам падціснуўшы вусны, за ўсіх заяўляе адна.

І шкада, што пры гэтым сябе не бачыць, а то, відаць, пасмяялася б.


Дробязі...

Канцэрт не кіно: публіка салідная, у кожнага — смартфон... Ды яно і зразумела: перад пачаткам трэба адключыць гук, а некаму — скончыць размову.

— Ну ўсё, потым пагаворым, — абяцае камусь бландзінка, што сядзіць побач. — А то я цяпер на канцэрце — ён пачынаецца.

У зале і сапраўды гучаць апладысменты, на сцэну выходзіць вядоўца, нешта гаворыць.

Не маўчыць і жанчына: гучным шэптам некаму расказвае, на якім жа яна канцэрце і ў якой зале.

На гэтым размовы, як быццам, скончаны? Хвілін, можа, з пяць мы слухаем музыку. Потым мабільнік «ажывае» зноў: у суседкі, падобна, пытаюць, дзе яна купіла білеты і колькі яны каштавалі... Свеціцца экран, жанчына піша адказ. Усе, хто сядзіць паблізу, здаецца, вырвалі б той мабільнік і шпурнулі пад крэсла альбо...

Сусед, што злева, іншае выйсце прыдумаў. Ён (хамствам на хамства) глядзіць не на сцэну: ён нахіляецца да жанчыны, каб... чытаць яе перапіску (!?).

Гэта — нечуванае нахабства! Бландзінка, мякка кажучы, вельмі абурана! Яна «згортвае» свае «размовы»... Але музыку слухаць нават не думае — зноў адкрывае мабільнік. На гэты раз — каб зрабіць сабе фотак.

...А канцэрт (калі не зважаць на «дробязі») быў удалы.

І шкада, што пасля яго помніцца зусім не музыка.


Навука

— Вой, колькі летаў ды зім?

Гэта — Марына: і праз вуліцу, як быццам, жывём, а бачымся рэдка: на рынку, у краме, а вось цяпер — па дарозе... Спыніліся і гутаркі, як вады... Што, вядома ж, не замінае бачыць паводдаль патокі машын, а паблізу — асобных людзей.

— Ну ёсць жа яны, ёсць! Паглядзі, — загадвае Марына, і мы, ужо разам, з павагай пазіраем услед пажылому, інтэлігентнаму дзядзьку, што кіруе да аб'ёмнага кантэйнера з надпісам «Макулатура», — кардон вязе, на саначках.

— Бач, малайчына які, — захапляецца прыяцелька, — не лянуецца, не саромеецца — дрэвы ратуе...

Пакуль мы вось так разважаем, мужчына падыходзіць да кантэйнера і спыняецца: на жаль, не для таго, каб кардон пакласці, — для таго, каб, наадварот, — узяць.

...Калега некалі са смакам расказваў, як трапіў на шыкоўны банкет, як за сталом апынуўся побач з генералам, як перад імі паставілі бутэрброды з чорнай ікрой і як генерал той грэбліва скрывіўся — ад сябе адсунуў талерку... «Нядрэнна, відаць, жыве, — падумаў калега, — на ікру нават глядзець не можа».

Чаму — генерал яму расказаў, пасля трэцяй чаркі.

У 41-м, у Смаленску, на нейкім разбітым складзе, ён (тады малодшы лейтэнант) знайшоў... бочку з гэтай ікрой і разам з такімі ж галоднымі салдатамі еў яе, еў, што называецца, напоўніцу — вялікімі лыжкамі, без хлеба і аж да млосці...

«З той пары, — прызнаўся, — я гэты прадукт нават бачыць не магу, не тое што есці».

...Мудры дзед майго калегі казаў: «Не знаеш чалавека — не думай пра яго дрэнна...»

І добра — выходзіць — таксама?


На краі

Мужчыны ЗА грамадзянскія шлюбы — аж пакуль у іх не з'явіцца дачка. Бо тады, гадуючы малечу, ужо міжволі думаюць, як яна падрасце, атрымае прафесію, пакахае (прычым якраз таго, хто без памяці палюбіць яе) і...

І тады — аніякіх грамадзянскіх шлюбаў! Хай, як людзі, жэняцца! А ўжо ён, бацька, дык са скуры вылезе, а справіць вяселле: усю радню збярэ, каб палюбаваліся, якая прыгожая вырасла дзеўка, якога жаніха знайшла!

...У Ягора ўсё так і было б: вырасла дачушка, закахалася, той абраннік прыходзіў рукі прасіць. І бацьку самы б час «са скуры вылазіць», ды... Не хацелася, бо жаніх быў крыху маладзейшы — за... цесця.

Але ж распісаліся, двое дзетак нажылі ў любові ды згодзе. Ягору, маладому дзеду, здавалася б, толькі цешыцца... А не лёс: як сам прызнаўся, «баба звар'яцела» — жонка яго: на дваццаць шостым годзе сямейнага жыцця завяла палюбоўніка — з дому пайшла, назусім.

Ягор, з таго гора, напіўся, да зяця з дачкою ледзьве дапоўз. І з сабою прынёс, каб дабавіць.

— Як жа так? — пытаў ледзь не плачучы. — За што? І чаму? Хіба ж я не любіў, не шкадаваў яе?.. Ганьба якая! А боль... Ну што мне рабіць? Павесіцца?

Гэта ён не ў дачкі, у зяця пытаў.

Той, што здзівіла (інтэлігентны ж!..), плюнуў, мацюкнуўся, тут жа ў інтэрнэце «забіў» «Рытуальныя паслугі», цесцю падсунуў:

— Глядзі, колькі фірмаў у горадзе. Бізнес такі: адзін тэлефонны званок — і ўсё паробяць: выкапаюць яму, прывязуць дамавіну, вянкі, аркестр, можа — нават вяроўку... Мігам спарадкуюць, калі жыць не хочаш, унукаў сваіх гадаваць...

На цесця нібы вадою халоднай лінулі: раптам працверазеў — задумаўся.

Праз паўгода знайшоў сабе добрую жанчыну, ажаніўся, жыве — нібы золата важыць!

І як цяпер, дык рады, што дачка яго замужам за чалавекам нашмат старэйшым і разумнейшым.

Бо хто яго ведае, што сказаў бы яму дурны.

І што ён тады зрабіў бы.


Мастацтва жыць

На вяселлях маладым часта кажуць: вы, маўляў, стварылі сям'ю...

Памыляюцца, бо «працэс» хіба толькі пачаўся...

А вось Раманавіч — той стварыў:

— Тры дачкі, — загінае пальцы, — шэсць зяцёў, шэсць унукаў...

Апошняя лічба цікавіць менш. А вось папярэдняя...

— Ды нічога дзіўнага, — тлумачыць дзед. — Дочкам маім з першай спробы не шчасціла: ні ў адной не было з кім жыць ды сям'ю будаваць. А вось з другой спробы...

Што, можа, дзіўна, цесць той (ды і цешча) з усімі зяцямі ў добрых адносінах.


Тост

...У панядзелак жанкі на працу сышліся, наперабой зашумелі, загаварылі, хто што рабіў, дзе быў.

Маладзіца адна маўчала.

— Ну а ты выхадныя як правяла? — спыталі ў яе.

— Цудоўна, — усміхнулася тая. — Мы з каханым з'ездзілі ў лес, назбіралі грыбоў.

— А муж дзе быў? — пачула праз паўзу.

— Дык са мной жа, у лесе, — не зразумела жанчына. — Я ж кажу: мы ўдваіх з каханым мужчынам...

Тост (жаночы варыянт): вып'ем жа за тое, каб нашы каханыя сталі нашымі (крый бог, не чужымі!) мужамі, а нашы мужы — засталіся каханымі.

Тое ж — з келіхам, за сталом — можна сказаць і пра жонак. А пакуль...

Перад святам у краме адзін вайсковец духі выбіраў: прынюхваўся сам, раіўся з прадавачкай. Тая шмат прапаноўвала.
А нарэшце сказала:

— Бярыце вось гэтыя — бяспройгрышны варыянт! Вашай каханай — гарантыя — спадабаюцца!

— Гэта не каханай, — буркнуў мужчына. — Гэта жонцы.


Час на роздум

Амаль па Блоку: ноч, вуліца, аптэка. За правізараў, што цалкам лагічна (бо ходзяць тут розныя...), двое маладых мужчын. Той, да якога звяртаюся, уважліва слухае, нешта ўдакладняе, раіць і нарэшце разлічвае.

— Дзякуй, — кажу яму я.

Пожалуйста, — гэта ён мне.

— А маглі б, — уздыхаю, — сказаць «Калі ласка».

Сыходжу — адказу не чую. Ды і ці быў ён? Але ж хлопец хоць на хвіліну, можа, задумаўся?

Над тым, у прыватнасці, што, жывучы ў Беларусі, і чуў, і ведае не толькі гэтае слова, — мог бы казаць... Дык чаму...

Пуста ў аптэцы — ноч.

Час на роздум.


Маўчком

На лецішчы новая шафа. Гэта ж падстава для таго, каб перабраць рэчы са старой: многае, «пагрэўшы ў руках» («вещь — это знак, у каждой вещи с годами возникает голос вещий»), пакласці на паліцу, нешта — у рамонт, бліжэй да швейнай машынкі ці нават на сметнік...

А нешта — раптам памераць, пакруціцца перад люстэркам ды прызнаць, што рэч — яшчэ добрая, модная, што рана яе «ў ссылку»...

Штодня «клапатлівы» дзядзька з рэкламы пытаецца пра апраткі, што мы ссылаем на дачу.

І ніхто не пытае пра тыя, што з той ссылкі вяртаем дамоў.


Як ёсць

Зіма, дарога. Побач — кідкая абвестка. Тут, маўляў, на лініі Сталіна, з 23 снежня — рэзідэнцыя... Дзеда Мароза.

Меў рацыю класік: усё змяшалася...


Не свечка паўстане прад Богам...

...З плошчы Коласа на вуліцу Казлова можна даехаць на трамваі. А можна прайсці — старымі дварамі — міма Вайсковых могілак і любімай царквы...

Альбо — не міма.

І тады, накінуўшы хусту, купіць на ўваходзе свечкі, перахрысціцца, моўчкі (як некалі з мамай) пастаяць ды падумаць...

А ўрэшце — паставіць свечкі. Спярша — за спачын (яе... ды іншых) і неяк міжволі, раптам заўважыць, што тут, у царкве, усе як адзін — спрэс падобныя твары... І вочы...

Не свечка паўстане прад Богам — паўстане душа.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.