Вы тут

Што прапануюць гледачам беларускія тэлеканалы ў навагоднюю ноч?


Прытрымліваючыся старой прыкметы «Як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш», адны ў свята выпраўляюцца ў замежны круіз, другія ладзяць сяброўскія пасядзелкі, трэція загадваюць жаданні ў рэстаране ці санаторыі... Але многія — паводле яшчэ адной старой завядзёнкі — праводзяць і сустракаюць год дома з сям'ёй паміж сталом і тэлевізарам. Якраз для тых, каму не ўсё адно, што менавіта паказвае «скрыня», «Звязда» падрыхтавала агляд эфіру асноўных тэлеканалаў на 31 снежня — 1 студзеня.


Дарэчы, праграма да і пасля бою курантаў у кожнага свая: адны зрабілі стаўку на залаты фонд савецкага кінематографа, другія — на сучасныя камедыі, трэція — на тэматычныя зборныя канцэрты.

Фірменныя стравы

Канал АНТ вынаходзіць веласіпед напярэдадні свята не стаў і паставіў у праграму загадзя зняты канцэрт «Песня года Беларусі» (другую частку), а таксама старыя любімыя гледачамі камедыі «Каўказская палонніца», «Іван Васілевіч мяняе прафесію» ды сучасную версію «Іроніі лёсу». Але большая частка святочнага эфіру — напрацоўкі расійскага Першага канала. Так, яшчэ днём гледачоў пачнуць віншаваць удзельнікі «Галоўнага навагодняга канцэрта» — аб'яднаныя ў дуэты і трыа папулярныя эстрадныя артысты, сярод якіх Варвара і «Буранаўскія бабулі», Валерыя і Юрый Антонаў, Алег Газманаў і Аляксандр Буйноў, «Ума Турман» і Ларыса Доліна, Ані Лорак, Сасо Паўліяшвілі, Ягор Крыд, Алена Ваенга, Глеб Мацвяйчук, Тамара Гвердцытэлі і іншыя. Крыху пазней прадставяць адмысловыя навагоднія нумары таленавітыя дзеці з забаўляльнага шоу «Лепш за ўсіх!»

Вішанкай на торце святочнага эфіру мусіць стаць «Навагодняя ноч» — забаўляльна-музычная праграма, якая існуе больш за 20 гадоў, з 1995 года. Як падкрэслівае прэс-служба канала, адметнасць сёлетняга шоу ў тым, што ўдзел у ім бяруць не ўсе запар артысты, а лідары галасавання, якое ладзілі восенню Першы канал і сацыяльная сетка «Аднакласнікі». «Да трыццаці лідараў анлайн-галасавання мы дадалі яшчэ столькі ж не менш вартых артыстаў, і менавіта гэты баявы склад падорыць святочны настрой у навагоднюю ноч», — анансаваў зборны канцэрт галоўны прадзюсар музычных і забаўляльных праграм першага канала Юрый Аксюта. Яшчэ адна адметнасць праграмы ў тым, што пяць рэжысёраў і здымачных груп сёлета запісвалі артыстаў не ў тэлестудыі, а на фоне 30 знакамітых турыстычных мясцінаў Масквы, пачынаючы ад старажытнага Крамля і Чыстых прудоў да катка ў парку Горкага і Маскоўскага Цэнтральнага кальца. Вядучыя святочнага вечара таксама выберуцца з утульнай студыі і на двухпавярховым турыстычным аўтобусе з кіроўцам Гарыкам Сукачовым будуць калясіць па Маскве ды прапаноўваць змерзлым калегам каму шампанскае, каму — гарачы чай.

Хіты з шампанскім

«Беларусь 1» прапануе гледачам кіно выключна сучаснае: расійская меладрама «Усё будзе добра!» (2013 год) і камедыі «СуперБабровы» (2016) і «SОS, Дзед Мароз, ці Усё збудзецца!» (2015), украінская «Калі тата Дзед Мароз» (2017) і «40+, або Геаметрыя пачуццяў» (2016) навыперадкі будуць расказваць гледачам пра добрыя цуды, якія здараюцца з самымі рознымі людзьмі ў навагоднюю ноч і абавязкова змяняюць жыццё герояў да лепшага.

У вячэрнім эфіры 31 снежня гледачоў чакае спецыяльны выпуск «Галоўнага эфіру». Здымалася праграма ў нефармальнай абстаноўцы, на ўтульнай аграсядзібе, а збіраць святочны стол вядучым дапамаглі неардынарныя госці, якія найбольш гучна заявілі аб сабе ў 2017-м: міністры, вядомыя спартсмены, папулярныя артысты. Напрыклад, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч прадэманструе, якім музычным інструментам ён дасканала валодае, зорка беларускага тэніса Аляксандра Сасновіч раскажа, чаму ў дзяцінстве яе баяліся хлопцы, а міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу давядзецца ўдзельнічаць у захапляльнай пагоні на зімовай дарозе. Але галоўны сюрпрыз надыходзячага года, інтрыгуюць тэлевізійнікі, гледачы атрымаюць ад нейкага загадкавага персанажа ў фінале праграмы... Пасля падвядзення вынікаў года пачнецца святочны канцэрт «Новы год на «Беларусь 1», дзе свае песні (многія — упершыню) выканаюць самыя розныя артысты, ад заслужаных Анатоля Ярмоленкі і Іны Афанасьевай да пачаткоўцаў айчыннай сцэны. Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі абяцае таксама «неверагодны сюрпрыз», раскрываць інтрыгу якога да надыходу навагодняй ночы тэлевізійнікі катэгарычна адмаўляюцца.

Настрой у асартыменце

Канал «Беларусь 2» нашпігаваў свой навагодні эфір фільмамі для ўсёй сям'і. Гледачы ўбачаць ажно чатыры з шасці камедый франшызы «Ёлкі», пра якую гумарысты трапна заўважылі, што глядзець яе можна з любой часткі і з любога месца, хоць ззаду наперад, так нават больш смешна. Акрамя таго, у кінаменю — анімацыйныя фільмы «Звераполіс», «Алёша Паповіч і Тугарын Змей», «Дабрыня Мікіціч і Змей Гарыныч», «Ілья Мурамец і Салавей Разбойнік».

Незвычайным будзе апошні ў адыходзячым годзе выпуск «Тэлебарометра»: вядучы Дзмітрый Карась запросіць у госці трох самых актыўных падпісчыкаў праграмы ў сацыяльных сетках, якім трэба будзе ўжо ў рэальнасці выканаць у горадзе шэраг звязаных з надвор'ем заданняў, каб атрымаць ад тэлеканала памятныя падарункі. Зрэшты, падарунак — незвычайны флэшмоб — чакае напрыканцы выпуску ўсіх прыхільнікаў праграмы. А 1 студзеня падарункі працягнуць раздаваць вядучыя праекта «Два рублі», якія ў вобразах Снягуркі і Дзеда Мароза зазірнуць на адну з галоўных ёлак краіны і правядуць тэматычнае «навагодняе» апытанне.

Сацыякультурны канал «Беларусь 3» падрыхтаваў мікс са старых добрых фільмаў, тэматычных праграм і канцэртаў. «Марозка» і «Карнавал», «Налева ад ліфта» і «Вяселле ў Малінаўцы», «Чарадзеі» і «Шукайце жанчыну» — кіно ў эфіры 31 снежня будзе багата і на розны густ. Меламанаў павіншуюць са святам ВІА «Сіняя птушка» і ансамбль «Бяседа», паэт-песеннік Алег Жукаў і ўдзельнікі вялікага канцэрта «Сустракаем Новы год разам», які быў спецыяльна запісаны на міжнародным фестывалі «Залаты шлягер — 2017».

Змяшаць, узбоўтаць, паўтарыць

Зарадзіць гледачоў святам напоўніцу абяцае СТБ. Спецыяльныя выпускі «Студыі добрага настрою» і «Вялікага сняданка» працягне кулінарнае шоу «Вялікая ўдача», у якім вядомы «пясняр» Валерый Скаражонак выправіцца ў госці да блогера, а да караоке-шоу «Любімыя песні» зможа прычыніцца кожны ахвотны, выконваючы разам з беларускімі артыстамі сусветныя хіты. Увечары гледачоў чакае забаўляльнае шоу «Навагодняя ноч на СТБ» са спевамі, успамінамі і ўшанаваннем герояў амаль ужо мінулага года.

У праграме «РТР-Беларусь» 31 снежня — зноў жа камедыі, музычныя праекты і гумарыстычныя шоу. Так, удзень канал пакажа канцэрт «Найлепшыя песні», які сабраў на сцэне Крамлёўскага палаца ўвесь цвет расійскай эстрады, а пасля поўначы — кампанейскі «Блакітны агеньчык — 2018», у які ўвайшло звыш 80 (!) нумароў, у тым ліку дуэт Філіпа Кіркорава са сваімі дзецьмі і Ларысы Долінай — з унучкай. Крыху разбавяць музычную экспансію «Каралі смеху» з Яўгенам Петрасянам, «Новымі рускімі бабкамі» і іншымі заўсёднікамі падобных праграм. А хлапушкай з сюрпрызам абяцае стаць забаўляльнае шоу «Навагодні парад зорак», якое збярэ ў адзін час у адным месцы спевакоў, танцораў і парадыстаў, каб прыгадаць самыя цікавыя падзеі 2017-га. Напрыклад, комік Юрый Стаянаў ператворыцца і ў амерыканскага прэзідэнта, і ў канцлера Германіі, вынікі года ўсур'ёз абмяркуюць героі праграмы «Добрай ночы, малыя!», а героі нядаўняй гучнай тэлеінтрыгі Андрэй Малахаў і Максім Галкін у ролях саміх сябе твар да твару выкажуць, што думаюць пра канкурэнта...

Тэлеканал «МІР» ударыць па бясснежнай дэпрэсіі некалькімі выпускамі «Фестывалю Аўтарадыё» і зборным «Канцэртам у падарунак». А незадоўга да бою курантаў гледачоў чакае зусім не прэзідэнцкі зварот, а касмічнае віншаванне з Новым годам — уключэнне проста з зямной арбіты.

Не здрадзіў сабе хіба што канал «НТБ-Беларусь», у якім паміж крымінальна-дакументальным цыклам «Следства вялі...», серыяламі «Адвакат» і «Марскія д'яблы» не адразу заўважныя фільмы «Зімовы круіз» і «Мая мама Снягурачка». Тое, што варта не прапусціць, — спецпраект «Супер Новы год», для якога канал пабудаваў адмысловы «дом выканання жаданняў». Гасцямі праграмы стануць таленавітыя дзеці — удзельнікі вакальнага і танцавальнага праектаў «Ты супер!» і «Ты супер! Танцы». Акрамя мноства песень ад юных і дарослых артыстаў, тэлевізійнікі абяцаюць прывезці «рэальнага» Дзеда Мароза з Вялікага Усцюга, а таксама спраўдзіць мары і зрабіць падарункі мноству самых розных людзей.

Дарэчы

Упершыню за даволі доўгі час ніводны з беларускіх каналаў не пакажа знакамітую «Іронію лёсу, або З лёгкай парай!». Калі вы (ну, раптам) яшчэ не вывучылі гэту лірычную камедыю на памяць, — не сумуйце: яе цэлых 6 (!) разоў паўторыць 31 снежня тэлеканал «Дом кіно».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота прадстаўлена прэс-службамі тэлеканалаў, а таксама з сацыяльных сетак

Загаловак у газеце: У дадатак да аліўе — песні, танцы і гумар

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.