Вы тут

Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у акцыі «Нашы дзеці»


Традыцыйна дабрачыннае свята з удзелам Прэзідэнта нашай краіны — цэнтральная падзея акцыі. Сёлета на галоўную ёлку было запрошана больш за 2300 дзетак ва ўзросце ад васьмі да чатырнаццаці гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Учора мерапрыемства прайшло ў Палацы Рэспублікі. Відаць, «прайшло» — не зусім дарэчнае тут слова. Прагрымела, пратанцавала!.. Задоўга да пачатку казачнага прадстаўлення ў холе Палаца было шумна, шматлюдна (хутчэй — шматдзетна) і весела. Дзеці і самі сябе забаўлялі — фатаграфаваліся з «жывымі» казачнымі персанажамі і ахвотна адгукаліся на запрашэнні аніматараў прыняць удзел у карагодзе, патанцаваць.


Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні прызнаўся, што напярэдадні вялікіх свят — Новага года, Нараджэння Хрыстовага, яму ўспамінаецца мінулае.

— Вы яшчэ дзеці, і ганарыцеся тым, што вы яшчэ дзеці, — параіў ён гасцям галоўнай ёлкі краіны. — У будучыні вы дзецьмі ўжо не будзеце, будзеце дарослымі. Усё ў вас будзе, але гэтага часу ў вас ужо не будзе. Ідучы на гэтую нашу пераднавагоднюю сустрэчу, якая ўжо стала традыцыйнай, успамінаў свае дзіцячыя гады. Безумоўна, яны былі іншыя. Яны былі шчаслівыя, гэтак жа, як і ваша дзяцінства.

Аляксандр Лукашэнка згадаў, што ў тыя часы было шмат недзіцячых клопатаў, была цяжкая праца. Такі быў час.

— Але ва ўсіх нас: і зараз у вас, і ў тых нас — дзяцей, — было агульнае, — адзначыў Прэзідэнт, — мы заўсёды з заміраннем сэрца чакалі гэта свята, Дзеда Мароза, які абавязкова павінен прыйсці і прынесці падарункі. Падарункі тады і цяпер — дзве вялікія розніцы. Але, кажуць, няважна, які падарунак, важная ўвага. І сёння мы, дарослыя, вы гэта бачыце, наколькі можам, імкнёмся дарыць вам падарункі, асабліва напярэдадні Новага года.

Прэзідэнт расказаў, што калісьці цацкі былі простыя і не для ўсіх даступныя. Сёння ж цацак шмат, яны вельмі розныя і развіваюць дзяцей:

— І мы гэтым ганарымся, — што змаглі сваім дзецям стварыць такую сітуацыю, такую абстаноўку, такое жыццё, пры якім яны будуць мець гэтыя цудоўныя цацкі.

Як адзначыў кіраўнік краіны, для бацькоў дзеці — самае лепшае:

— А для мяне, Прэзідэнта краіны, вы самыя прыгожыя і самыя разумныя дзеці. Вы ўсе — мае дзеці, за якіх я адказваю. І я ганаруся гэтым.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу дзетак на тое, як важна вучыцца. Так, школьная праграма вельмі насычаная і складаная, але трэба атрымаць веды.

— Бо крочыць у будучыню без ведаў, асабліва цяпер, немагчыма, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Жыццё стала нашмат больш складанае. І вам трэба гэта ўсё засвоіць. З іншага боку — мы робім і будзем рабіць усё для таго, каб гэта школьная праграма стала даступная, каб яна была аптымальная, каб настаўнікі і бацькі не навязвалі вам лішняга, каб вы акрамя вучобы ў школьныя гады маглі займацца спортам, знайшлі час для іншых мерапрыемстваў. І мы ў гэтым кірунку нямала зрабілі. Найбліжэйшыя гады будуць самымі сур'ёзнымі ў плане адукацыі. Тут мы павінны правесці важныя мерапрыемствы па ўдасканаленні нашай адукацыі, зрабіць яе нармальнай і адаптаванай да цяперашняга жыцця і жыцця будучага.

Аляксандр Лукашэнка таксама параіў дзецям бавіць менш часу з рознымі гаджэтамі.

— Гэта непазбежнасць для чалавека. Але я вам параіў бы часцей адрывацца ад гэтых камп'ютараў, гаджэтаў, бываць на свежым паветры, бачыць усё, што адбываецца вакол вас, не толькі праз інтэрнэт, а простым вокам, — сказаў кіраўнік краіны. Такім чынам можна захаваць сваю ўнікальнасць.

— Ведаю, вы разумныя, назіральныя і разумееце, што на Зямлі не ўсе вашы равеснікі могуць вось так прыйсці да Прэзідэнта на ёлку, пабываць у школе на школьнай ёлцы, у бацькоў на прадпрыемствах атрымаць падарункі, — адзначыў кіраўнік краіны. — Далёка не ўсе. Ёсць шмат месцаў на нашай планеце, дзе дзеці не проста галадаюць, а паміраюць з голаду. Я гэта кажу, каб мы з вамі пра гэта памяталі. Калі мы пра гэта будзем памятаць, мы будзем цаніць і мінулае, і сучаснасць, і будзем ствараць лепшую будучыню. Гэта вельмі важна. Мы стараемся, каб вы не толькі ганарыліся сваёй радзімай, але і збераглі яе, прымножылі тыя дасягненні, якія дастануцца вам ад цяперашніх пакаленняў. Гэта самая вялікая мая мара, і я думаю, вы яе абавязкова рэалізуеце.

Разам з дзецьмі кіраўнік краіны паглядзеў навагодняе прадстаўленне «Выкрадальнікі часу, або Як выратаваць Новы год».

Ну а дзеці падарылі Аляксандру Лукашэнку сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Гэта пано «Зімовыя забавы», на якім дзеці гуляюць у хакей, катаюцца на лыжах, каньках, санках, лепяць снегавую бабу; і арт-аб'ект «Казачніца» — навагодняя
ёлка, выкананая ў выглядзе паўмесяца з дрэва і скуры.

***

У склад дэлегацый на галоўную ёлку краіны ўключаны дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў; дзеці, што выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем'ях; выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў; дзеці з сем'яў бежанцаў; навучэнцы — пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў; навучэнцы, што дасягнулі поспехаў у грамадскай працы.

Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца сёлета з дзявятага снежня па дзясятага студзеня. Удзел у ёй прымаюць міністэрствы, ведамствы, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, канцэрны, банкі, грамадскія аб'яднанні. Акцыя прыцягвае ўвагу да праблем дзяцінства, аказвае падтрымку найменш абароненым катэгорыям дзяцей. На рэспубліканскім узроўні ў акцыю ўключана каля 15 тысяч дзяцей.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новы год яднае пакаленні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».