Вы тут

Кацярына Варганава: Пернік — душэўны прадукт


Яркі, насычаны пах духмянага імбірнага печыва пануе ў майстэрні. У імгненне вока водар, знаёмы з дзяцінства, пераносіць нас у навагоднюю казку. Туды, дзе хаваюцца пад махнатымі лапамі ёлкі падарункі, дзе рассыпаюцца цёплымі іскрамі бенгальскія агні і гучна выстрэльвае шампанскае… Так, імбірныя пернікі — безумоўны атрыбут зімовых свят.

"Алеся" сустрэлася з жанчынай, якая сваё кулінарнае захапленне ператварыла ў справу жыцця. Знаёмцеся: Кацярына ВАРГАНАВА, кіраўнік майстэрні Pernik.by.  


Вучоныя кажуць, што жанчыны праводзяць на кухні, сярод рондаляў і патэльняў, 8 паўнацэнных гадзін на тыдзень! Але для многіх кулінарыя — свядомы выбар. Напрыклад, як вы рашыліся адкрыць пернікавую майстэрню?

— Праца ў буйной карпаратыўнай кампаніі не прыносіла мне задавальнення, хоць я і зарабляла нядрэнныя грошы. Вечарамі адчувала сябе нібы выжаты лімон. Была на грані эмацыянальнага выгарання. І ў адзін момант усвядоміла — усё, хопіць! Хачу займацца любімай справай. Атрымліваць станоўчыя эмоцыі, задавальненне і, вядома ж, грошы.

Але за што ўзяцца? Паразважала — і падумалася: а чаму б не ператвараць сваё хобі ў бізнес? Роспіс пернікаў — маё захапленне. Пачала размалёўваць ласункі для сваіх дзетак, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. За гэтым заняткам магла правесці цэлы дзень, ад світання да змяркання, і гэта мне не надакучвала.

З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца напачатку?

— Прыйшлося паглыбіцца ў незнаёмы мне раней свет бізнесу. Адна справа рабіць кандытарскія вырабы для сябе, зусім іншая — наладзіць вытворчасць. Сертыфікаты, рэгламенты, папяровая цяганіна — сёння я ўспамінаю той час з усмешкай, а тады плакаць хацелася. Дзякуй маім родным і сябрам. Заўжды былі побач, падбадзёрвалі, запэўнівалі, што ўсё атрымаецца.

За кадрам сёння засталіся бяссонныя ночы, ваганні, сумневы, незлічоныя спробы. Адзінай формулы, як зрабіць бізнес паспяховым і прыбытковым, каб ён нават у шторм трымаўся на плыву, няма. Аднак у кіраўніка павінна быць рашучасць і моцная воля. Вельмі шмат залежыць ад каманды, якую ты сабраў. Таленавітыя, надзейныя людзі дапамогуць прыйсці да поспеху. Сваіх калег я называю "пернікавыя феі". У пякарні пануе добразычлівая, лёгкая атмасфера, прасякнутая творчасцю і душэўнасцю. Напэўна, менавіта таму нашыя пернікі такія смачныя (усміхаецца).

Што думаю наконт шанцавання, падарункаў лёсу? Ну, будзем рэалістамі. Шанцаванне — спрыяльны збег абставін. І яны не зваляцца на вас з неба, калі вы будзеце адпачываць на канапе. У 99 выпадках са 100 за поспехам стаіць доўгая, карпатлівая праца. У першую чаргу — над сабой. Калі чалавек развіваецца інтэлектуальна, узбагачаецца эмацыянальна і духоўна, у яго жыццё абавязкова прыйдуць і поспех, і грошы, і папулярнасць — тое, што ён хацеў атрымаць.

Сёння ў кожным супермаркеце можна купіць самае рознае печыва. Як вы лічыце, чаму вашыя пернікі карыстаюцца попытам?

— Наша галоўная перавага — натуральныя кампаненты слодыча: мука, алей, мёд. Ніякай шкоднай хіміі, "ешак", араматызатараў — тых рэчываў, якімі часта грашаць вытворцы печыва. Калі я стала мамай, больш пільна пачала вывучаць састаў прадуктаў, бо, як любая жанчына, клапачуся пра здароўе сваіх дзетак. У нашай пякарні асаблівая ўвага надаецца менавіта якасці.

Вы заўважалі, што пернік ручной працы — не проста кандытарскі выраб. Гэта асоблівы прадукт — "пяшчотны", душэўны. Бо ў кожны слодыч мы ўкладаем часцінку сваёй душы. Нашы пернікі могуць здзівіць, выклікаць усмешку, расчуліць, прычым як дзяцей, так і дарослых.

— У майстэрні можна набыць салодкія падарункі на ўсе выпадкі жыцця: вяселле, дзень нараджэння, 8 сакавіка. Якія заказы самыя папулярныя?

— Самая гарачая пара ў нас пачынаецца перад зімовымі святамі. На піку папулярнасці — імбірныя пернікі, бо гэта неад'емны атрыбут Калядаў і Новага года. Рукавічкі і ялінкі, снегавікі і снягурачкі, зорачкі і зайчыкі — тэматычныя вырабы ідуць на "ура". У дабавак, мы заўжды знаходзімся ў пошуку новых творчых ідэй і рашэнняў. Наша навінка — наборы пернікаў, якія можна размаляваць самастойна. Уявіце, наколькі гэта аб’ядноўвае! Бацькі і дзеці адкладаюць смартфоны, адыходзяць ад тэлевізара, збіраюцца за адным сталом і бавяць час разам.

Для дзетак такі занятак не толькі цікавы, але і карысны. Роспіс развівае дробную маторыку, дапамагае раскрыцца творчым здольнасцям. Паверце, дзеці і дарослыя атрымаюць масу пазітыўных эмоцый! У нашых наборах вы знойдзеце пернікі і ўсё неабходнае для іх упрыгожвання: харчовую глазуру, дэкаратыўныя пасыпкі, кандытарскі пакет і інструкцыі па прыгатаванні розных кампанентаў. Не хочаце стандартных рашэнняў — праяўляйце фантазію!

Ці ўлічваеце вы старадаўнія беларускія традыцыі?

— Пернікі — адны з самых старажытных кандытарскіх вырабаў. Гісторыя іх паходжання сыходзіць углыб тысячагоддзяў. У старажытныя часы прысмакі гатавалі з сумесі мёду, жытняй мукі, ягаднага соку. Непаўторны густ і водар печыву надавалі  вострыя прыправы. Нашыя продкі выпякалі пернікі ў самыя важныя моманты жыцця: дзень нараджэння, вяселле, сяўба, жніво. Рэцэпты перадавалі з пакалення ў пакаленне, і кожная сям'я старалася захаваць таямніцы свайго кулінарнага вырабу.

Мы шануем старадаўнія традыцыі кулінарнага рамяства, у аснове якіх — выкарыстанне толькі натуральных прадуктаў. І дабаўляем свае варыянты ўпрыгожвання пернікаў, новыя тэхнікі роспісу. Ствараем не проста слодыч, а сапраўдны твор мастацтва. Ёсць нават пернікі-карціны. Такую рэч есці шкада, ды і не трэба. Станоўчыя эмоцыі яна вам падорыць, нават калі проста ей любавацца.

Бізнес звычайна патрабуе поўнай аддачы. Родныя не крыўдуюць?

— Працоўны дзень арганізую так, каб паспяваць усё. Вядома, як кожнай жанчыне, мне хочацца больш часу праводзіць з мужам і дзецьмі. Але бізнес дыктуе свае правілы гульні — ты кіраўнік і нясеш адказнасць за людзей, прадукцыю,  планы, кантракты. Аднак імкнуся, каб вольны час на асабістае жыццё быў і ў мяне, і ў маіх супрацоўнікаў. Субота і нядзеля — выхадныя дні, прысвячаю іх родным. У нашай сям'і ёсць свае правілы:  субота — дзень мамы і таты. Мы з мужам бавім час удваіх, ходзім у кіно, тэатр, кавярні, сустракаемся з сябрамі. А вось чым заняцца ў нядзелю, "камандуюць" дзеці!

Што для вас значыць "добры адпачынак"?

— Наведванне аквапарка, новае кіно, вячэрнія спевы пад гітару, ды і проста размовы з сяброўкамі па душах — гэтыя няхітрыя рэчы прыносяць мне задавальненне і сапраўдны адпачынак. Падабаецца шпацыр па мінскіх вулачках і парках: узбадзёрваешся, усміхаешся, і настрой узнімаецца. Прыгажосць вакол нас! Не забывайцеся падымаць вочы ўгору і глядзець на аблокі.

Ведаеце, ёсць такое выказванне: "Выберы сабе працу па душы — і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці". Калі любіш сваю справу — гэта таксама адпачынак. Таму скажу: не бойцеся перавярнуць сваё жыццё на 180 градусаў, каб знайсці сябе і свой шлях. Так, цяжкасці будуць, але ўпэўненая: знойдуцца і сілы для іх пераадолення. Толькі займаючыся любімай справай, жанчына будзе з кожным днём усё больш прыгажэць, раскрывацца, як вясновая кветка.


Рэцэпт смачнага і простага ў прыгатаванні імбірнага печыва ад майстэрні Pernik.by

 Вам спатрэбіцца:

  • 1 кубак мяккага сметанковага масла;
  • ½ кубка карычневага цукру;
  • ⅓ кубка мёду;
  • ⅛ чайнай лыжкі харчовай соды;
  • ½ чайнай лыжкі карыцы;
  • ½ чайнай лыжкі молатага імбіру;
  • ½ чайнай лыжкі молатай гваздзікі;
  • 2 ⅔ шклянкі мукі.

Разагрэйце духоўку да 175°C. Узбіце сметанкавае масла з цукрам. Дабаўце туды мёд і змяшайце да аднароднасці. Дарэчы, калі хочаце, каб у пернікаў быў насычаны смак і цёмны колер, выкарыстоўвайце грэцкі мёд.

Змяшайце вострыя прыправы (дабаўце іх на свой густ) з содай і высыпце ўсё ў цеста. Невялікімі порцыямі ўмешваеце прасеяную муку. Калі цеста стане аднародным, падзяліце яго на некалькі частак. Кожны кавалачак раскатайце ў ліст таўшчынёй прыкладна 2 см. Абгарніце іх харчовай плёнкай і адпраўце ў лядоўню на 1-2 гадзіны.  Астуджаныя кавалкі цеста раскатайце яшчэ танчэй. Выражце печыва формачкамі, выкладзіце на бляху і выпякайце 12-15 хвілін.

Пакуль печыва румяніцца ў духоўцы, не марнуйце часу, а зрабіце глазуру. Масла растапіце ў сатэйніку, выліце ў яго малако, дабаўце цукар. Кіпяціце адну хвіліну. Цукрова-масляную сумесь зніміце з агню і астудзіце, усыпце дробку ванілі. Глазура гатовая. Калі ў вас няма кандытарскага мяшочка  або кандытарскага шпрыца з адмысловай насадкай — не бяда. Можаце проста нанесці глазуру на ўсю паверхню печыва або скруціць мяшочак (русск. "кулёк") з паперы для выпечкі і з дапамогай яго акуратна нанесці ўзоры.

Дайце вашаму шэдэўру некалькі хвілін падсохнуць.

Смачна есці! 

Гутарыла Хрысціна ХІЛЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне.

Грамадства

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый».